У Кіеве прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная стварэнню Грамадскага руху «Каліноўцы». Новая ініцыятыва ствараецца з удзелам байцоў Палка імя Кастуся Каліноўскага. У паведамленні, разасланым СМІ перад брыфінгам, было зазначана, што новая структура – гэта «пачатак беларускага нацыянальна-вызвольнага руху».
Канферэнцыя адбылася ва Украінскім крызісным медыя-цэнтры ў Кіева. У ёй прынялі ўдзел намеснік камандзіра палка імя Каліноўскага Вадзім Кабанчук, былы камандзір палка, адзін са стваральнікаў і лідараў Грамадскага руху «Каліноўцы» Дзяніс Прохараў, палітычны прадстаўнік палка Дзмітрый Шчыгельскі і кіраўнік праекту «Беларускі дрон» Ігар Турцэвіч.
У паведамленні арганізатараў гаворыцца, што мэта стварэння Грамадскага руху «Каліноўцы» як аб'яднання прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў і беларускіх добраахвотнікаў – «вызваленне Беларусі ад калабарацыянісцкага рэжыму Лукашэнкі, а таксама аднаўленне канстытуцыйнага ладу ў Рэспубліцы Беларусь пасля нападу з яе тэрыторыі 24 лютага 2022 года».
Намеснік камандзіра падраздзялення Вадзім Кабанчук сказаў, што Полк імя Каліноўскага – гэта не толькі вайсковы, але і грамадска-палітычны праект.
- На апошніх палкавых зборах было прынятае рашэнне, што Полк імя Кастуся Каліноўскага – гэта вайскова-грамадскі праект, які ўключае ў сябе дзейсных і былых вайскоўцаў у краінах Еўропы і ва Украіне.
Дзяніс Прохараў зазначыў, што адна з мэтаў Руху – аб’яднанне рэсурсаў беларускіх ваенных і ваенізаваных арганізацый.
- Мэта нашага руху – гэта аб’яднанне магчымасцяў і рэсурсаў беларускіх ваенізаваных і вайсковых аб’яднанняў ды ініцыятыў, а таксама прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў для аднаўлення дэмакратычнага і канстытуцыйнага ладу ў Рэспубліцы Беларусь пасля спынення расійскай агрэсіі супраць Украіны.
У сваю чаргу Дзмітрый Шчыгельскі падкрэсліў, што рух ствараецца не супраць некага, а для таго, каб разам змагацца з рэжымам Лукашэнкі.
- Я хачу падкрэсліць, што стварэнне руху «Каліноўцы» ні ў якім разе не канфрантацыйнае. Мы накіраваныя на прадуктыўнае супрацоўніцтва з усімі інстытуцыянальнымі структурамі. Гэта не супраць каго-небудзь – гэта не супраць Офісу Святланы Ціханоўскай альбо Аб’яднанага пераходнага кабінету. Гэта за тое, каб разам дамагчыся тых мэтаў, якія ёсць у нас агульныя: гэта вяртанне ў Беларусь, знос рэжыму Лукашэнкі, дэакупацыя, транзітны перыяд Беларусі і шлях краіны да празаходняга, еўрапейскага, дэмакратычнага, нацыянальнага развіцця.
У якасці адной з мэт Грамадскага руху «Каліноўцы» Дзмітрый Шчыгельскі абазначыў змену ментальнасці беларусаў і падрыхтоўку да рэвалюцыі, то бок сілавой канфрантацыі з рэжымам Лукашэнкі.
- Асноўная задача Руху «Каліноўцы» – гэта змена ментальнасці беларускага грамадства і разуменне таго, што без прынцыпова новых метадаў барацьбы, бо старыя метады не працуюць, не ўдасца дасягнуць сваіх мэтаў. Неабходны кінетычны кампанент, сілавы, і трэба рыхтавацца да рэвалюцыі. І трэба, каб людзі ў Беларусі, бо без беларускага грамадства мы нічога не зробім, былі гатовыя, перш за ўсё псіхалагічна, да таго, што ў іх ёсць права на змаганне, у тым ліку на ўзброенае змаганне, і на захаванне, у тым ліку праз сілу, годнасці, дэмакратыі і права народа вызначаць свой лёс.
Палітычны прадстаўнік Палка імя Каліноўскага таксама паведаміў, што згаданае ваеннае падраздзяленне і Рух «Каліноўцы» – гэта пачатак беларускай нацыянальнай арміі і сілавых структур.
- Рух «Каліноўцы», Полк імя Каліноўскага – гэта зачак новай беларускай нацыянальнай арміі – не постсавецкай, не акупацыйнай, а нацыянальнай. І нацыянальных сілавых структур. Я лічу, што гэта галоўная ролю руху і палка на транзітны перыяд.
Падчас прэс-канферэнцыі яе ўдзельнікі неаднаразова заяўлялі, што Грамадскі рух «Каліноўцы» – гэта не канкурэнцыя адносна іншых беларускіх структур, а наадварот – яны адкрытыя на супрацоўніцтва з усімі беларускімі арганізацыямі ў барацьбе з дыктатурай Лукашэнкі за дэмакратычную Беларусь.
вс
слухайце аўдыёфайл