Беларуская Служба

Сакрэтны праект стаў яўным: у Польшчы рыхтуюць ракету, якая можа раззлаваць Расію

28.12.2024 07:00
Трохступеневая субарбітальная ракета — гэта цікавая распрацоўка, якая таксама можа мець патэнцыял у якасці сістэмы супрацьпаветранай абароны.
.      .
Ілюстрацыя. У Польшчы распрацоўваюць уласную балістычную ракету. Anelo / Shutterstock

Калі Пуцін палохае свет сваім «Арэшнікам», а Лукашэнка надзімаецца і дэманструе расійскія «Іскандэры», у Польшчы паціху рыхтуюць ракету, якая можа раззлаваць Расію – піша Forsal.pl. Пакуль што гэты рэвалюцыйны балістычны снарад хаваюць пад выглядам даследчага праекта, але эксперты не сумняюцца, што патрэбная толькі невялікая мадыфікацыя, каб ператварыць яго ў вельмі небяспечную зброю.

У расіян няма сумненняў, ці абстрэльваць украінскія гарады дронамі і ракетамі, але яны вельмі нервуюцца, калі абаронцы Украіны спрабуюць адказаць. І як толькі нейкая ракета трапляе ў расійскі горад ці нафтасховішча, у Крамлі адразу ўзнімаецца крык і пачынаюцца пагрозы ядзернай вайной. Доўгія месяцы Расіі ўдавалася палохаць Захад, каб той не пастаўляў Украіне ракеты далёкага дзеяння, здольныя ўдарыць па цэлях у глыбіні краіны. Але як толькі Захад часткова пераадолеў свае страхі, пачалі паяўляцца навіны, якія, безумоўна, не спадабаюцца Маскве. І гэтыя навіны ідуць з Варшавы, дзе паскорылі распрацоўку ўласнай балістычнай ракеты.

За польскі рэвалюцыйны ракетны праект адказваюць Польская група ўзбраенняў (PGZ) і Ваенныя авіяцыйныя заводы №1. Усё гэта пакуль падаецца як балістычная даследчая ракета, якая выкарыстоўваецца выключна ў навуковых мэтах. Нават назва праекта («Трохступеневая ракетная сістэма па вынясенні даследчых грузаў») не пакідае сумневаў, што гаворка ідзе пра падтрымку польскай навукі. Але ці сапраўды гэта так?

Цяперашняя версія ракеты, над якой працуе PGZ, прызначана для транспартавання грузаў вагой да 40 кг на вышыню больш за 100 км. Яна аснашчана рухавіком на цвёрдым паліве даўжынёй каля 1,8 метра і вагой 48 кг без паліва. Аднак, на думку ваенных экспертаў, такія параметры з'яўляюцца выдатным пунктам адпраўлення для чагосьці большага, чым проста даследчая ракета.

«Трохступеневая субарбітальная ракета — гэта цікавая распрацоўка, якая таксама можа мець патэнцыял у якасці сістэмы супрацьпаветранай абароны. Дзякуючы сваім памерам яна асабліва прыдатная для абароны сярэдняй далёкасці. З дапамогай трох ступеняў ракета можа дасягнуць далёкасці да 150 км», — пішуць спецыялісты Army Recognition пра польскую распрацоўку.

Нават калі снарад дасягне далёкасці 150 км, ён яшчэ не будзе зброяй, якая пагражае вялікім расійскім гарадам. Для гэтага патрэбна нешта значна большае. І, як падаецца, польскі праект можа быць вельмі хутка мадыфікаваны ў зброю з нашмат большым радыусам дзеяння.

«Тое, што робіць гэтую сістэму асабліва цікавай, — гэта яе патэнцыял для маштабавання. Хоць цяперашні праект накіраваны на развіццё навукова-даследчых прац, лёгка ўявіць, што ён ператворыцца ў значна больш эфектыўную зброю. Польшча ўжо даказала, што не баіцца інвеставаць у абарону, а гэты праект адпавядае яе стратэгіі, якая накіравана на дасягненне статусу ваеннай дзяржавы з вялікім патэнцыялам у рэгіёне», — піша пра польскую ракету выданне Bulgarian Military.

нг