Партал Forsal.pl прыводзіць словы былога дырэктара Google Эрыка Шміта (Eric Schmidt), які заклікае амерыканскія ўзброеныя сілы замяніць парк «бескарысных» танкаў беспілотнікамі са штучным інтэлектам. Шміт заснаваў стартап па стварэнні беспілотнікаў-камікадзэ для Украіны – нагадвае сайт.
Будучыня канфліктаў - гэта беспілотная вайна
«Я дзесьці чытаў, што ЗША захоўваюць тысячы танкаў. Аддайце іх. Замест гэтага купляйце беспілотнікі», — заявіў Эрык Шміт падчас Future Investment Initiative у Саудаўскай Аравіі. Шміт, былы генеральны дырэктар Google, заснаваў стартап па стварэнні аўтаномных беспілотнікаў-камікадзэ, якія можна будзе перадаць Украіне дзеля барацьбы з расійскімі войскамі. Як піша Bloomberg, Шміт дадаў, што ўкраінска-расійская вайна паказала, як «дрон коштам у 5000 долараў можа знішчыць танк коштам у 5 мільёнаў долараў». Украіна выкарыстоўвае танныя беспілотнікі, каб супрацьстаяць ваеннай перавазе Расіі, хаця і танкі надалей адыгрываюць важную ролю ў вайне.
Шміт, які пакінуў сваю пасаду ў радзе дырэктараў мацярынскай кампаніі Google Alphabet у 2019 годзе, на працягу многіх гадоў дзейнічаў у якасці сувязнога паміж Сіліконавай далінай і ўрадам ЗША. З 2016 па 2020 гады ён быў старшынёй рады па абаронных інавацыях ЗША. Ён таксама ўзначальваў Камісію нацыянальнай бяспекі па штучным інтэлекце, якая ў 2021 годзе прадставіла Кангрэсу рэкамендацыі аб тым, як найлепшым чынам выкарыстоўваць штучны інтэлект для нацыянальнай бяспекі і абароны.
Палітычныя эліты даволі інэртныя
Тактыка Украіны і Расіі па выкарыстоўванні беспілотнікаў мяняецца кожныя тры-шэсць тыдняў, калі праціўнікі спяшаюцца ўкараняць інавацыі, сказаў Шміт. «Кошт тэхналогій падае так хутка, што беспілотная вайна, якая з'яўляецца будучыняй канфліктаў, у рэшце рэшт прымусіць нас пазбавіцца ад танкаў, артылерыі і мінамётаў», - дадаў ён. Тым не менш, Шміт лічыць, што ўрады і ваенныя камандзіры на Захадзе будуць звыкацца з гэтай думкай даволі павольна. Ён дадаў, што, нягледзячы на радыкальныя змены на полі бою, арганізацыйныя і палітычныя структуры хутка не мяняюцца.
нг