Беларуская Служба

Ад Літвы да Італіі: гісторыя беларускага эмігранта і яго барацьбы за статус уцекача

15.09.2024 06:02
Беларус Ягор ужо чатыры гады дамагаецца міжнароднай абароны ў еўрапейскіх краінах: Літве, Эстоніі і цяпер Італіі. Неафіцыйная праца, абеды для бяздомных, сон пад адкрытым небам і невядомасць.
Аўдыё
  • Ад Літвы да Італіі: гісторыя беларускага эмігранта і яго барацьбы за статус уцекача
ІталіяKookay/pixabay.com/CC0 Public Domain

Судовая эпапея працягвалася чатыры гады

Пра гісторыю Ягора пісалі амаль усе беларускія СМІ ў замежжы. Ён той самы беларус, які залез на вышку ў Вільні з бел-чырвона-белым сцягам, спрабуючы звярнуць увагу на сваю праблему.

З 2020 года ён спрабаваў атрымаць міжнародную абарону ў Літве, але, як лічыць суразмоўца, па віне чыноўнікаў гэта зрабіць не ўдалося.

Ягор прайшоў праз некалькі судоў: адны адмаўлялі, другія адмянялі гэтыя рашэнні. Жыць у Літве стала складана, бо без статуса ўцекача нельга мець рахунка ў банку і афіцыйна працаваць.

Згадваючы тую судовую эпапею, суразмоўца кажа, што стаміўся ад такога жыцця. Ён пытаў парады ў адваката – што рабіць далей. Той быў перакананы ў праваце кліента і прапаноўваў змагацца.

– Адвакат казаў, што трэба падаваць скаргу ў Страсбург. На гэта зноў патрабаваліся грошы, ды і справа там можа разглядацца 3-4 гады. Я ўсё ж вырашыў пакінуць гэтую задуму, бо жыць у Літве з такімі дакументамі, як у мяне, вельмі складана. У любы момант цябе могуць арыштаваць памежныя службы і вывезці на мяжу з Беларуссю. Трэба было з’язджаць…

Цікаўлюся ў Ягора – як ён рашыўся залезці на вышку з бел-чырвона-белым сцягам? Ён кажа, што гэта адбылося пасля таго, як яго справу другі раз накіравалі для разгляду ў суд першай інстанцыі.

– Я проста глядзеў на гэта і разумеў, што зноў усё зацягваецца на гады, што зноў буду ў гэтым незразумелым становішчы, калі нельга адкрыць рахунак, афіцыйна працаваць, калі нельга нічога. Таму і рашыўся…

Расчараванне Еўропай

Ягор распавядае, што ў гэты цяжкі перыяд спрабаваў звяртацца па дапамогу ў беларускія грамадскія арганізацыі, у кабінет Святланы Ціханоўскай, пісаў лісты ў розныя рэдакцыі.

– Усе мне адказвалі, што справа аб палітычным прытулку – гэта ўнутраная справа Літвы, і ніхто ў гэта не можа ўмешвацца. Я тады вельмі расчараваўся ў Еўропе, бо лічыў, што гэта зусім іншы свет, дзе ўсё справядліва, дзе цябе не могуць падмануць чыноўнікі ці паліцыя. Аказалася, што ўсё далёка не так. У Літве ты чужак, а калі яшчэ размаўляеш па-руску, то вораг.

Пісалі пра мяне ўсё, акрамя маёй праблемы

У Ягора засталася крыўда і на літоўскія СМІ, якія, паводле яго слоў, па-свойму трактавалі яго ўчынак, калі ён залез на вышку.

– Адны СМІ пісалі, што я душэўна хворы. Другія, што прасіцель палітычнага прытулку, маўляў, палез на вышку, бо яму патрэбны дом для жылля. Але ніхто з іх не ўзгадаў, што я чатыры гады хаджу тут кругамі, што Дэпартамент міграцыі не выконвае рашэнне суда аб наданні мне статуса ўцекача.

Выбраў Італію

Згадваючы цяпер усе гэтыя няўдалыя прыгоды, Ягор тым не менш распавядае пра гэта спакойна, нібы і не з ім гэта адбывалася, відавочна настроіўшыся не здавацца і шукаць нейкае новае месца ў сваім жыцці. Цікаўлюся – чаму вырашыў ехаць менавіта ў Італію?

