Збольшага сярод дзеячаў і палітыкаў дэмакратычнага руху назіраецца падзел на дзве групы. Першая выступае за санкцыі, а нават іх узмацненне, што толькі санкцыямі можна прымусіць Лукашэнку пайсці на саступкі. Другая лічыць, што трэба рабіць усё, у тым ліку адмяняць санкцыі дзеля вызвалення людзей з турмаў. Паяўляліся меркаванні, што другая група спрыяе рэжыму, паколькі ён зацікаўлены палёгкамі.
Палітолаг Павал Усаў цвёрда стаіць на пазіцыі, што санкцыі неэфектыўныя.
- Ці гэта азначае, што гульню ў адныя вароты з рэжымам?
- Аналіз сітуацыі з палітзняволенымі, чатыры гады пасля выбараў і два гады вайны паказваюць, што ціск і санкцыі не прыводзяць да асноўнай мэты, дзеля якой яны ўводзіліся, то бок вызвалення палітвязняў. АПК, Офіс Ціханоўскай паўсюль сцвярджалі, што санкцыі прывядуць да вызвалення. Сёння вынікам санкцый стала поўная пераарыентацыя эканомікі на Расію. Беларуская гаспадарка стала моцным звяном для расійскага ВПК. Ніводны палітычны зняволены не быў вызвалены ў выніку санкцыйнага ціску.
- Прыхільнікі санкцый кажуць адваротнае: менавіта дзякуючы санкцыям адбыліся апошнія вызваленні палітзняволеных.
- Гэта нішто іншае як спекуляцыі і прыкрытая маніпуляцыя фактамі. Збольшага гэта былі хворыя людзі. Лукашэнка не зацікаўлены ў тым, каб людзі паміралі ў турмах. Другое, у гэтых людзей заканчваўся тэрмін зняволення. Калі гэта вынік санкцый, то чаму выпусцілі такую малую колькасць? Разам з тым былі асуджаныя каля 40 новых людзей. Як санкцыі працуюць, калі саджаюць новых? Калі нехта кажа, што гэта вынік санкцый, то гэтыя людзі спекулююць на фактах, на здароўі людзей. Гэта амаральныя паводзіны.
- Людзі, якія кажуць пра адмену санкцый, граюць на боку рэжыму?
- Ніхто не кажа, каб санкцыі былі знятыя цалкам. Гаворка ідзе пра нейкі гандаль, што не азначае, што нехта прызнае рэжым і забудзе пра рэпрэсіі. Такі падыход сведчыць аб тым, што ў апазіцыі няма механізмаў уздзеяння на рэжым. А людзі сядзяць, яны паміраюць. У гэтых умовах застаецца гандаль, як абмен ваеннапалоннымі. Тут можна абменьваць працэс змякчэння санкцый у дачыненні да некаторых прадпрыемстваў узамен за вызваленне палітвязняў. Спекуляваць на жыцці і здароўі людзей, якія будуць сядзець гадамі, гэта палітычна амаральна і безадказна.
Поўная размова з Паўлам Усавым - у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё