Белы дом на дапамогу Украіне выдзеліў чарговыя 8 млрд долараў. Гэта не спадабалася Дональду Трампу, які назваў Зяленскага найлепшым прадаўцом на планеце, які з ЗША кожны раз выязджае з мільярдамі ў кішэні. У шэрагах рэспубліканцаў таксама ўздымаюцца галасы, што Зяленскі ўмешваецца ў выбарчы працэс у ЗША. Якое значэнне гэтага візіту, і як ён можа паўплываць на сітуацыю на фронце?
Апошнімі днямі Уладзімір Зяленскі пераконваў найважнейшых амерыканскіх палітыкаў да свайго плану перамогі. Адначасова раззлаваў рэспубліканцаў, наведваючы завод па вытворчасць зброі ў Пенсільваніі толькі з прадстаўнікамі дэмакратаў. Гэта штат, у якім падтрымка кандыдата ў прэзідэнты ЗША найбольш вагаецца. Рэспубліканцы палічылі гэта ўмешваннем у выбарчы працэс ЗША, то бок адкрытай падтрымкай Камалы Харыс.
Прэзідэнт Украіны казаў, што Расія павінна быць прымушаная да міру, пераконваў прыняць яго план перамогі. Дырэктар Цэнтра ўсходніх даследаванняў Войцех Каноньчук падкрэслівае, што план Зяленскага цалкам невядомы. Усё ж некаторыя высновы можна рабіць з інфармацыі, якая трапляе ў СМІ:
- Праўдападобна, адзін з першых пунктаў – гэта запрашэнне Украіны ў НАТА перад заканчэннем прэзідэнцкага тэрміну Джо Байдэна. Па-другое, значнае павелічэнне вайсковай падтрымкі, у тым ліку згоду на выкарыстанне амерыканскай зброі на расійскай тэрыторыі. Падтрымка ўкраінскіх сілаў для захавання пазіцыі ў Курскай вобласці. Напэўна там ёсць іншыя амбіцыйныя прапановы. Гэта не столькі новы план, паколькі перакананне Украіны аб тым, што трэба зрабіць, каб Украіна выйграла вайну з Расіяй, не мяняюцца з самага пачатку. Зяленскі прыехаў, каб пераканаць Джо Байдэна да канца тэрміну паўнамоцтваў прыняць амбіцыйныя рашэнні, якія дапамогуць Украіне перамагчы.
Амерыканскія СМІ пішуць, што першая рэакцыя адміністрацыі Джо Байдэна на план Зяленскага – скептычная. Паводле Войцеха Каноньчука, гэта можа значыць, што план украінскага прэзідэнта празмерна амбіцыйны. Дыскусія аб тым, ці дазволіць Украіне выкарыстоўваць амерыканскую зброю на тэрыторыі Расіі, ідзе. Меркаванні экспертаў падзеленыя. Дырэктар Цэнтра ўсходніх даследаванняў кажа, што, беручы пад увагу складаную выбарчую сітуацыю ў ЗША, нічога не сведчыць аб тым, што такая згода будзе.
У адказ на гэтую дыскусію Расія агучыла план змен у правілах выкарыстання ядзернай зброі. Павялічыўся пералік выпадкаў, калі расіяне могуць прымяніць гэты тып узбраенняў. Гэта чарговы элемент псіхалагічнага ціску Расіі, кажа Войцех Каноньчук:
- Расіяне разумеюць, што магчымасць выкарыстання ядзернай зброі застаецца картай, якую Захад больш за ўсё баіцца. Змены былі абвешчаныя ў часе, калі Зяленскі быў у Вашынгтоне. Гэта відавочны псіхалагічны ціск: вы павінны баяцца; Расія зробіць усё, каб перамагчы ў вайне; што б вы не зрабілі, мы будзем больш рашучыя, каб перамагчы. Трэба памятаць, што выкарыстанне ядзернай зброі з’яўляецца нечым вельмі рызыкоўным для Крамля. Гаворка не толькі пра рэакцыю Захаду, але і такіх краін, як Кітай, Індыя, Турцыя. Выкарыстанне ядзернай зброі Расіяй пацягнула б за сабой гіганцкія выдаткі для дзяржавы. Я ўспрымаю гэтыя пагрозы, як рост псіхалагічнага ціску на Захад.
