Сёння ў Польшчы адкрываюць Ломжынскую аб’язную дарогу на паўночным усходзе дзяржавы. Гэта апошні польскі ўчастак шашы Via Baltica, якая вядзе з Варшавы ў Хельсінкі. Аднак гэты маршрут, які з'яўляецца ключавым для абароны ўсходняга флангу НАТА, натыкаецца на сур'ёзныя праблемы ў краінах Балтыі. Адна трэцяя дарогі – амаль 1000 кіламетраў – праходзіць па тэрыторыі Польшчы.
Як адзначае выданне Rzeczpospolita, літоўскі бок заяўляе, што яго ўчастак даўжынёй у 270 кіламетраў будзе завершаны не раней за 2030 г. Значна горш сітуацыя выглядае ў Латвіі, дзе плануецца, што маршрут складзе каля 200 кіламетраў. Пакуль пабудаваная толькі адна пятая частка. З-за затрымак у будаўніцтве моста праз раку Салаца ўмяшаліся нават эстонскія ўлады, якія вызначылі пераход вузкім месцам на шляху ў Талін.
Злучаныя Штаты таксама настойваюць на будаўніцтве Via Baltica, бо гэты шлях мае вырашальнае значэнне для эфектыўнай абароны ўсходняга флангу НАТА – піша выданне. Як паказала вайна ва Украіне, нельга выключаць, што Пуцін вырашыць напасць на краіну-чальца НАТА. Цяжэй за ўсё будзе абараніць краіны Балтыі. Адміністрацыя ЗША адзначае, што вузкія і дрэнныя дарогі могуць перашкодзіць руху танкаў, бронетранспарцёраў ды іншай цяжкай тэхнікі ў выпадку нападу Расіі на краіны Балтыі.
Via Baltica – гэта пытанне агульнай бяспекі, таму трэба націскаць на ўладу суседніх краін, каб яны заняліся гэтай справай.
нг