– Я проста сабраў усе свае рэчы ў дзве сумкі, пагрузіў іх на матацыкл і з’ехаў. Праехаў Польшчу, Германію, Францыю і спыніўся ў Італіі. Я вырашыў ехаць у Італію менавіта таму, што тут шмат уцекачоў, італьянцы не паспяваюць дэпартаваць незаконных мігрантаў, а таму я ўпэўнены, што яны абавязкова разгледзяць маю заяву аб наданні мне статуса ўцекача.

Будаваў планы, але спаць давялося на вуліцы

Ягор выпрацаваў свой план знаходжання ў Італіі: чытаў мясцовую прэсу, цікавіўся, дзе найбольш патрэбныя рабочыя рукі, дзе лягчэй знайсці жыллё. Але аказалася, што ўсё не так проста: засяліцца ў пакінуты домік у гарах немагчыма, бо трэба прайсці шмат розных адміністрацыйных працэдур, атрымаць дазволы і іншае.

– Першых некалькі тыдняў я спаў на вуліцы. Уначы было цёпла – плюс 25 градусаў. Некалькі начэй спаў каля мора, потым паехаў у мястэчка, дзе ёсць прытулак для бяздомных імя Святога Франчэска. Там вельмі смачна кормяць людзей, якія маюць у гэтым патрэбу, і даюць месцы для начлегу. Праўда, тады месцаў не было, бо я бачыў, што яны прынялі шмат хворых людзей. У мяне быў турыстычны дыванік, і я спаў пад невялікай крамай. Для мяне гэта было вялікае здзіўленне. Я не разумеў, што такое можа быць: на табе паперы, і ідзі куды хочаш. Я думаў, што мяне паселяць у нейкі лагер для ўцекачоў, а тут пакарміць яшчэ могуць, а начуй дзе хочаш. Так шмат уцекачоў, што ўсім дапамагчы не даюць рады.

Будучыня невядомая, але ўдзячны за тое, што ёсць

Дарэчы, Ягор кажа, што італьянцы спакойна рэагуюць на тое, што людзі спяць на вуліцах, часта імкнуцца дапамагчы, бо бачаць, як шмат іх шукаюць хоць нейкае прыстанішча.

– У мяне ёсць надзея на лепшае, бо цяпер мне дапамагае мясцовы актывіст. Я больш не сплю пад адкрытым небам, мяне прыcтройваюць у розных начлежках ад касцёла. Хаджу ў касцёл снедаць. Дарэчы, там кормяць лепш, чым у беларускіх рэстаранах. Ёсць шведскі стол, гатуюць выдатна, свежыя садавіна і гародніна. Канешне, будучыня мне пакуль не вельмі зразумелая, але я ўжо ўдзячны за тое, што маю. На гэты момант гэта не самы горшы мой стан.

Распавядаючы сваю гісторыю, Ягор прызнаецца, што не раз, сплючы пад адкрытым небам, думаў пра тое, каб вярнуцца дамоў, у сваю кватэру, але цвярозыя думкі не давалі паддацца на такое спакушэнне, бо ён разумее, што там апынецца ў небяспецы. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, як адзначае, ён яшчэ не згубіў сябе ў гэтым жыцці.

– Ёсць нейкі перыяд у жыцці, але ён змяняецца: было кепска і, мабыць, далей будзе добра. Гэта як белае і чорнае. Мабыць, чорная частка маіх прыгодаў ужо мінула.

Збіраў подпісы за Віктара Бабарыку

Ягору 37 гадоў, ён родам са Светлагорска. Працаваў інжынерам тэхналагічных працэсаў. У 2020 годзе быў сябрам штаба Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы, друкаваў улёткі. Пасля таго, як Бабарыку пасадзілі і разграмілі яго штаб, перайшоў у каманду «Честных людей».

Яшчэ да выбараў у яго бацькоў дома правялі ператрус. Спрабаваў выехаць найперш у Эстонію, але на мяжы затрымала расійскае ФСБ, сядзеў у Віцебскім ізалятары часовага ўтрымання. Пасля гэтага выпусцілі і выпісалі позву ў Светлагорскі суд. Але туды Ягор не паехаў. Патрапіў у Літву, адкуль і пачаліся ўсе яго нялёгкія прыгоды.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл