5 лістапада ў 50 амерыканскіх штатах і ў акрузе Калумбія праходзяць выбары новага прэзідэнта. Грамадзяне ЗША вырашаюць, хто стане 47-м кіраўніком іх краіны — віцэ-прэзідэнт Камала Харыс ці былы прэзідэнт Дональд Трамп.
Першым пачало галасаваць Усходняе ўзбярэжжа ЗША. А 6:00 раніцы па мясцовым часе, гэта значыць апоўдні па цэнтральнаеўрапейскім часе, адкрыліся выбарчыя ўчасткі ў штатах Канектыкут, Мэн, Нью-Ёрк і Вірджынія. Паўгадзіны пазней пачалі галасаваць жыхары аднаго з ключавых штатаў Паўночная Караліна, а ў 13.00 нашага часу на выбары пайшлі Пенсільванія і Джорджыя.
Галасаванне ў Дзень выбараў на выбарчым участку ў Бруклін Боро Хол
Паколькі Злучаныя Штаты знаходзяцца ў чатырох гадзінных паясах, выбарчыя ўчасткі ў цэнтральных і заходніх штатах адкрыюцца ў наступныя гадзіны. Першы з ключавых штатаў - Джорджыя - пачне падлік галасоў а 1 гадзіне ўначы па нашым часе. У апошнім з іх — Невадзе — выбарчыя памяшканні закрыюцца а 4 гадзіны раніцы ў Еўропе.
Вынікі з асобных выбарчых камісій пачнуць публікавацца неўзабаве пасля заканчэння галасавання ў кожным штаце. У звязку з гэтым доўга будзе незразумела, хто стане пераможцам гонкі за Белы дом.
Як распавёў Польскаму радыё амерыканіст з Сілезскага ўніверсітэту доктар Марцін Сарнэк, афіцыйныя вынікі будуць зацверджаныя на супольным пасяджэнні абедзвюх палат амерыканскага парламенту 6 студзеня. У снежні электары з калегіі выбарцаў аддадуць свае галасы непасрэдны за прэзідэнта.
– У снежні галасуе калегія электараў, а некалькі дзён перад гэтым усе галасы з усіх штатаў (канкрэтны 11-га снежня) павінны быць зацверджаныя парламентамі штатаў ці адмысловыя выбарчыя камісіі. У кожным са штатаў дзейнічае правіла, што пераможца забірае ўсе галасы. Таму галасаванні электараў заўсёды мелі цырыманіяльны характар.
Падчас сёлетняй перадвыбарчай кампаніі за найвышэйшую пасаду ў краіне змагаліся спачатку дзейсны прэзідэнт Джо Байдэн, які зняў сваю кандыдатуры на карысць цяперашняй віцэ-прэзідэнт Камалы Харыс і былы прэзідэнт Дональд Трамп. Як прайшла гэтая кампанія, распавяла карэспандэнтка Польскага радыё ў ЗША Магдалена Скаеўска.
– Гэта была вельмі доўгая ды інтэнсіўная кампанія. Падчас побыту ў ЗША, па дарозе з Пенсільваніі ў Фларыду, я размаўляла з рознымі людзьмі, розных поглядаў: рашучымі дэмакратамі ды катэгарычнымі рэспубліканцамі, і нявызначанымі, каму не падабаецца ані Камала Харыс, ані Дональд Трамп. Сёння ЗША моцна падзеленыя. У гэтым трагедыя цяперашняй Амерыкі, што грамадства трымаецца супрацьлеглых поглядаў, сацыялагічныя апытанні паказваюць, што падзел прыкладна на палову – па 50%. Вынік будзе залежыць ад таго наколькі кандыдатам удасца выйсці па-за кола сваіх прыхільнікаў, дагрукацца да выбарцаў з іншымі поглядамі. У выпадку Харыс – да мужчын, у выпадку Трампа – да жанчын. Гэта ключавы фактар перамогі ў змаганні за Белы Дом.
Паводле апытанняў, змаганне за пасаду прэзідэнта сёлета вельмі напружанае.
Віцэ-прэзідэнт ЗША і кандыдат у прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі Камала Харыс звяртаецца да прыхільнікаў падчас перадвыбарчай акцыі ў Філадэльфіі, штат Пенсільванія
Барацьба ідзе да апошняга моманту, кажа палітолаг Марцін Сарнэк. Магчыма падчас сёлетніх выбараў рашучую ролю ў перамозе ўпершыню ў ЗША згуляюць жанчыны, зазначае спецыяліст.
– Вынікі сацыялагічных апытанняў сведчаць, што барацьба вельмі напружаная. Апошнія дадзеныя з раніцы сведчаць пра невялікую перавагу Камалы Харыс, але тут няма ўпэўненасці. Дакладна можна сказаць толькі адно, што амерыканцы будуць рэагаваць на вынікі вельмі нервова, спадзеючыся на нейкі пералом. Пры гэтым цяжка назваць адну канкрэтную дэмаграфічную групу, якая пераважыць вынікі выбараў, але найбольш значэнне сёння будуць мець жанчыны. Раней менавіта яны былі маргіналізаваныя ў палітычным працэсе.
