Беларуская Служба

Палітолаг І. Тышкевіч: Ці будзе Расія прымяняць у Курскай вобласці тактыку «выпаленай зямлі» і як да гэтага паставяцца расіяне?

14.08.2024 07:05
Палітолаг Ігар Тышкевіч тлумачыць, у чым для Украіны каштоўнасць «маленькай перамогі» ў Курскай вобласці, у якія пасткі патрапіў Пуцін.
Аўдыё
  • Украінскія гарады яны захоплівалі пасля таго, як горад дэ-факта пераставаў існаваць. Але адна справа, калі ты так атакуеш украінскае паселішча, а зусім іншая, калі так атакуеш расійскае.
    .
Наступствы расійскага абстрэлу на Палтаўшчыне.ДСНС України

Слухайце размову ў далучаным файле!

Шмат было апошнім часам размоў пра падзенне матывацыі людзей абараняць Украіну, настроі ў сацыяльных сетках кардынальна адрозніваецца ад настрояў 2022-га года. Цяпер кажуць, што «курская аперацыя» дае натхненне. Адказваючы на пытанне, ці зменіцца сітуацыя з мабілізацыяй, палітолаг Ігар Тышкевіч падкрэслівае, што глабальнай праблемы, як тое можа падацца звонку, няма.

— На жаль, але напрыканцы 2022 года Украіна зрабіла памылку ў інфармацыйнай палітыцы і падсадзіла на расійскія крыніцы інфармацыі частку свайго насельніцтва. Гэта першы складнік. Людзі хацелі добрых навін, і чыталі іх з расійскіх паблікаў. Калі тваё насельніцтва карыстаецца ў якасці крыніц інфармацыі рэсурсамі твайго ворага, ці можа вораг уплываць на настроі, гэта другі складнік. І трэці складнік: адсутнасць добрых навін працяглы час. Гэта дэматывуе любое грамадства. Паглядзіце на беларускае грамадства, калі не атрымалася перамогі, рэвалюцыі за пару месяцаў.

Паколькі былі праблемы ў частцы настрояў, натуральна, Расія вырашыла на гэтым згуляць. Але мабілізацыя не спынялася, яна праводзіцца ўвесь час. Напрыканцы мінулага года была цяжкая сітуацыя, гэтыя графікі (мабілізацыі, — рэд.) не выконваліся. Да часткі насельніцтва, якая і так не была гатовая ваяваць, дадаўся ўплыў расійскай Федэрацыі.

Як бы там ні было, але Прыгожын – спецыяліст па інфармацыйных аперацыях. І вагнераўцы не дарма рэзалі галовы палонным на камеру. Ва ўкраінскім грамадстве гэта ўсё заходзіла.

Плюс кепская камунікацыя, што і прывяло да замены афіцэраў, якія адказвалі за камунікацыю з насельніцтвам ва ўзброеных сілах. З канца зімы  гэтага года сітуацыя значна палепшылася, пра што сведчаць, у тым ліку, новасфармаваныя брыгады. Ёсць частка, якая ваяваць не хоча, але яна ёсць у любым грамадстве і гэта лагічна. Гэта не крытычная маса.

Што змянілася?

Уведзены электронны ўлік. Ваенкаматы абнавілі дадзеныя некалькіх мільёнаў чалавек, гэта больш, чым у папярэдні два гады. Калі б людзі не хацелі, яны б схавалі свае дадзеныя, бо гэта інфармацыя пра месца жыхарства, згода на электронную позву. Яшчэ адзін момант — рэкрутынг. Гэта значыць, ты можаш прыйсці ў ваенкамат і запісацца ў канкрэтную брыгаду, на канкрэтную пасаду. Пачыналася з двух брыгад, цяпер іх 21 (колькасны склад брыгады ў ЗСУ — ад 1000 чалавек, — рэд.). Гэта значыць, што брыгады фармуюцца з добраахвотнікаў.

Пытанне іншае — агульны псіхалагічны стан насельніцтва. Ішлі цяжкія баі працяглы час. Людзям была патрэбная «маленькая перамога». Натуральна, яны цяпер яе атрымалі.

— Звяртаюць на сябе ўвагу каментары з боку заходніх саюзнікаў Украіны. Пасля пачатку атакі на Курскую вобласць яны былі стрыманымі, хаця не так даўно існавала публічная забарона на выкарыстанне заходніх узбраенняў на тэрыторыі Расіі.

— Значыць, была палітычная падрыхтоўка. Гэтыя каментары сведчаць, што заходнія саюзнікі дэ-факта далі згоду на прымяненне сваёй зброі на тэрыторыі Расіі, але не магу сказаць на якой глыбіні. Раней жа была праблема, калі падчас рэйдавых дзеянняў у тых жа расійскіх добраахвотнікаў фіксавалі заходнюю зброю, на дыпламатычным узроўні ўзнікалі пытанні «адкуль?». Гэта былі так званыя «вернутыя трафеі», і даводзілася даказваць, што гэта страчаная зброя, якую пасля вярнулі байцы. Цяпер мы ад пачатку бачым, што войскі заходзяць з заходняй тэхнікай. Гэта сведчыць пра тое, што бан на прымяненне заходняй зброі, прынамсі ў прымежных тэрыторыях, зняты.

