Беларускі ўзурпатар нечакана паведаміў, што адводзіць войскі з украінскай мяжы, бо знікла напружанасць з украінскага боку. Даволі нетыповы крок для рэжыму ў Мінску, якія паўтараў не раз, што Украіна справакавала вайну і стварае пагрозу для бяспекі Беларусі. Цяпер дыктатар у Мінску хоча з Украінай мірыцца. Эксперт бачыць у гэтым страх Лукашэнкі трапіць пад украінскія ўдары на беларускую нафтаперапрацоўку.
Лукашэнка паведаміў, што Украіна «адвяла сваё войска і дадатковыя войскі, якія былі перакінутыя да мяжы з Беларуссю». У адказ на гэта ўзурпатар загадаў спыніць праверку баявой гатоўнасці беларускіх часцей, якія былі высунутыя на мяжу з Украінай. Лукашэнка загадаў вярнуць беларускія войскі ў месцы пастаяннай дыслакацыі.
Таксама мінскі рэжым заяўляе, што плануе абмеркаваць з Пуціным «далейшыя крокі па Украіне». Ён лічыць, што Маскве і Кіеву трэба «хутчэй дамаўляцца» аб спыненні агню. Што стаіць за зменай рыторыкі? Пра гэта мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.
- Гэта звязана са зменай стратэгіі Расіі, а не выключна рашэння Лукашэнкі. Да апошняга моманту чакалася, што Расія будзе ўзнаўляць другі фронт з тэрыторыі Беларусі, каб адцягнуць украінскія войскі з усходняга і паўднёвага накірунку. Цяпер Крэмль не мае дастаткова сіл, каб сканцэнтраваць ударную групу ў Беларусі. Масква цяпер засяродзілася на атаках на Усходзе Украіны, каб захапіць як мага больш тэрыторый Луганскай і Данецкай абласцей, весці абстрэлы Харкава. Расія канцэнтруе свае сілы на гэтым, што змяншае важнасць Беларусі. Сам жа Лукашэнка баіцца таго, што Украіна атрымала дазвол ад Захаду на выкарыстанне заходняй зброі для нанясення ўдараў па вайсковых аб’ектах на расійскай тэрыторыі. Гэта азначае, што гэтая ж зброя можа быць выкарыстана для ўдараў па ваенных аб’ектах у Беларусі. Лукашэнка не хоча дражніць Украіну, на вайну з гэтай дзяржавай у яго няма рэсурсаў.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле