Дзейны прэзідэнт Джо Байдэн у нядзелю абвясціў аб сваёй адстаўцы з кандыдатуры на пасаду прэзідэнта ЗША. У той жа час ён выказаў сваю падтрымку цяперашняй віцэ-прэзідэнт Камале Харыс.
Чакаецца, што Джо Байдэн абвесціць падрабязнасці свайго рашэння ў бліжэйшыя дні. Новы кандыдат у прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі можа быць абвешчаны толькі на з'ездзе дэмакратаў, які пройдзе 19 жніўня ў Чыкага. Прэзідэнцкія выбары пройдуць 5 лістапада.
Рашэнне 81-гадовага прэзідэнта Джо Байдэна адмовіцца ад барацьбы за другі тэрмін у Белым доме было нечаканым пасля некалькіх тыдняў супраціўлення заклікам многіх дэмакратаў сысці з пасады. Паводле асноўных амерыканскіх СМІ, гэта выклікала хаос і шок.
Як адзначае New York Times, абвешчанае ў нядзелю рашэнне Байдэна адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе на фоне ціску з боку яго бліжэйшых саюзнікаў і на фоне асцярог, што ён занадта слабы і стары, каб перамагчы Дональда Трампа, выклікала хаос.
The Washington Post адзначыла, што заява Байдэна выклікала шок у палітычным свеце. «Гэта кінула Дэмакратычную партыю ў беспрэцэдэнтную гонку за вылучэнне новага кандыдата супраць былога прэзідэнта Дональда Трампа», – падкрэслівае выданне. Заява прэзідэнта стала шокам нават для многіх яго памочнікаў і дарадцаў. Як піша газета, адстаўка Байдэна ставіць яго партыю ў амаль беспрэцэдэнтную сітуацыю за некалькі месяцаў да выбараў 5 лістапада.
Дэмакраты лічаць Дональда Трампа экзістэнцыяльнай пагрозай для дэмакратыі. Па словах доктара Катажыны Манішэўскай з Collegium Civitas, для Камалы Харыс – як жанчыны – супрацьстаянне Дональду Трампу на прэзідэнцкіх выбарах можа быць цяжкім выклікам. Катажына Малішэўска падкрэсліла ў эфіры Польскага радыё 24, што Дональд Трамп стварае свой вобраз моцнага лідара:
-Амерыцы патрэбны моцны лідар. Я не сумняюся, што жанчына з гэтым бы справілася. Але ці большасць амерыканцаў так будзе ацэньваць гэтую кандыдатку? Гэта вялікі пытальны знак. Тым больш, што прэзідэнт Трамп паказаў сябе апошнімі днямі як моцны лідар, які «не кланяецца кулям». Гэта сімвалічна, з канкрэтыкай не мае нічога супольнага.
Палітолаг з Варшаўскага ўніверсітэту Томаш Сломка лічыць, што Камала Харыс працягне замежную палітыку Джо Байдэна. У эфіры Польскага радыё 24 прафесар факультэта паліталогіі і міжнародных даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта адзначыў, што віцэ-прэзідэнтка ЗША ўжо набыла вопыт, які дазволіць ёй выконваць уладу:
-Нас найперш цікавіць, якой будзе замежная палітыка новай адміністрацыі. Мне здаецца, яна добра разумее працэс замежнай палітыкі, якую вёў Джо Байдэн. Яна правяла шматлікія замежныя падарожжы, шматлікія сустрэчы. З гэтага пункту гледжання, я думаю, быў бы працяг палітыкі.
Дэмакраты павінны як мага хутчэй вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты, лічыць дырэктар аналітычнага бюро Фонду Пуласкага Томаш Смура. Ён адзначае, што адсутнасць кандыдата не ўплывае пазітыўна на імідж Дэмакратычнай партыі:
-Поўная падтрымка партыі і спонсараў абсалютна патрэбная, каб перамагчы ў выбарах у ЗША. Кожны дзень спекуляцый у любы бок не дапамагае Дэмакратычнай партыі. Партыя павінны выбраць і кропка. Спекуляцыі шкодзяць. На выбарах у ЗША перамагаюць тыя, за кім партыя стаіць мурам.
У інтарэсах іміджу Дэмакратычнай партыі, каб партыя выступала за кандыдатуру Камалы Харыс на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША, лічыць эксперт па справах Амерыкі Бартламей Кот з фонду Пуласкага. Паводле яго, разгляд іншага кандыдата можа паўплываць на вынікі выбараў у Кангрэс:
-Адмова ад кандыдавання, думка аб узмацненні Дэмакратычнай партыі выводзілася з пераканання, што Камала Харыс сапраўды можа быць вартасным кандыдатам, на якім Дэмакратычная партыя можа засяродзіцца. Крытыка з боку ўплывовых у партыі людзей магла б пашкодзіць не толькі выбарчай кампаніі, але і самой партыі, а ў перспектыве і выбарам у Кангрэс.
Усё ж прыхільнасць Джо Байдэна да асобы Камалы Харыс не дае поўнай упэўненасці, што гэта яна стане новым кандыдатам. Нельга выключыць, што на партыйных правыбарах можа паявіцца іншы кандыдат. У любым выпадку новы кандыдат Дэмакратычнай партыі будзе абраны падчас дэмакратычнага галасавання.
Член Палаты прадстаўнікоў Лойд Доггэт, дэмакрат ад Тэхаса, які першым публічна заклікаў прэзідэнта Байдэна адмовіцца ад удзелу ў выбарах, сказаў, што, хаця віцэ-прэзідэнт Харыс зʼяўляецца вядучым кандыдатам, партыя павінна быць «адкрытай для іншых таленавітых людзей».
Пляменнік прэзідэнта Джона Кенэдзі Роберт Ф. Кенэдзі-малодшы, незалежны кандыдат у Белы дом, заклікаў Дэмакратычную партыю правесці «адкрыты» працэс вылучэння новага кандыдата, а не «зноў маніпуляваць працэсам вылучэння, каб паставіць манументальна непапулярную віцэ-прэзідэнт Харыс на месцы прэзідэнта Байдэна».
CNN, у сваю чаргу, падкрэслівае, што Харыс можа стаць першай чарнаскурай жанчынай і першай амерыканкай азіяцкага паходжання, якая ўзначаліць выбарчую гонку ад буйной палітычнай партыі.
Нагадаем, асобным дэлегатам ад Дэмакратычнай партыі трэба будзе выбраць кандыдата ад партыі альбо падчас віртуальнага галасавання, якое папярэдне запланавана на пачатак жніўня, альбо на зʼездзе партыі ў Чыкага, які пройдзе 19-22 жніўня.
CNN таксама цытуе рэакцыю Дональда Трампа на рашэнне Байдэна. Кандыдат у прэзідэнты ад рэспубліканцаў назваў Байдэна «найгоршым прэзідэнтам у гісторыі краіны».
ав
слухайце аўдыё