У нядзелю ў Малдове адбыліся прэзідэнцкія выбары. Па выніках падліку 99% галасоў, дзейсная прэзідэнт Малдовы Мая Санду ў першым туры атрымала 42%.
Другое месца з вынікам 26% заняў былы генеральны пракурор Аляксандр Стаяноглу, які паходзіць з Гагаузіі і падтрымліваецца сацыялістычнымі партыямі, а трэцяе з падтрымкай 13, 74% — былы мэр горада Бельцы Рэнат Усаты.
Разам з прэзідэнцкімі выбарамі прайшоў рэферэндум аб уступленні Малдовы ў ЕС. Вынікі рэферэндуму могуць здацца дзіўнымі, бо, паводле апытанняў, 2/3 малдаван падтрымліваюць еўраінтэграцыю сваёй краіны. Паводле падлікаў ЦВК працэнтная колькасць прыхільнікаў і праціўнікаў далучэння да ЕС аднолькавая — па 50%.
Падчас выбарчай кампаніі паліцыя паведаміла, што малдаўскі алігарх Ілан Шор, які хаваўся ў Маскве, стварыў у Малдове сетку з 130 тысяч чалавек, якім плацілі за падтрымку апанента дзейнага прэзідэнта і галасаванне супраць еўрапейскай інтэграцыі. Прэзідэнт Мая Санду сцвярджае, што была спроба купіць ажно 300 тысяч галасоў:
— У апошнія дні і месяцы Малдова сутыкнулася з беспрэцэдэнтным нападам на свабоду і дэмакратыю. Злачынныя групоўкі і варожыя сілы напалі на нашу краіну з дзясяткамі мільёнаў еўра, хлуснёй, прапагандай і выкарыстаннем самых горшых інструментаў, каб паставіць нашу краіну ў зону нявызначанасці і нестабільнасці. У нас ёсць доказы і сведчанні, што мэтай злачынных груповак была купля 300 тысяч галасоў. Іх мэтай было падарваць дэмакратычны працэс і пасеяць страх і паніку ў грамадстве. Мы не спынім абарону свабоды і дэмакратыі.
У чэрвені 2022 года Малдова атрымала статус кандыдата ў Еўрасаюз, а ў снежні мінулага года пачала перамовы аб уступленні ў Супольнасць. Кішынёў наведваюць еўрапейскія палітыкі — у верасні прыязджаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск і раней у жніўні канцлер Германіі Олаф Шольц. 10 кастрычніка сталіцу Малдовы наведала прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
Палітычны аглядальнік Аляксей Тулбурэ адным з поспехаў прэзідэнта Маі Санду лічыць паскарэнне еўраінтэграцыі:
— Яна засяродзілася на міжнароднай дзейнасці. Яе прымалі ў важных кабінетах і яна здолела пераканаць Еўрасаюз і ЗША ды іншых партнёраў, што Малдова павінна атрымліваць больш дапамогі. Вынікам гэтага з’яўляюцца нашыя поспехі на шляху да еўраінтэграцыі. Безумоўна, гэта адбываецца ва ўмовах вайны ва Украіне, але мы лічым, што гэта перавага нашай улады. Другая перавага — энерганезалежнасць. Мы больш не купляем газу ў «Газпрома». Гэта азначае, што мы ўмацавалі сваю незалежнасць і суверэнітэт. Мы купляем газ на свабодных рынках.
