Польшча будзе прызнаваць беларускія атэстаты аб сярэдняй адукацыі на ўзроўні польскіх, паведамляе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета па выніках візіту Святланы Ціханоўскай у Польшчу.
Беларускія атэстаты будуць прызнавацца на ўзроўні польскага дакумента аб здачы экзамену матуральнага (egzamin maturalny — польскі адпаведнік іспытаў аб сярэдняй адукацыі, — рэд.).
Патрабаванні да адукацыйных дакументаў будуць уніфікаваны для таго, каб спрасціць паступленне беларусаў у польскія школы і ўніверсітэты.
Прэс-служба Міністэрства адукацыі Польшчы паведаміла, што ў рамках салідарнасці з беларусамі будуць «падрыхтаваны нарматыўныя акты, якія палепшаць працэс прызнання дакументаў беларусаў, якія паступаюць у польскія ўстановы адукацыі».
Сёлета беларусы, якія хацелі паступаць у ВНУ Польшчы, нечакана сустрэліся з шэрагам праблем. Адна з галоўных – гэта патрабаванне паказаць вынікі цэнтральнага тэсціравання за апошнія два гады, што для часткі стала немагчымым. Пасля выявілася іншая праблема – адмовы ў студэнцкіх візах па прычыне адсутнасці дакументаў, якія можна прад’явіць толькі атрымаўшы іх у Польшчы. А гэта немагчыма зрабіць без наяўнасці візы. Атрымалася закрытае кола.
вх