Беларуская Служба

«Не мур бароніць мяжу, яе бароняць людзі!» Навуковец пра міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы

21.10.2024 15:32
Польскія ўлады праспалі міграцыйны крызіс 2015 года, не спрагназавалі, што падобныя падзеі могуць паўтарыцца на польскай мяжы, перакананы прафесар факультэта міжнародных адносін Беластоцкага ўніверсітэту Дан’ель Бацькоўскі.
Аўдыё
  • Навуковец пра міграцыйны крызіс на мяжы Польшчы і Беларусі
Ілюстрацыйны здымакhttps://x.com/Straz_Graniczna

Ужо 4 год працягваецца міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю. Толькі цягам апошніх трох дзён (18-20 кастрычніка) супрацоўнікі Падляшскага аддзелу Памежнай службы зафіксавалі амаль 160 спроб нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы.

Сітуацыя на мяжы застаецца напружанай. Нягледзячы на засяроджаныя рэсурсы: тысячы памежнікаў ды жаўнераў, пабудаваны мур на мяжы, польскі бок не можа стабілізаваць сітуацыю. На гэта ўплываюць як вонкавыя так і ўнутраныя фактары, кажа прафесар факультэта міжнародных адносін Беластоцкага ўніверсітэту Дан’ель Бацькоўскі, з якім мы паразмаўлялі пра тое, ці можна інакш вырашыць міграцыйны крызіс на мяжы для Польшчы?

- Можна, калі б мы вучыліся на досведзе іншых краін. Калі б мы вывучылі досвед краін з так званага «Балканскага шляху», скарысталіся вопытам, што атрымала Грэцыя, Італія ды Іспанія. Тады, магчыма, мы пачалі б рыхтавацца раней да крызісу, падрыхтавалі б правілы, як дзейнічаць у такіх сітуацыях. Мы ж пачалі дзейнічаць без падрыхтоўкі паводле прынцыпу: неяк будзе. Неяк не дапамагло.

Польскі бок разлічваў, што мяжу будзе далей ахоўваць беларускі рэжым і не падрыхтаваўся на правакацыю Лукашэнкі, зазначае эксперт.

- Мы верылі ў тое, што на беларускай мяжы дзейнічае «Сістэма» і беларусы будуць пільнаваць мяжу, як раней, каб ніхто не ўцёк адтуль. З польскага боку былі сімвалічна патрулі Памежнай службы, якія час ад часу ездзілі ўздоўж мяжы. У сітуацыі, калі лукашэнкаўская Беларусь пачала выкарыстоўваць мігрантаў у якасці зброі, Польшча была непадрыхтаваная.  Вырашылі, што найлепш змусіць людзей, каб не ішлі. Цяжка змусіць іх да гэтага, калі беларускі бок казаў, што пройдзеце праз мяжу і будзеце ў Еўропе. Яны самі хацелі ісці. Таму быў вялізарны напор. Улада адказала на гэта сілай, бо толькі яе ведала, як інструмент вырашэння праблемы. Задума была такая, што калі мы будзем жорсткія, яны перастануць ісці.

Не перасталі. Польскі бок зноў недаацаніў беларускі рэжым ды людзей, якія прыходзілі, зазначае эксперт

- Калі гэтыя людзі здольныя плыць на плытах па Міжземным моры, праходзіць праз усе межы на Балканах, калі гэтыя людзі ў адчаі ў стане праходзіць праз вялізарныя агароджы ў Іспаніі, могуць плыць на Канарскі выспы, наша затрыманне ды выдаленне ў Беларусь іх не спыніць. Таму што тут ужо Еўропа, куды яны ірвуцца. Частка з іх, не ведаючы геаграфіі, была перакананая, што пасля пераходу мяжы яны будуць у Германіі. Яшчэ маментальна на мяжы з’явіліся кантрабандысты. Мы да гэтага не былі падрыхтаваныя і пачалі будаваць мур. Але не мур бароніць мяжу, яе бароняць людзі. Іх у нас не было.

Цяпер пасля 3 год можна казаць, што сітуацыя змянілася ў лепшы бок?

- Мы крыху паразумнелі, але толькі крышачку. Улады паставілі мур і вырашылі, хопіць інвестыцый у Памежную ахову. Насамрэч у выніку такога крызісу Польшча павінна правесці рэструктурызацыю Памежнай службы. Трэба стварыць нешта накшталт даўняга КАП (Корпусу аховы памежжа), то бок спецыяльных атрадаў, якія набіраюцца з мясцовых жыхароў для аховы мяжы. Яны ведаюць тэрыторыю, усе сцежкі і так далей. Гэтага не зрабілі з-за недахопу рашучасці ды грошай. Гады ідуць, а жаўнеры на мяжы жывуць у вельмі кепскіх умовах. Цяпер увайшла сістэма электроннага маніторынгу, але яна будзе эфектыўнай толькі пры ўмове, што на кожны нелегальны пераход будзе імгненная рэакцыя патрулёў. Гэта не можа быць слабы патруль, які праганяюць камянямі нелегалы. Павінна быць сістэма рэагавання, базы і станіцы, якія дазваляюць хутка рэагаваць. Павінна быць сістэма разведкі, інакш кажучы «Сістэма» павінна з’явіцца з нашага боку на некалькі кіламетраў углыб нашай тэрыторыі. Гэта спародзіць праблемы для навакольнага асяроддзя.

Інакш сітуацыю не апануеш, перакананы прафесар факультэта міжнародных адносін Беластоцкага ўніверсітэту Дан’ель Бацькоўскі.

-  У цяперашняй сітуацыі армія павінна рыхтавацца да абароны, праводзіць вучэнні. Адпраўка танкавых часцей на мяжу не мае сэнсу. Хто тут павінен быць? Тут павінны быць часці разведвальныя, часці  штурмавых дзеянняў, тылавых аперацый. Напрыклад, наш разведвальны полк у Беластоку ды шэраг іншых. Іх прысутнасць на гэтым абшары дадуць ім веды ды вялізарную дадатковую вартасць. У выпадку любога канфлікту менавіта гэтыя часці будуць дзейнічаць на дадзенай тэрыторыі. Тут павінны дзейнічаць жаўнеры, якія згодна з планамі будуць яе бараніць. Так яны будуць добра ведаць тэрыторыю, мясцовыя ўмовы. Для механіка ці кіроўцы Абрамса стаянне пад плотам не дае патрэбных яму навыкаў.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч