Гучаць супрацьлеглыя меркаванні, што Трамп прадасць Украіну, або ўзмацніць ціск на Расію. Спрагназаваць пазіцыю новага амерыканскага прэзідэнта пакуль вельмі цяжка, перакананы палітолаг Павал Усаў. Пры гэтым адмысловец зазначае, што горш чым пры Байдане не павінна быць.
Падчас выбарчай кампаніі Дональд Трамп казаў, што спыніць вайну ва Украіне за 24 гадзіны. Пасля яго абрання прайшло ўжо больш за 24 гадзіны, а вайна ідзе. У амерыканскай прэсе пачалі з’яўляцца артыкулы пра тое, на якіх умовах вайна можа быць спыненая. Найчасцей гучыць варыянт па лініі фронту, што непажадана для Украіны.
Расійскае кіраўніцтва вуснамі Пуціна, падчас яго выступу на пасяджэнні дыскусійнага клуба «Валдай», заявіла, што словы Дональда Трампа аб імкненні аднавіць адносіны з Расіяй і «садзейнічаць завяршэнню ўкраінскага крызісу» заслугоўваюць увагі. Праўда пазней, Пяскоў дадаў, што гатоўнасць Пуціна абмяркоўваць з Трампам завяршэнне вайны ва Украіне не азначае «змен мэт СВА».
Ва Украіне пакуль таксама стрымана ставяцца да перамогі Трампа і ягоных планаў па завяршэнні вайны. Звяртаецца ўвага на тое, што Дональд Трамп неаднаразова выказваў сімпатыю да Пуціна і нават шантажаваў Украіну, прыпыняючы ваенную дапамогу. З іншага боку, украінскія ўлады спадзяюцца, што новы амерыканскі прэзідэнт можа запрапанаваць нечаканае вырашэнне па выхадзе з зацяжнога вайсковага канфлікту. Тым больш, што нягледзячы на публічныя заявы адміністрацыі Байдэна аб падтрымцы Украіны, на самой справе ваенная дапамога паступала абмежавана і з затрымкамі.
Пра тое, што чакаць у бліжэйшы час у канфлікце ва Украіне ў звязку са зменай прэзідэнта ў ЗША, мы паразмаўлялі з нашым аглядальнікам палітолагам Паўлам Усавым.
– Цягам наступных трох месяцаў відавочна будзе параліч у палітыцы ЗША. Гэта будзе пераходны перыяд перадачы ўлады ды змены адміністрацыі. Гэты час вельмі важны для Расіі па рэалізацыі наступальных дзеянняў з мэтай максімальнага прасоўвання па тэрыторыі Украіны. Але ў Расіі не хапае рэсурсаў на рэалізацыю сур’ёзных наступальных дзеянняў. Прыход зімы запаволіць наступ на фронце. Найбольш ключавымі для Украіны будуць апошнія тыдні лістапада. Трапм можа пачаць рэалізоўваць больш жорсткую антырасейскую палітыку па ўсіх франтах. Апроч паставак зброі Украіне, Трамп можа абрынуць цэны на нафту, што таксама ўдарыць па Расіі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце аўдыёфайл