Рэферэндум аб інтэграцыі з ЕС пройдзе ў Малдове 20 кастрычніка. У гэты ж дзень жыхары краіны таксама абяруць новага прэзідэнта краіны. Фаварытам застаецца цяперашняя кіраўнічка дзяржавы Мая Санду, якая змагаецца за набліжае краіны да Захаду, паведамляе Rzeczpospolita.
Пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны Малдова (разам з Украінай) атрымала статус кандыдата на сяброўства ў ЕС. Аднак апытанні паказваюць, што грамадства адной з самых бедных і карумпаваных краін Еўропы моцна расколатае ў гэтым пытанні.
Апошнія даследаванні паказваюць, што за набліжэнне да ЕС выступаюць 45,9 працэнта жыхароў Малдовы, а 39 працэнтаў – супраць.
«Частка баіцца найперш эканамічных наступстваў: росту коштаў на харчовыя прадукты ці газ, скупкі зямлі заходнімі кампаніямі і прыватнымі асобамі, страты доступу да расійскага рынку. Гэты апошні аргумент дагэтуль існуе сярод даволі значнай часткі грамадства, хаця Расія ўжо шмат гадоў не адыгрывае значнай ролі ў малдаўскім экспарце (…) Асобны аргумент - боязь уплыву еўраінтэграцыі на адносіны з Крамлём. Некаторыя малдаване проста баяцца, што празаходнія амбіцыі прывядуць гэтую краіну да канфлікту - у тым ліку ваеннага - з Расіяй, як гэта было з Украінай», - кажа эксперт Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміль Цалус.
У нядзелю некалькі сотняў праціўнікаў ЕС прайшлі маршам па вуліцах Кішынёва. Як заўважаюць каментатары. Большасць з іх – гэта маладыя людзі.
«Гаворка ідзе пра грошы. Большасць удзельнікаў атрымліваюць грошы за ўдзел. Правядзенне падобных акцый у Малдове не з'яўляецца найменшай праблемай», - кажа кішынёўскі палітолаг, шматгадовы дыпламат і былы амбасадар Малдовы ў ААН Аляксей Тулбурэ.
Паводле яго, будучыня Малдовы шмат у чым залежыць ад вынікаў кастрычніцкага рэферэндуму. Палітычныя групы Малдовы ўжо рыхтуюцца да парламенцкіх выбараў наступнага года.
«На жаль, як цяперашнія ўлады ў Кішынёве, так і папярэднія, не змаглі кансалідаваць грамадства. Мы глыбока падзеленыя. Мы не можам вызначыць ні сваю ідэнтычнасць, ні наш суверэнітэт(…) І так на працягу многіх гадоў», - кажа былы дыпламат у размове з выданнем Rzeczpospolita.
аз