Але меркаванні амерыканскі жанчын таксама моцна падзеленыя, кажа Мэры Вуджэк з Пенсільваніі.
– Я паходжу з незаможнай сям’і, ангельская не была роднай мовай маіх бацькоў. Мама гаварыла па-італьянску, а тата па –польску. Ангельскую вывучылі ў школе, я расла ў свеце, дзе бацькі чакалі ад мяне, што буду хадзіць у школу ды добра вучыцца. Бацькі доўгі час галасавалі па рознаму, толькі падчас вайну ў В'етнаме прагаласавалі за аднаго кандыдата. Мы сталі больш ліберальнай сям’ёй. Я веру, што пры дэмакратах людзі могуць лепш развівацца. Але ў мінулым дэмакраты часта глядзелі з пагардай на людзей без адукацыі ды моцна рэлігійных. На жаль наша грамадства моцна падзеленае. Медыя кажуць толькі тое, што людзі хочуць пачуць. Таму кожная з груп застаецца ў сваім медыйным баўдыры. У выніку няма агульнага форуму, дзе можна разам размаўляць пра вырашэнне праблем.
Каманда Дональда Трампа спадзяецца, што перавагу Камалы Харыс сярод жанчын ураўнаважаць маладыя амерыканцы, якія ў большасці з’яўляюцца прыхільнікамі былога прэзідэнта.
Кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі і былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на перадвыбарчым мітынгу ў Гранд-Рапідс, штат Мічыган
У такой сітуацыі, калі абодва кандыдаты маюць параўнальную падтрымку, падлік вынікаў будзе вельмі доўгачасовым, зазначае прафесар з Гданьскага ўніверсітэту Ганна Мазуркевіч.
– Пры такой маленькай розніцы ў падтрымцы, з якой мы маем справу, і адначасова з вельмі складанай працэдурай падліку галасоў, падліку галасоў будзе доўгачасовым і запатрабуе вялізарныя наклады працы, тым больш, што за падлікам будуць сачыць назіральнікі ад кожнага з кандыдатаў. Я думаю праз тыдзень будуць вядомыя вынікі.
За выбарамі ў ЗША сочаць не толькі амерыканцы, але ў Еўропе. Паводле апытанняў, большасць галандцаў хацелі б, каб Камала Харыс перамагла на выбарах у ЗША. Пераважная большасць італьянцаў аддаюць перавагу кандыдату ад дэмакратаў на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША, але не давяраюць ані Камале Харыс, ані Дональду Трампу. Польскія ўлады кажуць пра гатоўнасць супрацоўнічаць з кожным амерыканскім прэзідэнтам. Пра гэта заявіў віцэ-кіраўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна.
– Мы назіраем ды імкнёмся дбаць пра інтарэсы нашай краіны ды мець добрыя кантакты з абодвума палітычнымі лагерамі. Ідзецца пра цяперашніх ды будучых працаўніках прэзідэнцкай адміністрацыі. Пры гэтым, я хацеў бы станоўча падкрэсліць, што прэзідэнцтва Джо Байдэна была для Польшчы, Еўрасаюза ды свету ідэальным ды эфектыўным часам. Пра гэта сведчыць той факт, што дзякуючы дапамозе ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, Украіна працягвае бараніцца.
Вельмі ўважліва за выбарамі за акіянам сочаць ва Украіне. Далейшая падтрымка Украіны або вырашэнне канфлікту за адну ноч - такія заявы рабілі Камала Харыс і Дональд Трамп падчас выбарчай кампаніі ў ЗША. На думку экспертаў, ад перамогі дэмакраткі Камалы Харыс або рэспубліканца Дональда Трампа будзе залежыць далейшая дапамога Ўкраіне, якая змагаецца з расійскай агрэсіяй.
Прафесар Богдан Шклярскі з Цэнтру амерыканскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту лічыць, што, нягледзячы на паведамленні пра цесныя кантакты паміж Дональдам Трампам і Уладзімерам Пуціным, абранне прэзідэнтам менавіта гэтага кандыдата неабавязкова можа быць добрым для Расіі.
– Каб паразумецца з Трампам трэба мець прапанову для яго. На дадзены момант я не бачу, каб у Масквы была прапанова для Трампа, якая б яго задаволіла. Мірная прапанова – гэта недастаткова. Што тычыцца дэмакратаў, яны больш падзеленыя і прасцей граць на падзелах унутры Дэмакратычнай партыі.
Дональд Трамп падчас выбарчай кампаніі неаднаразова заяўляў, што калі б ён заставаўся ў Белым доме, Пуцін не адважыўся б на поўнамаштабны напад на Украіну. Ён заявіў, што ў выпадку перамогі на выбарах спыніць вайну «на працягу 24 гадзін». Аднак ён ніколі публічна не казаў, як плануе гэта ажыццявіць.
Юры Ліхтаровіч