366 тысяч віз для грамадзян мусульманскіх і афрыканскіх краін часта выдаваліся без праверкі і нават пад дыктоўку палітыкаў PiS – піша Gazeta Wyborcza са спасылкай на справаздачу Вышэйшай кантрольнай палаты аб візавым скандале.
Выданне паведамляе, што пратакол з дадаткамі па выніках расследавання складае больш за 300 старонак. «Гэта вынік працы сямі аўдытараў Вышэйшай кантрольнай палаты, якія на працягу некалькіх месяцаў аналізавалі дакументы МЗС, перапіску консульскага ўпраўлення МЗС з установамі і апытвалі супрацоўнікаў міністэрства. Сваю працу яны завяршылі ў ліпені 2024 года.
Паводле справаздачы Вышэйшай кантрольнай палаты Польшчы, якую цытуе GW, «дзеянні Міністэрства замежных спраў у рамках нагляду за візавым складнікам консульскай дзейнасці былі незаконнымі, бессэнсоўнымі і ненадзейнымі і прывялі да неэканомнага размеркавання дзяржаўных сродкаў».
З дакументацыі вынікае, што міністр замежных спраў не кантраляваў надзейна афармленне віз. «Міністэрства замежных спраў мела непразрысты і карупцыйны механізм уздзеяння на некаторых консулаў», — гаворыцца ў справаздачы Вышэйшай кантрольнай палаты, якую цытуе штодзённік. На думку аўдытараў, вінаватыя ў парушэннях чатыры міністры замежных спраў, якія былі прызначаныя кіруючай на той момант партыяй «Права і справядлівасць»: Вітольд Вашчыкоўскі, Яцэк Чапутовіч, Збігнеў Раў і Шымон Шынкоўскі вель Сэнк (Witold Waszczykowski, Jacek Czaputowicz, Zbigniew Rau, Szymon Szynkowski vel Sęk).
«Справаздача Вышэйшай кантрольнай палаты па выніках праверкі ў Міністэрстве замежных спраў пацвярджае леташнюю інфармацыю, у тым ліку Gazeta Wyborcza, пра маштабы візавага скандалу. Вышэйшая кантрольная палата падлічыла, што 366 551 віза была выдадзена грамадзянам мусульманскіх краін і краін Афрыкі, у тым ліку амаль 174 000 у перыяд са студзеня 2021 года па чэрвень 2023 года.
Вышэйшая кантрольная палата Польшчы абвінавачвае ўрад ПіС у тым, што ён не цікавіўся, хто і як атрымаў польскую візу. А на консулаў быў ціск, каб яны масава давалі дазволы на працу замежнікам без указання прыярытэтаў іх адукацыі і прафесійнай кваліфікацыі.
вх