Беларуска-польскія адносіны знаходзяцца ў найгоршым моманце за ўсё гісторыю стасункаў пасля распаду Савецкага Саюза. Рэжым Лукашэнкі адкрыта называе Польшчу ворагам. У выпадку замарожвання канфлікту ва Украіне эксперт не выключае гібрыдных атак з боку Расіі ці нават нападу на Польшчу з беларускай тэрыторыі.
Доўгі час беларуска-польскія адносіны развіваліся пазітыўна, рос гандлёвы абарот, скасоўваліся візавыя ды іншыя абмежаванні. Усё змянілася пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020-га года. Каб утрымацца пры ўладзе Лукашэнка абвясціў Польшчу галоўным ворагам, дзеля забеспячэння сабе падтрымкі з Крамля. За 4 гады двухбаковыя адносіны заняпалі, некаторыя кажуць пра сапраўдную замарозку. Пра стан беларуска польскіх адносіны мы паразмаўлялі з кіраўніком Цэнтра палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.
- Адносіны знаходзяцца на самай ніжэйшай кропцы за ўсю гісторыю існавання Беларусі, як незалежнай дзяржавы, з’яўляюцца найгоршымі з пункту гледжання як зместу, так і ўласна формы. Мы бачым, што меркаванні бяспекі адсунулі на другі план усе іншыя пытанні, нават эканамічнае супрацоўніцтва, тым больш гуманітарнае ды культурнае. Пра палітычнае няма што і казаць! Таксама неактуальным ёсць рэгіянальнае супрацоўніцтва. У аснову адносін цяпер пакладзена канфрантацыя ды супрацьстаянне.
Што з’яўляецца прычынай гэтай варажнечы?
- У першую чаргу сітуацыя ўскладнілася ў звязку з вайной ва Украіне. Гучаць узаемныя абвінавачанні беларускага ды польскага бакоў у эскалацыі ўзброенай сітуацыі праз вучэнні ды дыслакацыю новых падраздзяленняў уздоўж мяжы. Другі момант – гэта вядомы міграцыйны крызіс. Хаця зараз колькасць мігрантаў зменшылася, але да вырашэння крызісу – далёка, і можна чакаць далейшай эскалацыі.
На працягу года з боку рэжыму Лукашэнкі была вельмі жорсткая рыторыка ў адрас Польшчы, кажа эксперт.
- Польшча ў беларускіх афіцыйных дакументах пазначаецца, як крыніца пагрозы. Можна ўзяць і ваенную дактрыну і канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Тое самае гучыць і ў публічных прамовах Лукашэнкі ды іншых афіцыйных асоб. З польскага боку рыторыка менш абразлівая і катэгарычная, але Беларусь разглядаецца як крыніца гібрыднай пагрозы. У перспектыве не выключаецца магчымасць выкарыстання тэрыторыі Беларусі для нападу на Польшчу, ці краіны Балтыі ў будучыні.
Вы лічыце верагодным такі напад?
- Я не думаю, што ў Расіі дастаткова рэсурсаў, каб пачынаць новую вайну. Пасля замарожвання вайны ва Украіне, Крэмль будзе шмат год узнаўляць свой вайсковы патэнцыял. Дастаткова іх стрымлівае вайсковы патэнцыял НАТА. Хутчэй за ўсё Расія будзе працягваць гібрыднае супрацьстаянне ў выглядзе міграцыйнага крызісу, правакацый, інфармацыйнага ціску, акцый на тэрыторыі Польшчы з выкарыстаннем мясцовых радыкальных груп ці крымінальных структур, кантрабанды. Такія выклікі будуць працягвацца, а Беларусь сваім удзелам у міграцыйным крызісе паказвае, якім чынам можа быць задзейнічаная.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч