Беларуская Служба

У Грузіі адбываецца расійскі захоп краіны

02.12.2024 15:38
Ужо некалькі дзён у Тбілісі ды іншых гарадах Грузіі працягваюцца пратэстныя акцыі супраць прарасійскай «Грузінскай мары» і за еўрапейскую будучыню краіны. Калі пратэстоўцы прайграюць, Грузія пяройдзе пад поўны кантроль Расіі, перакананы палітолаг Павал Усаў.
Аўдыё
  • Эксперт: Расія імкнецца аднавіць поўны кантроль над Грузіяй
Паліцыя вадамётамі разганяе пратэстоўцаў перад будынкам парламента ў ТбілісіEPA/DAVID MDZINARISHVILI Dostawca: PAP/EPA

У Грузіі паглыбляецца дзяржаўна-палітычны крызіс, які пачаўся пасля парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка. Гэтым разам грузін абурыла рашэнне ўраду адмовіцца ад еўраінтэграцыі, якое ўлады Грузіі прынялі 28 лістапада. Калі пратэстоўцы прайграюць, Грузія пяройдзе пад поўны кантроль Расіі, перакананы палітолаг Павал Усаў.

Ужо некалькі дзён у Тбілісі ды іншых гарадах Грузіі працягваюцца пратэстныя акцыі супраць прарасійскай «Грузінскай мары» і за еўрапейскую будучыню краіны. Грузінская паліцыя разганяе пратэстоўцаў, якія працягваюць выходзіць на вуліцы сталіцы ўначы. Сілавікі выкарыстоўваюць для разгону мітынгу вадамёты і слёзатачывы газ. Пратэстоўцы ў Тбілісі прымянілі супраць паліцыі кулямёт з феерверкаў.

Усяго, паводле афіцыйных звестак, на апошнім мітынгу затрымалі 50 чалавек, за ўсе тры дні пратэстаў колькасць затрыманых пераваліла за 200 чалавек.

Пра тое, што адбываецца ў Грузіі мы запыталіся ў нашага аглядальніка палітолага Паўла Усава.

—  На нашых вачах адбываецца расійскі захоп Грузіі пры дапамозе мясцовых уладаў. Прычын некалькі. У першую чаргу таму, што «Грузінская мара» імкнецца даўно ўзяць пад кантроль грамадства ў гэтай краіне. Яны спачатку прынялі закон «Аб замежных агентах», каб абмежаваць фінансаванне НДА з-за мяжы. Гэта накіравана супраць дэмакратычных арганізацый. Пратэсты не паўплывалі на прынятае рашэнне. Яшчэ адзін канфлікт узнік на фоне выбарчых фальсіфікацый. Грузіны пратэставалі, але не змаглі дамагчыся перагляду вынікаў выбараў. Апошнім часам урад выступіў з законапраектам пра спыненне ўзаемаадносін з Еўрасаюзам, замарозку еўраінтэграцыі. Гэта можа прывесці да разрыву дамоўленасці аб Асацыяцыі з ЕС і вяртанне візавага рэжыму. Гэта азначае, што Грузія разварочваецца выключна ў бок Расіі, якая яшчэ ў адной краіне перамагла сваімі гібрыднымі дзеяннямі. Захад жа проста не паспявае рэагаваць на тыя выклікі, з якімі яны сутыкаюцца.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце аўдыёфайл