Беларуская Служба

«Еўропа павінна дакладна вызначыць сваю ролю ў сусветнай гонцы»

14.11.2024 12:01
Польшча гатовая пераняць старшынства ў Радзе ЕС, запэўнівае Магдалена Сабковяк-Чарнэцка з Канцылярыі прэм’ера.
Сцяг ЕўрасаюзаCapri23auto/pixabay.com/CC0 Public Domain

Кліматычныя мэты не могуць супярэчыць канкурэнтаздольнасці эканомікі. Мы будзем прасоўваць гэты падыход падчас старшынства ў Радзе ЕС, кажа ў інтэрв’ю газеце Puls Biznesu віцэ-міністр з Канцылярыі прэм’ера Магдалена Сабковяк-Чарнэцка(Magdalena Sobkowiak-Czarnecka).



Хоць польскае старшынства пачынаецца з 1 студзеня, то першыя мерапрыемствы з ім звязаныя, запланаваны на снежань. «У сярэдзіне снежня будуць прадстаўлены агульныя прыярытэты старшынства, а затым галіновыя прыярытэты асобных міністэрстваў», - паясніла віцэ-міністр.

Паводле яе, зараз у праграму старшынства ўносяцца апошнія папраўкі. Асноўны акцэнт зроблены на бяспеку.

Запытаная пра тое, ці змена на пасадзе прэзідэнта ЗША прымусіць польскі ўрад перагледзець прыярытэты старшынства, Магдалена Сабковяк-Чарнэцка адказала, што незалежна ад таго, хто з’яўляецца прэзідэнтам ЗША, Еўропа павінна дакладна вызначыць сваю ролю ў глабальнай гонцы. На яе думку, перамога Дональда Трампа яшчэ больш падкрэслівае прыярытэт развіцця абароннай прамысловасці ў Еўропе і неабходнасць абаперціся на ўласную ваенную вытворчасць, хоць - як яна адзначыла - калі гаворка ідзе пра шлях дасягнення згаданай мэты, то назіраюцца разнагалоссі.  

Наступная важная справа - гэта энергетычная бяспека. Тут прадстаўніца польскага ўраду адзначыла, што амбіцыйныя кліматычныя мэты не павінны супярэчыць канкурэнтаздольнасці або наносіць шкоду грамадзянам.

Магдалена Сабковяк-Чарнэцка таксама паведаміла, што была створаная Рада прадпрымальнікаў пры польскім старшынстве ў Радзе ЕС, у якую ўваходзяць кіраўнікі аб'яднанняў працадаўцаў, прадстаўленых у Радзе сацыяльнага дыялогу.

«Я лічу, што такога шырокага дыялогу па старшынстве ніколі раней не было», -  канстатавала ў інтэрв'ю выданню Puls Biznesu віцэ-міністр з Канцылярыі прэм’ера Магдалена Сабковяк-Чарнэцка.

аз