Выданне Rzeczpospolita піша пра выбары ў Францыі. Крайне правыя сілы яшчэ не возьмуць улады, але такая магчымасць павінна ацвярозіць усіх, хто ў Польшчы выкарыстоўвае лозунгі пра выхад з Еўрапейскага Саюза, мяркуючы, што могуць гэта рабіць беспакарана – мяркуе каментатар выдання Артур Барткевіч.
Можа аказацца, што кааліцыя лібералаў і левых сілаў пракладзе шлях Нацыянальнаму Задзіночанню Марын Ле Пэн да прэзідэнцтва ў 2027 годзе. Справа ў тым, што яе групоўка не будзе несці коштаў кіравання дзяржавай і на працягу двух гадоў яна зможа казаць, што палітычныя апаненты пайшлі супраць волі французаў і «скралі» перамогу правых. Калі за гэты час Эмануэль Макрон і яго каманда не знойдуць адказаў на важнейшыя праблемы французаў, тады мы зможам убачыць Марын Ле Пэн у Елісейскім палацы.
А якім прэзідэнтам яна будзе, мы здагадваемся, слухаючы яе выказванні. Напрыклад, пра тое, што Францыя пад яе кіраўніцтвам не дазволіць Украіне выкарыстоўваць заходняе ўзбраенне дзеля нападаў на расійскую тэрыторыю. Раней яна казала, што Украіна знаходзіцца ў зоне ўплываў Расіі. Акрамя таго, Ле Пэн можа пачаць адсоўваць Францыю ад ЕС. І гэта нясе пагрозу Польшчы, пра якую варта ўжо цяпер задумацца.
Можа здарыцца, што polexit (выхад Польшчы з ЕС – рэд.), пра які рэгулярна згадвае частка правых сілаў у Польшчы, здарыцца не па ініцыятыве палякаў, а зробяць гэта за іх іншыя. Калі ў Еўропе прыйдуць да ўлады нацыяналісты і правыя папулісты, значна зменшыцца маштаб рэалізацыі агульнаеўрапейскіх інтарэсаў. Калі Францыя вернецца да прынцыпу business as usual з Расіяй, французы могуць згадзіцца на шмат, каб расійскія танкі стаялі на Бугу, а не на Сене і каб не ўпаў іх узровень жыцця.
пераклад нг