На саміце ў Вашынгтоне лідары НАТА вырашылі прадставіць Украіне пакет дапамогі на суму не менш за 40 мільярдаў еўра. Таксама было заяўлена, што ў бліжэйшы час Украіна атрымае самалёты F-16.
9-11 ліпеня ў амерыканскай сталіцы адбыўся юбілейны саміт Паўночнаатлантычнага альянсу. Удзельнікі святкавалі 75 гадавіну стварэння пакту. Аднак, ключавой тэмай сустрэчы стала вайна ва Украіне ды механізмы дапамогі для гэтай дзяржавы.
Пры гэтым самі ўкраінцы спадзяваліся атрымаць запрашэнне ўступіць ў шэрагі арганізацыі, але гэтага не адбылося. У сумеснай дэкларацыі па выніках саміту было сказана толькі, што Украіна знаходзіцца на «незваротным шляху» да сяброўства ў Альянсе. НАТО таксама вітала «канкрэтны прагрэс», які Украіна дасягнула пасля Віленскага саміту 2023 у дачыненні да неабходных дэмакратычных, эканамічных рэформаў і рэформаў у галіне бяспекі.
Альянс паабяцаў яшчэ аказваць Украіне доўгатэрміновую дапамогу ў галіне бяспекі. У Вашынгтоне лідары НАТА вырашылі прадставіць Кіеву пакет падтрымкі на суму не менш за 40 мільярдаў еўра. Гэта не зробіць НАТО бокам канфлікту, але дапаможа Украіне захаваць права на самаабарону, запэўніў кіраўнік Альянсу Енс Столтэнбэрг.
- Мы ўзгаднілі фінансавае абавязацельства дапамагчы Украіне стварыць сілу, якая зможа спыніць расійскую агрэсію сёння і перамагчы яе заўтра. Мы дамовіліся, што 40 мільярдаў еўра – гэта мінімальны парог на наступны год. Мы дамовіліся збалансавана падтрымліваць Украіну для перамогі.
Як дадаў Енс Столтэнбэрг, цяпер за пытанне паставак дапамогі Украіне будзе адказваць НАТО ў цэлым, а не ЗША
- Мы возьмем на сябе каардынацыю і закупку большасці міжнароднай дапамогі ў галіне бяспекі Украіне. Камандаванне будзе ўзначальваць трохзоркавы генерал, а 700 чалавек будуць працаваць у штабе ў Германіі і ў цэнтрах NATO на ўсходзе, каб аказваць дапамогу Украіне.
У сваю чаргу ЗША абвясцілі, што ва Украіну пачалі паступаць машыны F-16. Пра гэта сказаў амерыканскі Дзяржсакратар Энтані Блінкен.
- Я рады абвясціць, што пачалася перадача самалётаў F-16, гэта машыны з Даніі ды Галандыі. Гэтыя самалёты з’явяцца ва ўкраінскім небе што гэтым летам, каб украінцы маглі больш эфектыўна бараніцца ад расійскай агрэсіі.
Вядома, што Данія і Нідэрланды ўжо пачалі працэс перадачы Украіне заходніх знішчальнікаў F-16. падчас саміту таксама Нарвегія абвясціла, што перадасць Украіне яшчэ шэсць знішчальнікаў F-16. «Да канца года ва Украіне будзе больш за 14 самалётаў F-16», спадзяюцца ўкраінскія эксперты.
У НАТА ёсць разуменне, што сярод украінцаў з'явілася расчараванне адсутнасцю выразнага сігналу адносна сяброўства ў НАТА і павольнай перадачай зброі. Таму прадстаўнікі Альянсу казалі пра поўную рашучасць працягваць дапамагаць Украіне. Гаворыць дырэктар па еўрапейскіх справах Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Майкл Карпентэр.
- Я разумею расчараванне ўкраінцаў працяглым ходам гэтай вайны. Рэальнасць такая, што мы аказалі дапамогу на больш чым сто мільярдаў долараў. Калі браць пад увагу вайсковую, гуманітарную і эканамічную дапамогу, то гэта надзвычай высокая сума. Але мы поўныя рашучасці рабіць больш.
У сваю чаргу, украінскае кіраўніцтва дзякавала прэзідэнту ЗША, абедзвюм палатам Кангрэсу, палітычным партыям і ўсяму амерыканскаму народу за нязменную падтрымку Украіны падчас поўнамаштабнага расійскага ўварвання.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч