Рэжымныя прапагандысты ў Беларусі пачалі масава каментаваць падзеі ў Сірыі. Нечаканае падзенне «добрага ўладара» Башара Асада выклікала хвалю каментароў з боку лукашэнкаўскіх ідэолагаў, якія пачалі затушоўваць падабенствы паміж двума рэжымамі: у Дамаску ды Мінску, якія трымаюцца на штыках.
Найбольш яркія цытаты абаронцаў беларускага «добрага гаспадара» сабрала «Наша Ніва». Адзін з галоўных жаўнераў дзяржаўнай прапаганды Вадзім Гігін адразу зазначыў, што сірыйскае пытанне не мае ніякага дачынення да Беларусі і што турбавацца павінен Пуцін. Яшчэ адзін вядомы прапагандыст, а цяпер дарадца беларускай амбасады ў Маскве Аляксандр Шпакоўскі заявіў, што «прыклад сірыйскай мадэлі перыяду Башара Асада таксама паказвае, што замежная падтрымка не можа быць трывалай гарантыяй існавання дзяржавы». Салідарны са Шпакоўскім яшчэ адзін агітатар – Аляксей Дзермант. Ён піша ў Telegram: «Галоўны ўрок Сірыі ў тым, што нельга разлічваць толькі на замежную ваенную дапамогу. Галоўнае - моцная армія і спецслужбы - на гэтым нельга эканоміць». На думку Дзерманта, трэба проста працягваць масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Яшчэ адзін прапагандыст Азаронак прысвяціў Сірыі ажно некалькі пастоў, дзе даволі расплывіста тлумачыць, што патрэбна Беларусі, каб Лукашэнка не паўтарыў лёс Асада: «Войска, беспілотнікі, мастацтва, вайскоўцы, навука, валанцёры, прапаганда, разведка і контрвыведка, тэхналогіі, людзі». Іншыя прапагандысты прагназуюць, што праз некалькі месяцаў Сірыя сутыкнецца з крызісам кіравання. З чым звязаная такая абвостраная рэакцыя ў Мінску на падзеі ў далёкай Сірыі, мы запыталіся ў палітолага Паўла Усава.
- З улікам таго, што рэжым Асада лічыўся саюзным для лукашэнкаўскага рэжыму, і ў Сірыі былі размешчаныя расійскія войскі, якія прымалі ўдзел з апазіцыяй, у Мінску ўбачылі паралелі. Тым больш, што клан Асадаў панаваў у Сірыі каля 50 год, дзе ўлада перадавалася ад бацькі да сына. Яшчэ той факт, што такі рэжым абрынуўся так хутка, быў выкарыстаны незалежнымі беларускімі СМІ. Лукашэнкаўская ўлада вельмі нэрвова цяпер рэагуе на выпады з боку апазіцыі. Яны баяцца, што гэта можа абудзіць новыя эмоцыі ўнутры беларускага грамадства, асабліва цяпер напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2025-га года. Яны баяцца, што гэта паўплывае на паводзіны людзей. Таму прапаганда імкнецца нівеляваць уплывы таго, што здарылася ў Сірыі.
Слухайце размову ў аўдыёфайле
Размаўляў Юры Ліхтаровіч