Беларуская Служба

Польшча эвакуюе сваіх грамадзян з Лівану

02.10.2024 17:58
Палякі, якія пражываюць альбо знаходзяцца ў гэтай краіне, змогуць вярнуцца дамоў цягам бліжэйшых дзён – МЗС Польшчы.
Аўдыё
  • Польшча эвакуюе сваіх грамадзян з Лівану
    . , 2  2024
Знішчаныя ізраільцінамі дамы ў Ліване. Бейрут, 2 кастрычніка 2024 года PAP/EPA/WAEL HAMZEH

Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) у сераду, 2 кастрычніка, заявіла аб жорсткіх баях у паўднёвым Ліване і заклікала жыхароў рэгіёну не наведваць раёны, размешчаныя па поўдзень ад ракі Літані. Незадоўга да гэтага рух «Хезбала» паведаміў аб першым з пачатку ізраільскай ваеннай аперацыі ў Ліване сутыкненні з ізраільскімі ваеннымі на поўдні краіны. У «Хезбале» сцвярджаюць, што баевікі руху нанеслі ізраільцянам страты і прымусілі іх адступіць. Акрамя таго, яны заявілі аб нанясенні ракетна-артылерыйскага ўдару па вялікай колькасці ізраільскіх войскаў на поўначы Ізраіля, і аб ракетных ударах па пазіцыях ЦАХАЛ у трох іншых месцах.

Па дадзеных ізраільскага камандавання, раніцай у сераду з Лівана па Ізраілі запусцілі 50 рэактыўных снарадаў. Паведамляецца пра знішчэнні жылой інфраструктуры, пра смяротныя ахвяры інфармацыя адсутнічае.

Тым часам ізраільцяне разгарнулі на поўдні Лівана другую дывізію для наземных аперацый супраць «Хезбалы», паведамляе «Нямецкая хваля». 36-я дывізія перасекла мяжу ўслед за 98-й дывізіяй, якая ўвайшла ў Ліван у ноч на аўторак.

Ізраільскія вайскоўцы заклікалі эвакуявацца грамадзянскіх асоб з двух дзясяткаў вёсак на поўдні Лівана. У заяве ЦАХАЛ падкрэсліваецца, што любы будынак, які выкарыстоўваецца «Хезбалой» для ваенных патрэб, з'яўляецца цэллю. Напярэдадні такое прадпісанне атрымалі жыхары яшчэ 28 ліванскіх вёсак.

Тым часам Польшча працуе над эвакуацыяй сваіх грамадзян з Лівану. Палякі, якія пражываюць альбо знаходзяцца ў гэтай краіне, змогуць вярнуцца дамоў цягам бліжэйшых дзён, сказаў прэс-сакратар польскага МЗС Павал Уроньскі.

- У сувязі з сітуацыяй на Блізкім Усходзе было прынятае рашэнне аб абмежаванні лічбы персаналу нашага пасольства ў Бейруце. Па-другое, па просьбе некаторых нашых грамадзян было вырашана дапамагчы ім пакінуць тэрыторыю Лівану. Гэта магчыма, таму што надалей здзяйсняюцца чартарныя рэйсы, хоць большасць авіякампаній прыпыніла палёты ў Ліван.

Польскія салдаты і афіцэры, якія нясуць службу на Галанскіх вышынях у рамках міратворчага кантынгенту ААН, знаходзяцца ў бяспецы, нягедзячы на тое, што мінулую ноч палякі правялі ў бомбасховішчы разам з ірландскімі вайскоўцамі, з якімі служаць на адной базе. Пра гэта Польскаму радыё сказаў дывізіённы генерал Мацей Кліш, аперацыйны камандуючы Узброенымі сіламі Польшчы.

- Нягледзячы на складаную сітуацыю ў Ліване, у раёне вайсковай адказнасці польскага батальёну сітуацыя стабільная. Калі, канешне, можна казаць пра стабільнасць, калі над галавой лётаюць балістычныя ракеты. Я надаўна размаўляў з камандзірам нашага кантынгенту. На дадзены момант не заўважана дзеянняў, якія б маглі сведчыць пра ваенную актыўнасць у раёне.

Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы, у тым ліку кіраўніцтва ведамства, знаходзяцца ў пастаянным кантакце з польскім кантынгентам у Ліване.

Ліванскаму мірнаму насельніцтву, а таксама ўцекачам, якія знаходзяцца ў Ліване, дапамагае Польская гуманітарная акцыя – адна з найбольшых польскіх дабрачынных арганізацый. На дапамогу мірнаму насельніцтву Лівана акцыя прызначыла 100 тыс. долараў. Сродкі будуць прызначаныя на пакупку прадуктаў харчавання і рэчаў першай неабходнасці, гаворыць прадстаўніца Польскай гуманітарнай акцыі Магдалена Іжыска.

- Гэтая атака – гэта сапраўдная трагедыя для ліванцаў і ўцекачоў, якія жывуць на поўдні краіны. Больш за 1 млн чалавек былі прымушаныя пакінуць свае дамы, каб уцячы ад насілля. Важна іх падтрымаць цяпер, таму на месцы мы дапаможам прадуктамі, сродкамі гігіены і псіхалагічнай падтрымкай.

Польская гуманітарная акцыя працуе ў Бейруце з 2020 года, калі ў порце ліванскай сталіцы адбыўся выбух аміячнай салетры, у выніку якога загінулі 218 чалавек, а больш за 7 тыс. 500 атрымалі раненні.

Польскія валанцёры зазначаюць, што Ліван, які знаходзіцца ў цяжкай эканамічнай, палітычнай і грамадскай сітуацыі, прыняў 1 млн 500 тыс. сірыйскіх уцекачоў, а таксама бежанцаў з Палестыны.

23 верасня Ізраіль на фоне абвастрэння адносін з «Хезбалой» абʼявіў аб пачатку на ліванскай тэрыторыі наступальнай аперацыі пад назвай «Стрэлы поўначы». У ходзе аперацыі ЦАХАЛ пачаў наносіць кропкавыя паветраныя ўдары па Ліване, у тым ліку па Бейруце і яго прыгарадзе. Ізраільскія вайскоўцы заявілі аб знішчэнні больш чым дзясятка камандзіраў «Хезбалы», у тым ліку лідара арганізацыі Хасана Насралы.

Раніцай 1 кастрычніка ЦАХАЛ паведаміў аб пачатку абмежаваных наземных рэйдаў супраць абʼектаў руху «Хезбала» ў прыгранічным раёне на поўдні Лівана.

вс

слухайце аўдыёфайл