Беларуская Служба

Амаль ¾ апытаных жыхароў Польшчы выступае за закрыццё чыгуначных пераходаў з Беларуссю

11.07.2024 12:16
Высокапастаўленыя чыноўнікі польскага ўраду раней заяўлялі, што магчымасць поўнага закрыцця мяжы бярэцца пад увагу.
Мяжа Польшчыtwitter.com/Straz_Graniczna

У выданні Rzeczpospolita чытаем: 71,8% апытаных жыхароў Польшчы лічаць, што дзяржава павінна перакрыць чыгуначныя КПП з Беларуссю, каб прымусіць рэжым Лукашэнкі пайсці на саступкі, каб ён, між іншым, вызваліў палітвязняў або спыніў напады на мяжы. Толькі 13,2% маюць іншае меркаванне, а 15,1% не маюць свайго меркавання.

Апытанне правёў Цэнтр даследавання грамадскай думкі IBRiS на замову Rzeczpospolita. Яно апублікаванае ў свежым нумары выдання. Вынікі паказваюць, што 39,9% цалкам згодныя, што трэба спыніць чыгуначнае злучэнне з Беларуссю, а 31,9% – хутчэй згодныя.

Высокапастаўленыя чыноўнікі польскага ўраду раней заяўлялі, што магчымасць поўнага закрыцця мяжы бярэцца пад увагу, пра гэта казаў, у прыватнасці, міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі.

«Такім чынам яны хочуць прымусіць беларускага дыктатара спыніць штучна выкліканы міграцыйны ціск на мяжы, у выніку якога загінуў польскі жаўнер», – тлумачыць выданне.

«Яны таксама патрабуюць ад уладаў гэтай краіны вызваліць вязняў сумлення, у тым ліку аднаго з лідараў польскай меншасці Анджэя Пачобута», – дадае Rzeczpospolita.

Апытанне было праведзенае метадам CATI 5-7 ліпеня гэтага году на групе 1070 рэспандэнтаў.

нг