Беларуская Служба

Для беларусаў з'явілася новая забарона ў Літве. Яна тычыцца тых, хто ездзіць папулярным маршрутам на Захад

14.11.2024 17:05
Litwa, Wilno, zamek Giedymina
Litwa, Wilno, zamek Giedyminashutterstock

Беларусам, якія едуць на транзітным цягніку праз тэрыторыю Літвы ў Калінінград, будуць забаронены пасадка і высадка ў Вільнюсе, паведамляе Delfi са спасылкай на рашэнне літоўскага ўрада.

Грамадзянам Беларусі і Расіі, якія едуць праз тэрыторыю Літвы ў Калінінград, будзе забаронена садзіцца і выходзіць з транзітнага поезда ў Вільнюсе. Такія меры ўжо дзейнічаюць у чыгуначных пунктах пропуску «Кена» на мяжы з Беларуссю і «Кібартай» на граніцы з Калінінградскай вобласцю Расіі.

Чыгуначныя зносіны паміж Беларуссю і Літвой не дзейнічаюць ужо каля чатырох гадоў, але праз тэрыторыю Літвы па-ранейшаму ходзяць транзітныя цягнікі ў Калінінград.

Пасажыраў і раней не выпускалі з вагона на станцыі ў Вільні, аднак, калі тыя нейкім чынам усё ж сыходзілі з цягніка пры наяўнасці шэнгенскай візы, да іх не прымянялі санкцыі.

Напрыклад, такая гісторыя адбылася з двума беларусамі ў студзені 2024 года: персанал транзітнага цягніка Калінінград — Санкт-Пецярбург памылкова адчыніў дзверы, і яны выйшлі на Віленскім вакзале. Тады іх не сталі караць, паколькі ў мужчын былі дзейныя шэнгенскія візы.

Транзітным цягніком праз Літву ў Калінінград часта карыстаюцца беларусы, якія потым з расійскага горада аўтобусамі і маршруткамі дабіраюцца ў Польшчу. Так яны пазбягаюць вялікіх чэргаў на беларуска-польскай мяжы.

Таксама Літва ўвяла абмежаванні на пасажырскія перавозкі нерэгулярнымі міжнароднымі маршрутамі. Забаронены рух аўтобусаў, якія маюць больш за 9 месцаў для сядзення, уключаючы месца вадзіцеля.

zerkalo.io/вх