Беларуская Служба

Візіт Зяленскага ў ЗША справакаваў унутраны палітычны канфлікт — хутка прэзідэнцкія выбары, барацьба за галасы трывае

27.09.2024 14:27
Візіт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў ЗША выклікаў гнеў некаторых рэспубліканцаў, якія абвінавачваюць яго ва ўмяшанні ў амерыканскую палітыку перад лістападаўскімі выбарамі, піша The Washington Post. У сваю чаргу The New York Times заяўляе, што «зорка Зяленскага згасае».
Аўдыё
  • Візіт Зяленскага ў ЗША справакаваў унутраны палітычны канфлікт — хутка прэзідэнцкія выбары, барацьба за галасы трывае
       .
Уладзімір Зяленскі прадставіў план перамогі Украіны Камале Харыс.Фота: president.gov.ua

Уладзімір Зяленскі лабіруе дазвол на выкарыстанне ракет далёкага радыусу дзеяння і перанос вайны на тэрыторыю Расіі. Гэты візіт павінен быў стаць чарговым напамінам амерыканскім палітыкам і выбаршчыкам пра важнасць падтрымкі Украіны. Але адначасова закрануў унутраную палітыку ЗША — у лістападзе будуць выбары прэзідэнта.

«Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, заклікаючы прэзідэнта Джо Байдэна дазволіць больш шырокае выкарыстанне амерыканскай зброі, за некалькі тыдняў да выбараў пагрузіўся ў міжпартыйныя рознагалоссі вакол вайны ва Украіне», — піша «WP».

Штодзённік адзначае, што прыезд Зяленскага ў Рэспубліканскай партыі ўспрынялі з раздражненнем. Крытычныя галасы ў партыі выклікала заява Зяленскага ў інтэрв'ю The  New Yorker аб тым, што кандыдат ад Рэспубліканскай партыі ў віцэ-прэзідэнты Дж. Вэнс «занадта радыкальны». Гнеў выклікала і сустрэча прэзідэнта Украіны з губернатарам-дэмакратам Джошам Шапіра на фабрыцы боепрыпасаў у Пенсільваніі — ключавым штаце ў выбарчай гульні.

Палітычны канфлікт і барацьба за галасы

The Washington Post нагадвае, што штаты Пенсільванія, Мічыган і Вісконсін — т.зв. свінг-штаты, дзе ні адна партыя не мае значнай перавагі, яны ж з'яўляюцца домам для вялікай усходнееўрапейскай дыяспары. Гэты сегмент выбаршчыкаў традыцыйна належыць да рэспубліканцаў, але дэмакраты спадзяюцца, што пазіцыя Дональда Трампа адносна вайны Расіі супраць Украіны можа змяніць іх выбарчыя перавагі.

«Гэта дапамагае растлумачыць, чаму паездка Зяленскага такая адчувальная (...). Нават некаторыя еўрапейскія лідары ​​задаюцца пытаннем, чаму ён дазволіў сабе з'явіцца ў такіх (...) абставінах», — адзначае «WP».

У сваю чаргу «NYT» у каментарыі пад назвай «Зорка Зяленскага згасае» адзначае, што прыём украінскага прэзідэнта ў Вашынгтоне быў «значна больш сціплым», чым падчас яго візіту два гады таму, калі «ён быў ушанаваны (... ) з бурнымі авацыямі (... )».

«Зяленскага шырока лічаць найбольш пераканаўчым абаронцам Украіны, здольным выйсці (...) з тупіка ў Кангрэсе з заклікамі да паскарэння паставак зброі (...). Але па меры зацягвання вайны з Расіяй яго зорная моц у Вашынгтоне прыкметна аслабла, што можа мець сур'ёзныя наступствы для будучыні ваеннай дапамогі ЗША Украіне». — піша «NYT».

Трамп таксама пагадзіўся на сустрэчу з Зяленскім

Падчас візіту ў ЗША Уладзімір Зяленскі сустракаўся з прэзідэнтам Джо Байдэнам і віцэ-прэзідэнткаю, а таксама кандыдаткаю ў прэздэнты Камалаю Харыс.

Харыс заявіла аб рашучай падтрымцы Украіны. Не называючы Дональда Трампа па імені, Харыс раскрытыкавала амерыканскіх палітыкаў, якія заклікаюць Украіну аддаць Расіі частку сваёй тэрыторыі.

«Гэтыя прапановы такія ж, як у Пуціна. Гэта не мірныя прапановы. Гэта прапанова здацца Украіне, што небяспечна і непрымальна», — заявіла Камала Харыс, падкрэсліўшы, што зробіць усё, што ад яе залежыць, каб Украіна перамагла Расію.

Першапачаткова палітык Дональд Трамп адмаўляўся ад сустрэч з Зяленскім, але пасля візіту Зяленскага ў Пенсільванію і прамову там Камалы Харыс фактычна са зваротам да вялікай супольнасці выхадцаў з Усходняй Еўропы, што можа паўплываць на сімпатыі выбарцаў, Трамп таксама пагадзіўся на сустрэчу з Зяленскім.

На прэс-канферэнцыі ў Trump Tower у Нью-Ёрку Дональд Трамп выказаў упэўненасць, што можа дамовіцца з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным і прэзідэнтам Зяленскім.

«Я скажу наступнае: я веру, што мне ўдасца дастаткова хутка дамовіцца паміж прэзідэнтам Пуціным і прэзідэнтам Зяленскім. Я не хачу казаць вам, што гэта будзе», —  сказаў Трамп.

Гіганцкі пакет дапамогі для Украіны

Тым часам стала вядома, што ЗША зацвердзілі чарговы пакет ваеннай дапамогі Украіне на 375 мільёнаў долараў. Дапамога ўключае ўзбраенне класа «паветра-зямля», боепрыпасы для ракетных сістэм, бронетэхніку і супрацьтанкавую зброю.  Гэта 66-ы пакет ваеннай дапамогі ЗША Украіне з пачатку расійскага ўварвання.

Больш за тое, Белы дом абвясціў аб дадатковай ваеннай дапамозе Украіне на суму 8 мільярдаў долараў. Гэтыя сродкі будуць накіраваныя на закупку зброі ў амерыканскіх зброевых заводаў з пастаўкамі ў будучыні.

Дзейсны амерыканскі прэзідэнт заявіў, што хоча, каб Украіна выйграла вайну з Расіяй.

«Заяўляю пра павелічэнне дапамогі Украіне ў сферы бяспекі, а таксама шэраг дадатковых дзеянняў, каб дапамагчы Украіне выйграць гэтую вайну», — напісаў у сваёй заяве Джо Байдэн.

Прэзідэнт ЗША таксама праінфармаваў, што рэкамендаваў дэпартаменту абароны распачаць выкарыстанне ўсіх фондаў, якія застаюцца ў сферы бяспекі для Украіны да канца яго кадэнцыі. Байдэн праінфармаваў, што 5,5 млрд долараў будуць выдзеленыя на ўзбраенне, якое знаходзіцца ў ведамстве Пентагона. Чарговыя 2,4 млрд долараў будуць выдзеленыя ў рамках ініцыятывы падтрымкі бяспекі ва Украіне. Гэтыя грошы пойдуць на закупкі ў амерыканскіх ваенных канцэрнах. Гэтыя кантракты будуць тычыцца, сярод іншага, дадатковых супрацьпаветраных сістэм, зброі класу «зямля – паветра».

PAP/IAR/вх