Беларуская Служба

Польскія танкі ва ўкраінскай арміі – самыя жывучыя сярод бронетэхнікі

18.09.2024 16:51
Афіцыйна Польшча паставіла ва Украіну 60 танкаў PT-91 Twardy, хоць неафіцыйна гаворыцца пра большую партыю. 
     PT-91 Twardy
Асноўны баявы танк польскай вытворчасці PT-91 Twardy Red_Baron/Shutterstock.com

Расіяне палююць на заходнія танкі, якія знаходзяцца на ўзбраенні ўкраінскай арміі, паведамляе польскі партал Forsal.   

Практычна з самага пачатку вайны Украіна заклікала краіны НАТА паставіць на фронт заходнія танкі. Польшча адразу падтрымала Кіеў, паставіўшы амаль усе свае танкі Т-72 і часткова PT-91 – польскую глыбокую мадыфікацыю Т-72. Толькі праз год пасля пачатку расійскай агрэсіі заходнія краіны далі зялёнае святло на пастаўку сваіх машын. Так, на фронт трапілі нямецкія танкі Leopard 2, амерыканскія Abrams M1A1, шведскія Stridsvagn 122 і брытанскія Challenger 2. 

Калі заходнія машыны прыбылі ва Украіну, захопнікі адразу ж пачалі паляванне на іх. Згодна з дадзенымі, апрацаванымі парталам Oryx, які займаецца ваенным аналізам, украінская армія страціла шмат танкаў, атрыманых ад саюзнікаў. Так, з 40 танкаў Leopard 2A4, якія атрымаў Кіеў, расіяне знішчылі 21 машыну. У сваю чаргу з 21 танка Leopard 2A6 былі падбітыя 12. Часткова парк нямецкіх танкаў будзе папоўнены, бо 19 машын абяцала паставіць Іспанія і 14 – Нідэрланды і Данія. Некаторыя танкі будуць адрамантаваныя на ваенным заводзе ў Польшчы.

У сваю чаргу з перададзеных Швецыяй 10 танкаў Stridsvagn 122 засталіся толькі тры баявыя машыны. Не лепш сітуацыя выглядае з амерыканскімі танкамі. Украіна атрымала 31 танк Abrams M1A1, з іх 13 былі падбітыя. У рэшце рэшт украінцы самі вырашылі іх вывесці з фронту, бо аказалася, што хоць іх браня даволі тоўстая, аднак толькі пры трапленні з зямлі абараняе экіпаж, а вось з паветра – не. 

Толькі брытанскія і польскія танкі выстаялі пад расійскімі снарадамі і бомбамі. Так, з 14 танкаў Challenger 2 былі падбітыя толькі два, а з польскіх – дзевяць машын. Пры гэтым афіцыйна Польшча паставіла ва Украіну 60 танкаў PT-91 Twardy (Цвёрды – рэд.), хоць неафіцыйна гаворыцца пра большую партыю. Эксперты звяртаюць увагу на тое, што ў танкаў польскай вытворчасці – сур’ёзная браня, якая абараняе экіпаж і машыну ад варожых снарадаў. Challenger 2 таксама добра сябе зарэкамендаваў. Пры гэтым польскія танкі часта відаць на перадавой. Для прыкладу, падчас наступлення ў Курскай вобласці на фота- і відэаматэрыялах не бачна заходніх танкаў, а вось польскія сустракаюцца часта.

вс