Беларуская Служба

Як захаваць бяспеку Польшчы? «Трэба цярпець капрызы Трампа, задавальняць яго купецкі інстынкт»

10.01.2025 13:26
У зменлівым свеце пытанне пошукаў механізмаў эфектыўнай абароны вяртаецца бумерангам.
Аўдыё
  • Ці НАТА - надалей гарант бяспекі Польшчы?
   ,      ( ).
Удзельнікі дыскусіі Яцэк Чапутовіч, Адам Ротфельд і Януш Левандоўскі (злева направа).Фота: Беларуская служба Польскага радыё / Наталля Грышкевіч

Усе польскія ўрады за апошнія 30 гадоў, незалежна ад палітычнай арыентаванасці, лічылі, што НАТА з'яўляецца найважнейшым гарантам бяспекі Польшчы. Тым не менш, беручы пад увагу новыя пагрозы, міжнародную нестабільнасць, неабходна актыўна ўзмацняць элементы абарончай палітыкі дзяржавы. Дыскусія “Будучыня НАТА і Еўрасаюза” прайшла ў Польскім інстытуце міжнародных спраў (PISM – Polski Instytut Spraw Międzynarodowych). На яе былі запрошаныя былыя міністры польскіх урадаў, у тым ліку замежных спраў, аўтары аднайменнай публікацыі, якую выдаў інстытут.

На працягу дзясяткаў гадоў адноснай стабільнасці, палякі прывыклі да таго, што існуе міжнароднае права, непахіснасць межаў і дэмакратычныя правілы гульні, прынамсі сярод важнейшых міжнародных гульцоў. На жаль, сітуацыя ў гэтым плане змянілася, таму неабходна падрыхтавацца да менш стабільных часоў, і старацца змірыцца з тым, што, напрыклад, ЗША ўдзельнічаюць у падзеле сфер уплываў, - адзначыў Яцэк Чапутовіч (Jacek Czaputowicz), які займаў пасаду міністра замежных спраў у 2018-2020 гадах.

- Гэтая парадыгма, што змена межаў немагчымая, здаецца, заканчваецца ў выніку нападзення Расіі на Украіну. У сувязі з гэтым абраны амерыканскі прэзідэнт пачаў казаць пра сферы ўплыву. На маю думку, ён канстатуе тое, што ўжо адбылося – што робіць Расія ва Украіне, што робіць Кітай. У ЗША мяркуюць, што неабходна прыняць гэтыя правілы гульні, бо інакш Расія і Кітай пачнуць усё больш пашыраць свой кантроль. Мы ў Польшчы вельмі прывязаны да ліберальных поглядаў, міжнароднага права, але, на жаль, гэта не ўдасца захаваць. Калі я быў міністрам замежных спраў, галоўнай задачай было не дапусціць разрыву ўзаемаадносін з ЗША. Нагадаю, тады Трамп прыйшоў да ўлады, была  розніца інтарэсаў. Але ўдалося захаваць амерыканскую прысутнасць у Польшчы, што было вельмі важна, асабліва ў кантэксце вайны ва Украіне. Гэтая палітыка была каштоўнай, нас шмат крытыкавалі. Цяпер, на мой погляд, існуе вельмі сур'ёзная рызыка разрыву кантактаў, улада сутыкнулася з той жа праблемай, што і мы. Ці ўрад зможа весці палітыку такім чынам, каб утрымаць ЗША ў Цэнтральнай Еўропе, у Польшчы, таксама ў вайсковым плане? Я ў гэтым не ўпэўнены, таксама не ўпэўнены, што ўлада бачыць такую неабходнасць.

Ці Польшча павінна супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі нават тады, калі амерыканскі прэзідэнт прымае рашэнні, прэзентуе погляды і дзеянні, якія ідуць у разрэз з дэмакратычнымі нормамі? На гэтую дылему звярнуў увагу былы міністр замежных спраў, эксперт у галіне міжнародных адносін Адам Ротфельд (Adam Daniel Rotfeld). На ягоную думку, неабходны больш рэалістычны падыход да міжнародных праблем і геапалітычнага кантэксту. Самае важнае – захаваць дэмакратычныя правілы гульні, і пільна сачыць за тым, што адбываецца ў ЗША.

- Суверэнная дзяржава павінна ўтрымліваць з амерыканцамі не толькі палітычна карэктныя адносіны, сяброўскія і блізкія. Гэтыя кантакты павінны адбывацца з пашанай дэмакратычных правіл. Нельга пагаджацца з тымі правіламі, якія прапануе, скажам, Ілан Маск (блізкі супрацоўнік Трампа – рэд.). Існуюць імперскія канцэпцыі, напрыклад, такія, што Еўропа будзе прымушана ў нейкай ступені падпарадкавацца Расіі. Ёсць урады, якія ў гэта вераць, як венгерскі ці славацкі. На маю думку, гэта няправільна, а важнейшая задача - захаваць дэмакратычны дзяржаўны лад. Я хачу нагадаць публікацыю Мадлейн Олбрайт пад назваю “Увага, фашызм”. Яна перасцерагала перад амерыканскім фашызмам. Таму для нас самае важнае – захаваць дэмакратыю і кіравацца перш за ўсё ўнутранымі патрэбамі Польшчы.  

Так, свет мяняецца, але Польшчы не застаецца нічога іншага, як кожнаю цаной старацца захаваць блізкае супрацоўніцтва з ЗША. Гэта датычыць перш за ўсё пошук пастаўшчыкоў і рынкаў збыту з дружалюбных краін, у тым ліку Штатаў, але таксама прысутнасць суднаў НАТА ў Балтыйскім моры ды прасоўванне ідэі росту выдаткаў на ўзбраенні, - адзначыў экс-міністр фінансаў Польшчы, былы член Еўрапейскай камісіі, а цяпер дэпутат Еўрапарламенту Януш Левандоўскі (Janusz Lewandowski).  

- Трэба цярпець капрызы Трампа, задавальняць яго купецкі інстынкт, купляючы больш амерыканскага звадкаванага газу, бо большасць заказаў на ўзбраенне і так ідзе ў ЗША. На шчасце, 23 краіны ЕС з 27-мі ўжо выдаткоўваюць ці гатовыя выдаткаваць 2% ВУП на ўзбраенні. Мы ведаем, што знаходзімся ў стане гібрыднай вайны, таму важная барацьба з кібератакамі, фейкавымі навінамі, гэта добра бачна на тэрыторыі Балтыкі, дзе мы пастаянна падвяргаемся нейкім правакацыям, якія становяцца ўсё больш небяспечнымі, таму я выступаю за прысутнасць суднаў НАТА. У нас няма выбару, трэба цярпець гульню Трампа, паколькі ЗША —гэта аснова нашай бяспекі, але пры гэтым, неабходна інвеставаць у нашу эканамічную, стратэгічную, ваенную суверэннасць, у прыватнасці ў здабычу карысных мінералаў.

Польшча не мае іншага выбару, чым захоўваць моцныя сувязі з НАТА і ЗША, нягледзячы на ​​спецыфіку палітыкі абранага прэзідэнта Трампа. У той жа час,  неабходна інвеставаць у эканамічны, ваенны і стратэгічны суверэнітэт, каб палякі далей маглі жыць у бяспечнай і мірнай дзяржаве. Такія асноўныя высновы дыскусіі, якая адбылася надоечы ў Польскім інстытуце міжнародных спраў.

нг