Ноччу з панядзелка па аўторак ізраільская армія пачала «абмежаваную» наземную аперацыю на поўдні Лівана супраць арганізацыі «Хезбала». У інтэрв’ю выданню Fakt былы камандзір спецыяльнай антытэрарыстычнай адзінкі GROM Раман Полька (Roman Polko) заявіў, што «насамрэч ёсць тры тэрыторыі, якія кантралюе «Хезбала», і інфармацыя разведкі, верагодна, паказвае, адкуль яна наносіць ракетныя ўдары па Ізраілю». Ваенныя адзначылі, што Ізраіль не зможа ўзяць пад кантроль гэтую тэрыторыю без прымянення наземных сіл.
– На жаль, прэм’ер-міністр Ізраіля пераступае пэўныя бар’еры ў барацьбе з тэрарызмам, – сказаў генерал, дадаўшы, што «непрымальна, каб, забіваючы аднаго тэрарыста або нават некалькіх вельмі небяспечных, забівалі сотні нявінных людзей...».
– Сітуацыя ўвесь час абвастраецца і можа выйсці з-пад кантролю, – сказаў былы намеснік кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі, каментуючы заяву ізраільскай арміі аб наземнай атацы. – Гэта, безумоўна, небяспечная сітуацыя, але не ў інтарэсах Ірана, ЗША ці Расіі, каб сітуацыя перарасла ў нейкую буйную вайну, – адзначыў Полька.
Сітуацыя на мяжы паміж Ізраілем і Ліванам, дзе дзейнічае «Хезбала», абвастраецца з кастрычніка мінулага года, калі ХАМАС здзейсніў масавы тэракт, а затым Ізраіль абʼявіў вайну і ўварваўся ў сектар Газа.
Ізраіль бамбіў Ліван больш за тыдзень. Па дадзеных урада, у выніку тэрактаў у Бейруце загінулі больш за 1000 чалавек. Каля мільёна былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
Ізраільскія ўлады сцвярджаюць, што знішчылі значную частку баявога патэнцыялу «Хезбалы», забіўшы за апошнія дні амаль усіх вышэйшых камандзіраў арганізацыі, у тым ліку яе лідара Хасана Насралу. «Хезбала» заявіла, што знойдзена замена на амаль усе пасады.
нг