«Кавалеры і дамы Суверэннага ордэна св. Станіслава біскупa мучанікa Малапольскага Прыярата мае гонар запрасіць вас на ўрачыстасць 162-й Інвестытуры Сусветнага Ордэна св. Станіслава біскупа мучаніка 14 кастрычніка 2023 г. у базіліцы айцоў Паўлінаў на Скалцы ў Кракаве» – электронны ліст такога зместу з прымацаваным дадаткам быў адпраўлены ў мінулым годзе на дакладна падабраную групу адрасоў электроннай пошты са спецыяльна створаных для гэтага акаўнтаў. Пры адкрыцці дадатку загружалася вірусная праграма, адзначаецца ў «Справаздачы аб стане бяспекі кіберпрасторы ў Рэспубліцы Польшча ў 2023 г.», падрыхтаванай Групай рэагавання на інцыдэнты камп'ютарнай бяспекі CSIRT GOV, падпарадкаванай Агенцтву ўнутранай бяспекі (ABW). Штогод Агенцтва публікуе падобныя справаздачы. Пра гэта напісала газета «Rzeczpospolita».
Мэйлы рассылаліся падчас леташняй выбарчай кампаніі ў польскі Сейм і Сенат, і за ёй стаяла група кіберзлачынцаў UNC1151, якую польскія спецслужбы звязваюць з беларускім рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. У справаздачы не паведамляецца, ані хто атрымаў заражаныя электронныя лісты, ані якія былі наступствы.
У справаздачы за 2023 г. яшчэ сцвярджаецца, што перад выбарамі ў Польшчы расійскія і беларускія службы ажыццяўлялі не толькі спецыялізаваныя атакі, але і дэзінфармацыйную дзейнасць.
Кіберзлачынцы з Беларусі атакавалі са жніўня па кастрычнік (парламенцкія выбары адбыліся ў кастрычніку - рэд.) рассылаючы па электроннай пошце запрашэнні на культурныя мерапрыемствы або фальшывыя сертыфікаты на ўдзел у курсах.
Як піша ABW, леташняе галасаванне на выбарах «стала стымулам для актывізацыі дзейнасці груповак, якія праводзяць сацыяльна-інжынерныя і дэзінфармацыйныя атакі з выкарыстаннем розных СМІ». У сацыяльных сетках з'явіўся ілжывы кантэнт, стылізаваны пад перадвыбарчыя паведамленні, напрыклад, што ўрад «Права і справядлівасць» хоча ўвесці бясплатнае пахаванне пенсіянераў або абавязковую вайсковую службу.
Паводле экспертаў, характар распаўсюджанага кантэнту таксама «сведчыў пра ўдзел з боку Расійскай Федэрацыі», а Агенцтва ўнутранай бяспекі яшчэ ў 2020 годзе папярэджвала, што Расія спрабуе паўплываць на ход выбараў у Польшчы.
– Расіяне ставяцца да выбараў у заходніх краінах як да моманту, калі можна, па-першае, паспрабаваць паўплываць на іх вынікі, а па-другое, падарваць давер да дэмакратычных сістэм, – кажа былы ўпаўнаважаны ўрада па бяспецы польскай інфармацыйнай прасторы, цяпер дарадца прэзідэнта Анджэя Дуды, Станіслаў Жарын.
Ён распавёў, што летась у Польшчы пасля завяршэння выбарчай агітацыі камусьці ўдалося захапіць экраны ў гандлёвых цэнтрах для трансляцыі палітычных лозунгаў.
У справаздачы Агенцтва ўнутранай бяспекі апісваюцца атакі чатырох іншых груп, звязаных з расійскімі службамі. Яны нацэліліся на польскую дзяржаўную адміністрацыю, выдаючы сябе, між іншым, за Міністэрства абароны Украіны або польскіх дыпламатычных супрацоўнікаў, чытаем на сайце «Rzeczpospolita».
яс