Беларуская Служба

КНДР адправіла ў Расію першую партыю салдат, якія, хутчэй за ўсё, будуць напраўленыя на вайну ва Украіну - паўднёвакарэйская разведка

21.10.2024 18:09
Ім выдадзеная расійская форма і падробленыя расійскія дакументы.
Армія КНДРAstrelok/ Shutterstock

Разведка Паўднёвай Карэі паведаміла, што КНДР адправіла ў Расію першую партыю салдат, якія, хутчэй за ўсё, будуць напраўленыя на вайну ва Украіну. А афіцэры-ракетчыкі ўжо там знаходзяцца, пішуць польскія СМІ, у тым ліку Dziennik Gazeta Prawna.

Паўднёвакарэйская разведка апублікавала прэс-рэліз, у якім гаворыцца, што 1 тыс. 500 салдат і афіцэраў арміі КНДР ужо знаходзяцца на палігонах Далёкага Усходу, адкуль, хутчэй за ўсё, будуць напраўленыя ва Украіну. У прыватнасці, паводле разведвальных крыніц, паўночнакарэйскія вайскоўцы знаходзяцца ва Уладзівастоку, Усурыйску, Хабараўску і Благавешчанску. Ім выдадзеная расійская форма і падробленыя расійскія дакументы.

Нядаўна прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы ў Брусэлі, казаў пра 10 тыс. вайскоўцаў з Паўночнай Карэі, якія могуць быць перакінутыя на фронт. У сваю чаргу некаторыя крыніцы ў Паўднёвай Карэі паведамляюць пра 12 тыс. салдат і афіцэраў.

Нядаўна падобную лічбы назваў начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны генерал-лейтэнант Кірыл Буданаў. Паводле яго, КНДР перакіне ва Украіну 11 тыс. вайскоўцаў. Першая група будзе гатовая да 1 лістапада. Буданаў сказаў, што першае паўночнакарэйскае падраздзяленне ў складзе 2 тыс. 600 вайскоўцаў хутчэй за ўсё будзе перакінутае ў Курскую вобласць, частку якой ў жніўні захапілі ўкраінцы.

вс