Войцех Каноньчук дадае, што, на жаль, гэты ціск прыносіць плёны. Германія і ЗША баяцца эскалацыі ў вайне. У Германіі ўсё часцей чуваць галасы, што неабходна дамовіцца з Пуціным і завершыць вайну.
У інтэрв’ю “The New York Times” напярэдадні візіту Зяленскі адзначыў, што ў іх няма іншага плану, чым план максімум, які ўключае вызваленне захопленых тэрыторый разам з Крымам. Задача Уладзіміра Зяленскага сёння – гэта стварэнне для Украіны найлепшых умоваў для перамоў, кажа эксперт:
- Нават не для наступу, бо ў бліжэйшай перспектыве ўкраінскія сілы не маюць на гэта шанцаў. Аднак Зяленскі слушна прагназуе, што Расія мае шмат схаваных слабасцяў, якія яна добра маскіруе, і якія Захад не заўважае. Зяленскі кажа: з Расіяй мы можам весці перамовы выключна з пазіцыі сілы. Для гэтага павінна быць выкананая ўмова, для якой няма альтэрнатывы, - большая падтрымка, перад усім вайсковая. Патрэба дазволу на выкарыстанне заходняй зброі на расійскай тэрыторыі, бо толькі гэта можа стварыць лепшыя ўмовы, каб у перспектыве размаўляць з расіянамі.
Для гэтага патрэбная палітычная воля. Войцех Каноньчук перакананы, што пасля выбараў Украіне цяжка будзе размаўляць з ЗША, нават у выпадку перамогі Камалы Харыс. Паводле госця Польскага радыё, не будзе простага працягу палітыкі ў дачыненні да Украіны. Не ўсе дэмакраты задаволеныя падтрымкай Украіны. Цяжка ўявіць, што паўторыцца сітуацыя з красавіка, калі Сенат прагаласуе за пакет падтрымкі ў 61 млрд долараў. Неўзабаве красавіцкая падтрымка будзе заканчвацца, неабходны будзе чарговы пакет:
- Гэта будзе вельмі цяжка з увагі на расклад сілы ў Кангрэсе. Патэнцыйна Камала Харыс не мае досведу ў замежнай палітыцы. Пытанне, якой будзе пазіцыя яе адміністрацыі, яе дарадчыкаў. Але яшчэ большы пытальны знак ставіцца ў выпадку патэнцыйнай прэзідэнтуры Трампа. Вельмі істотнай з’яўляецца палітычная воля. Гэтага не хапае не толькі ў Вашынгтоне, але і ў іншых заходніх сталіцах. Такой волі, якой бы нам хацелася, няма ў Берліне, у Вашынгтоне. Прэзідэнт Макрон пра падтрымку шмат кажа, але калі паглядзець на практыку, то шмат можна палепшыць. Рэальным заданнем Зяленскага з’яўляецца інфармаванне заходніх эліт пра сітуацыю на фронце. Пераконваць, што без больш адважнай падтрымкі, Украіне будзе цяжка выйграць вайну, а нават немагчыма.
Падчас візіту Зяленскага Белы дом абвясціў пра рэкордны пакет ваеннай дапамогі Украіне на суму амаль 8 мільярдаў долараў, які будзе ўключаць, сярод іншага, адноўленую батарэю сістэмы Patriot, ракеты класа «паветра-зямля» JSOW з далёкасцю 130 км і дадатковымі боепрыпасамі, бронетэхніку.
Абвяшчэнне такога вялікага пакета было ўскосна вымушана Кангрэсам, які не працягнуў паўнамоцтвы прэзідэнта па перадачы абсталявання з амерыканскіх рэсурсаў ва Украіну ў рамках механізму Presidential Drawdown Authority (PDA), тэрмін дзеяння якога заканчваецца ў канцы месяца. Байдэн даручыў Пентагону вылучыць усе раней выдзеленыя Кангрэсам сродкі на падтрымку Украіны — у тым ліку 5,5 млрд долараў у рамках PDA - да заканчэння тэрміну, гэта значыць да 20 студзеня.
PR24/ав
слухайце аўдыё