Праблема, аднак, у тым, што ўнутраныя рэформы ў Малдове не ідуць хуткімі тэмпамі. Магчыма, гэта і прычына таго, што Мая Санду не перамагла адразу ў першым туры выбараў. Гаворка ідзе перш за ўсё аб барацьбе з карупцыяй і рэфармаванні судовай сістэмы. Пакуль ніхто з абвінавачаных у хабарніцтве алігархаў і палітыкаў не прыцягнуты да суду. Часцей за ўсё яны пакінулі краіну, напрыклад, Уладзімір Плахатнюк або Ілан Шор, якія, на думку ўладаў у Кішынёве, адказныя за фальсіфікацыю вынікаў выбараў. Шор збег спачатку ў Ізраіль, а затым у Расію. Там нават адбыўся ўстаноўчы з’езд яго групы — «Перамога». «Цяпер ён фаварыт Масквы» — падкрэслівае журналіст і палітычны аглядальнік рускамоўнага малдаўскага інфармацыйнага партала Newsmaker Яўген Чэбан:
— Восенню 2021 года Шор пачаў станавіцца галоўнай прарасейскай палітычнай сілай. Гэта адбылося пасля таго, як лідар сацыялістаў Ігар Дадон, які быў фаварытам Крамля, прайграў прэзідэнцкія выбары 2020 года. Таму Масква пачала шукаць новага прадстаўніка. У 2022 годзе, калі пачалася вайна, прарасійскія сілы, у тым ліку сацыялісты, мусілі шукаць сваю новую ідэнтычнасць, бо ключавым пунктам іх праграмы было сяброўства з Масквой. Яны не ведалі, як сябе паводзіць, калі Расія напала на Украіну. А Шор быў гатовы паўтараць усё, што казала расійская прапаганда. Ён казаў пра пагрозу НАТА, неабходнасць захавання міру і нейтралітэту і ціск ЛГБТ у Еўропе. Так ён атрымаў падтрымку ў Маскве і Крамлі. Цяпер ён пераехаў з Ізраілю ў Расію. Тут, у Малдове, яго падтрымліваюць людзі, якія вераць расійскай прапагандзе. Але самае галоўнае, што ён упампоўвае ў малдаўскую палітыку вялізныя і беспрэцэдэнтныя грошы.
Аляксей Тулбурэ дадае, што скупка галасоў ужо некалькі разоў даказала сваю эфектыўнасць:
— Гэта здаецца фантастычным, але гэта спрацоўвае. Напрыклад, такім чынам была абраная мэр Аргеева, што на поўнач ад Кішынёва. Людзі не ведалі, за каго галасаваць, і ў ноч перад выбарамі людзям папрыходзілі смс-кі. Такім чынам Яўгенія Гуцул таксама стала башканам Гагаузіі, то бок кіраўніком гэтай аўтаномнай вобласці. Так працуе РФ. Там няма ні ідэалогіі, ні праграмаў. Проста купляюць людзей. І гэта працуе, таму што людзі галасуюць і выходзяць на дэманстрацыі за грошы. Гэта асноўны сродак дзеяння Крамля ў спалучэнні з прапагандай, якая ўзгоднена з Масквой. Спачатку мы нешта чуем у Кішынёве, а потым гэта падагравае сваімі заявамі прэс-сакратар МЗС Расіі Марыя Захарава. Людзі ўсё гэта слухаюць. - іх у нас каля 30%.
Масква не шкадуе сіл, каб адбіць ахвоту малдаван да еўраінтэграцыі. Выкарыстоўваюцца тыповыя наратывы пра пагрозу так званай ЛГБТ-ідэалогіі або неабходнасць пазбавіцца ад традыцыйных каштоўнасцяў пасля далучэння да Супольнасці. Акрамя таго, распаўсюджваюць плёткі, што замежнікі будуць скупляць усю зямлю.
На палітычныя погляды ў Малдове ў асноўным уплывае мова, якой карыстаюцца выбаршчыкі. Рускамоўныя часцей за ўсё глядзяць расійскае тэлебачанне або чытаюць расійскія каналы ў telegram. Таму іх погляды падобныя да крамлёўскіх.
Нашы суразмоўцы звяртаюць увагу на яшчэ адзін інструмент уплыву Расіі на Малдову. Гэта праваслаўная царква, падпарадкавана Маскве. Большая частка духавенства баіцца адкрыта дэклараваць прарасейскія погляды, але ёсць група святароў і нават епіскапаў, якія палохаюць народ «гнілым Захадам».