— Але вяртаючыся да «маленькай перамогі», ці зможа Украіна ўтрымаць гэтыя расійскія тэрыторыі да патрэбнага моманту?

— Станам на сёння (13 жніўня, — рэд.) Украіна будуе ўмацаванні на ўжо акупаваных Украінаю тэрыторыях. Як бы гэта не гучала дзіўна, але так — частка Расіі акупаваная Украінай. І гэты факт непрыемны для Расійскай Федэрацыі.

Фармат палітычнага трэку можа быць эфектыўны, калі ты тэрыторыю кантралюеш. Для Украіны няма іншага выйсця, апроч як кантраляваць гэтыя тэрыторыі. Будзе спрабаваць прынамсі.

— Пасля атакі беспілотнікамі на Крэмль чакалася надзвычайная рэакцыя РФ, яе не было, хаця дзеянне сімвалічнае. Цяпер справы зайшлі далей, адбылося надзвычайнае — украінскія войскі знаходзяцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Ці значыць, што вобраз, канструкт вялікай імперыі, на якую ніхто не можа «падняць руку», разбураны?

— Гэта адбываецца ў дадзены момант, ідзе працэс яго разбурэння. І гэта важная рэч, таму што Расія доўга спрабавала шантажаваць ядзернай зброяй, «чырвонымі лініямі». Але Украіна раз за разам гэтыя «чырвоныя лініі» пераходзіць. Для Расійскай Федэрацыі гэта вялікі выклік. Калі ты не рэагуеш на такія сітуацыі, рана ці позна цябе перастаюць успрымаць сур'ёзна — і твае партнёры, і твае апаненты.

Адна з задач падобных баявых дзеянняў, у тым ліку, разбурыць такі міф. Расія не ёсць недатыкальнай дзяржавай і яна можа баяцца рабіць крокі ў адказ. Расія спрабавала шантажаваць ядзернай зброяй, але фактычна атрымала папярэджанне ад некалькіх дзяржаў, што гэтага рабіць не варта. Заява наконт ядзернай зброі была не толькі ад заходніх дзяржаў, але, калі не памыляюся, і ад Кітая. Адпаведна, для Пуціна прымяненне ядзернай зброі ўжо не выглядае дапушчальнай опцыяй. Другі важны момант: што такое вялікая дзяржава, на яе нехта можа напасці? Што мы маем цяпер? Гэта моцны дыпламатычны плюс.

І што мы маем у сітуацыі, калі Пуцін патрапіў у пастку?  Фактычна быў акт агрэсіі, давайце называць усё сваімі імёнамі, украінскія войскі зайшлі на тэрыторыю суверэннай дзяржавы — Расійскай Федэрацыі.

Расія мусіла назваць акт агрэсіі актам агрэсіі і апеляваць да АДКБ, да дамовы ў межах Саюзнай дзяржавы, тое, дзеля чаго такія арганізацыі ствараліся.

Паспрабуем змадэляваць: Пуцін назваў вайну вайной. Агрэсію агрэсіяй і звярнуўся да АДКБ. Якія б дзяржавы вырашылі дапамагчы Расіі? Казахстан? Нешта я сумняюся. Арменія? Яшчэ больш смешна. Нават Лукашэнка пабайваецца. І гэта лагічна, таму што раней камунікацыя з Лукашэнкам украінскага боку, а яна ёсць, не трэба гэтага хаваць, зводзілася, калі груба казаць, да фразы «не лезь, заб’е», гэта было хутчэй тэорыяй. А цяпер Украіна паказвае што гэта такое. Такая візуальная дэманстрацыя, як на маю думку, вельмі добры засцерагальнік ад таго, каб Лукашэнка паспрабаваў залезці (у канфлікт, — рэд.), банальна страшна.

Яшчэ пару дзён будзе няпэўнасць, Расія збірае сілы, бояздольныя часткі. Яны будуць моцна ціснуць. Але як Расія цісне? Украінскія гарады яны захоплівалі пасля таго, як горад дэ-факта пераставаў існаваць. Але адна справа, калі ты так атакуеш украінскае паселішча, а зусім іншая, калі так атакуеш расійскае.

Калі расіяне будуць выкарыстоўваць тактыку, якая была эфектыўнай ва Украіне, гэта азначае, што яны будуць знішчаць уласную суверэнную тэрыторыю. Гэта таксама не абы-які выклік для любой палітычнай улады. Бо пры такім падыходзе ты мусіш уласную тэрыторыю, на якой жывуць твае грамадзяне па нараджэнню, знішчыць.

Узнікае пытанне, як твае грамадзяне да гэтага паставяцца? Я сумняюся, што яны будуць у захапленні.

Асіметрычнымі дзеяннямі Украіна стварыла для расійскай улады некалькі падобных рэбусаў, на якія ім трэба шукаць адказы.



Разам з тым палітолаг Ігар Тышкевіч перасцерагае ад эйфарыі і думак пра перамогу, што падзеі цалкам пераламаныя, бо Расія ўсё яшчэ атакуе Украіну – і грамадзянскія аб’екты, і на фронце. Вайна працягваецца.

вх