Польшча перастала прапускаць грузавікі праз пераход Кукурыкі – Казловічы з Беларусі, паведамляе Беларускі мытны камітэт.
Польскі бок аспрэчвае гэтую інфармацыю, прэс-служба Краёвай мытнай адміністрацыі заяўляе, што пераход працуе.
«Памежны кантроль праводзіцца. Праверкі скрупулёзныя, што робіць кантроль больш працяглым. Падчас санкцыяў, мы павінны старанна правяраць тое, што трапляе на тэрыторыю ЕС», – заяўляе прэс-служба Краёвай мытнай адміністрацыі.
Як расцаніць гэтую інфармацыю з пункту гледжання звычайных беларусаў, з пункту гледжання Лукашэнкі, і з пункту гледжання Польшчы?
З абмежаваннямі ўезду з Беларусі ў Польшчу комплексная праблема, – кажа кандыдат палітычных навук Варшаўскага ўніверсітэту Павел Усаў:
Павал Усаў
- З таго, што паведамляюць медыя, у Польшчу ўжо цалкам забаронены ўвоз цыгарэтаў і алкаголю. Таксама забаронены ўезд легкавых аўтамабіляў без уладальніка, то бок, на даверанасць. Уладальнік машыны мусіць быць ці ў салоне ці за стырном. Гэта комплексныя абмежаванні, якія ўдараць па простых грамадзянах, якія жылі з памежнага гандлю з палякамі. Гэтыя абмежаванні з'яўляюцца ў пэўным сэнсе ідэалагічнай кампенсацыяй за тое, што польскі бок не можа цалкам абмежаваць транзіт з Беларусі ў Польшчу і ў Еўропу. Беларусы мусяць па 30-50 гадзін стаяць на мяжы, бо Польшча стала адзіным калідорам у Еўропу пасля таго, як Літва закрыла мяжу з Беларуссю.
Можна меркаваць, што гэта мэтанакіраваныя дзеянні супраць беларусаў?
– Я не думаю, што гэта мэтанакіраванае дзеянне, я думаю, што гэта сведчанне бездапаможнасці Польшчы, Літвы і Еўрасаюза. Сітуацыя будзе працягвацца паколькі няма эфектыўных эканамічных інструментаў барацьбы непасрэдна з рэжымам Лукашэнкі, таму ўводзяцца сістэмныя агульныя шырокія санкцыі супраць Беларусі, а гэта азначае, што і супраць грамадзян.
Паводле Усава падобныя абмежаванні ніякім чынам не наносяць шкоды Лукашэнку, а заходнія санкцыі маюць сэнс толькі адносна да Лукашэнкі. Аднак атрымліваецца так, што гэта санкцыі супраць Беларусі і ў выніку, краіна ўпадае ўсё ў большую залежнасць ад Масквы.
Сёння мінае 30 гадоў з дня, як Аляксандр Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам Беларусі на першых і апошніх дэмакратычных выбарах. Ужо 30 гадоў ён трымаецца за ўладу. Ці беларусы заслужылі такога прэзідэнта? Толькі чатыры гады таму беларусы масава выйшлі на вуліцы супраць яго, раней ён ім не надта перашкаджаў.
Калі б бальшыня беларусаў выйшла на вуліцы, то рэжыму Лукашэнкі і не было б, упэўнены Павел Усаў.
- Калі б людзі масава выходзілі на вуліцы, калі б страйкавалі, то сітуацыя ў Беларусі была б зусім іншай. А таму, што большасць намагалася перачакаць, паглядзець як пратэсты будуць зрынаць Лукашэнку, людзі працавалі нягледзячы на байкоты, ультыматумы, забастоўкі, то і так атрымалася, што Лукашэнка змог утрымаць уладу і развязаць тэрор.
Ці беларусы заслужылі сабе Лукашэнку?
«Людзі пасля Савецкага Саюза былі пазбаўлены крытычнага мыслення выбіралі тое, што ім падавалася больш прываблівым і блізкім для іх разумення», – тлумачыць Усаў прычыны перамогі Лукашэнкі ў 1994 годзе і дадае, што зараз за памылкі дзядоў, бабуль і бацькоў расплачваюцца ўнукі.
- Нельга так казаць, што беларусы заслужылі ці не заслужылі на Лукашэнку. Напрыклад я заслужыў на такога прэзідэнта? Я галасаваў за іншага кандыдата – за Зянона Пазняка, ці мая жонка, ці мае сваякі, якія не галасавалі за Лукашэнку, а за іншых дэмакратычных палітыкаў. Такая была гістарычная рэчаіснасць і непадрыхтаванасць грамадства да дэмакратыі, якое не разумела каштоўнасці дэмакратыі. Пэўная частка да сённяшняга дня не разумее ані каштоўнасці дэмакратыі, ані незалежнасці.
яс