Пытанне сяброўства ў Еўрасаюзе таксама часта звязваюць з уступленнем у НАТА. У Малдове дрэнная ацэнка Паўночнаатлантычнага альянсу засталася з часоў Савецкага Саюза — калі яго прадстаўлялі як агрэсіўны блок. Для многіх малдаван гэты наратыў яшчэ жывы, кажа Радыка Панца з «Платформы ініцыятыў на карысць бяспекі і абароны».
— Гэта звязана з тым, што захавалася тое, што казалі ў СССР, і ёсць яшчэ 11-ы артыкул нашай канстытуцыі, дзе гаворыцца, што мы нейтральная дзяржава, хаця ніхто гэтага фактычна не прызнаваў. Парадаксальна, але калі ў 1994 годзе прымалася канстытуцыя, расійскія войскі ўжо знаходзіліся на тэрыторыі Малдовы. Людзі думаюць, што калі мы будзем нейтральныя і нікога не будзем чапаць, то нас ніхто не пакрыўдзіць, будзе мір, і ні ў якім разе не трэба ўступаць у НАТА і ў ЕС, таму што мы не будзем раздражняць Расію. Адзін з наратываў — «у вайне ва Украіне вінаваты НАТА». Пра гэта кажуць расійскія СМІ. «НАТА хацела пашырацца, таму Масква мусіла абараняцца і мусіла напасці на Украіну». Цікава, што поўнамаштабная вайна пачалася ў лютым 2022 года, апытанне было праведзена ў сакавіку і ў нас не было такога адзінства, як у Польшчы ці краінах Балтыі, агульнага пераканання большасці, што трэба ўступаць у НАТА і Еўрапейскі Саюз. Наша грамадства падзелена папалам на заходніх і ўсходніх. І гэта працягваецца ўжо 30 гадоў.
Магчыма, Захад робіць недастаткова, каб прыцягнуць малдаван? У гэта цяжка паверыць, таму што, калі едзеш па гэтай краіне, амаль паўсюль стаяць шыльды, якія паведамляюць, што тая ці іншая дарога, дзіцячая пляцоўка ці нават падземны пераход прафінансаваны Еўрасаюзам.
Як выглядае падтрымка Малдовы, распавядае Томаш Гарбоўскі, дырэктар па партнёрстве і развіцці Фонду Салідарнасці pl, які апошнія 9 гадоў узначальваў прадстаўніцтва Фонду ў Кішынёве.
— Я лічу, што актыўнасць ЕС у плане падтрымкі Малдовы, рэформаў і інвестыцый даволі высокая і ў апошнія гады ўзмацнілася. Што робіць ЕС? Па-першае, ён дае грошы непасрэдна ў дзяржаўны бюджэт Малдовы. Гэта было асабліва важна падчас энергетычнага крызісу, то бок, калі ва Украіне пачалася поўнамаштабная вайна. ЕС выдзеліў сродкі, каб Малдова магла закупляць газ. На першы погляд гэта не відаць, але там шмат экспертаў, якія падтрымліваюць розныя рэформы. Прыклад таму — удзел эксперта з Польшчы, які кансультаваў энергетычную кампанію і фактычна дапамог зрабіць Малдову незалежнай ад расійскага газу, бо кампанія проста пачала набываць газ на еўрапейскіх энергетычных біржах.
10 кастрычніка падчас візіту ў Малдову старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен абвясціла аб выдзяленні Кішынёву беспрэцэдэнтнай фінансавай падтрымкі ў памеры 1, 8 млрд еўра. Гэтая падтрымка будзе аказвацца з дапамогай Механізму рэформаў і росту — гэта новы фінансавы інструмент ЕС, адрасаванаму краінам-кандыдатам.
Пётр Пагажэльскі/яс