Беларуская Служба

Расійскі камандзір дывізіі загадаў салдат і афіцэраў, якія скардзіліся на ўмовы службы, пасадзіць у падвал і кінуць у яго гранаты 

02.10.2024 19:36
Кіраўніцтва расійскай 6-й мотастралковай дывізіі, якая была створаная ўжо пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну і складаецца пераважна з мабілізаваных салдат, абвінавачваецца ў катаваннях і забойствах падначаленых.
Расійскі салдат у акопахKosmogenez/Shutterstock

Раніца 4 ліпеня 2023 года з населенага пункту Папасная Луганскай вобласці выязджае УАЗ «Патрыёт». У ім – дзевяць расійскіх вайскоўцаў. Толькі двое з іх пры зброі. УАЗ накіроўваецца да лініі фронту, у сяло Бахмуцкае Данецкай вобласці. Наперадзе едзе яшчэ адзін аўтамабіль, у ім – трое мужчын у форме. Каля сямі раніцы абедзве машыны спыняюцца каля прыватнага дома. Семярых бяззбройных салдат з «Патрыёта» прымушаюць спусціцца ў падвал. Як толькі тыя заходзяць, у памяшканне ляцяць пяць гранат. Адзін з вайскоўцаў ідзе праверыць, ці ўсе ягоныя таварышы мёртвыя. Ацалелых дабівае з пісталета. Каб схаваць злачынства, целы мужчын і УАЗ спальваюць, паведамляе польскае выданне Forsal са спасылкай на ўкраінскіх і расійскіх журналістаў.

6-ю мотастралковую дывізію пры Заходняй ваеннай акрузе расійскай арміі стварылі ў 2022 годзе. У яе склад уваходзіць некалькі палкоў, сфарміраваных пераважна з мабілізаваных. Кіраваць дывізіяй прызначылі тады яшчэ палкоўніка, а цяпер генерал-маёра Марата Аспанава.

Увесну 2023-га вайскоўцы з падраздзяленняў, якія ўваходзяць у 6-ю дывізію, пачалі скардзіцца на ўмовы службы і дрэннае стаўленне. У прыватнасці, яны запісалі відэа, у якім расказалі, што з іх робяць «гарматнае мяса».

Салдаты таксама скардзіліся на невыносныя ўмовы службы: немагчымасць памыцца, схадзіць па прадукты, ім даводзілася ваяваць на паламанай тэхніцы, з недастатковай экіпіроўкай, не была наладжаная эвакуацыя з поля бою. Адказным за дрэннае стаўленне да вайскоўцаў называлі камандзіра дывізіі Марата Аспанава.

Найбольш актыўных салдат і афіцэраў, якія скардзіліся на ўмовы службы, Аспанаў вырашыў пакараць. Даручыў ён гэта некаторым сваім падначаленым, якія завезлі сваіх аднапалчан у падвал і падарвалі.

Цяпер выканаўцы злачынства, у тым ліку і Аспанаў, знаходзяцца пад следствам, якое вядзе Следчы камітэт Расіі.

вс