Беларуская Служба

Пануры клімат. Перад «выбарамі» ў Беларусі

23.01.2025 18:32
Беларусы ў Мінску, гаворачы пра будучае галасаванне, кажуць не «выбары прэзідэнта», а «выбары Лукашэнкі».
Ілюстрацыйны здымаккрыніца: Белта

Гэта, бадай, самае кароткае апісанне найважнейшай для рэжыму сёлетняй палітычнай падзеі ў Мінску.

Самога Лукашэнкі поўна паўсюль. Ён амаль без перапынку ездзіць па краіне, чытаючы лекцыі чыноўнікам, пагражаючы ворагам і апазіцыі і, нязменна, абяцае працоўным лепшае жыццё. Усё як звычайна цягам 31 году.

Пытанне пра выбары выклікае гнеў большасці людзей

Спрабаваў размаўляць, але часцей за ўсё чуў: навошта марнаваць час у бязвыходнай сітуацыі, бо ж вынік загадзя вядомы. «Лукашэнка хоча кіраваць, пакуль не здохне», - з горыччу кажуць у Мінску.

Кожны беларус атрымаў у паштовую скрыню па месцы рэгістрацыі раздрукаванае запрашэнне да ўдзелу ў выбарах. У маім пад’ездзе выбары, мусіць, ужо адбыліся, бо такімі карткамі, пакамечанымі ад злосці і разарванымі на кавалкі, на наступны дзень была поўная скрынка на паштовы спам, што вісіць цяпер на першых паверхах амаль кожнага шматкватэрнага дому. Толькі так выбарцы маглі выказаць сваё стаўленне да гэтага палітычнага спектаклю.

Журналісты і палітолагі не маюць ілюзій 

Нашмат больш за галасаванне маіх суразмоўцаў хвалюе, ці вырастуць кошты ў крамах пасля «выбараў Лукашэнкі» і ці спыніць дыктатура палітычныя рэпрэсіі супраць сваіх апанентаў, якія цягнуцца ўжо пяць гадоў. Журналісты і палітолагі не маюць ілюзій ані ў тым, ані ў іншым: так, будуць расці, і не - не спыняцца.

Паколькі напярэдадні выбараў беларускі ўрад на чале з прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам публічна заяўляў, што распрацаваў формулу «справядлівых коштаў», ніхто не сумняецца, што яны будуць расці. Тым больш што заходнія санкцыі за падтрымку Лукашэнкам Расіі ў вайне з Украінай усё яшчэ ўзмацняюцца.

Што да рэпрэсіяў, то, напрыклад, беларускі палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман, які да нядаўняга часу лічыў, што іх маштабы могуць зменшыцца пасля выбараў, нядаўна ў інтэрв'ю YouTube-каналу «Жыццё-Маліна» прызнаў, што памыляўся. Таму што цяперашняя шалёна нізкая падтрымка Лукашэнкі ў грамадстве азначае, што сістэма не можа функцыянаваць без працягу ўціску.

Прапагандысцкія канцэрты «Марафон адзінства»

Тым часам улады ўжо некалькі месяцаў зганяюць супрацоўнікаў бюджэтных установаў і дзяржпрадпрыемстваў па ўсёй краіне на прапагандысцкія канцэрты пад назвай «Марафон адзінства». Каб гэткім чынам паказаць, што пратэсты засталіся ў мінулым і што грамадства падтрымлівае палітыку ўладаў. Завершыцца ўсё на гэтым тыдні мегаканцэртам у сталіцы ў зале на 10 тысяч гледачоў. Кіраўніком гэтай кампаніі фінансаванай з бюджэту з'яўляецца нявестка беларускага дыктатара Ганна Лукашэнка.

«Злавіць монстра, які спрабуе сарваць выбары»

Таксама працягваюцца прапагандысцкія акцыі ў школах. Сярод малодшых школьнікаў была распаўсюджаная брашура «Падарожжа ў краіну выбараў», выдадзеная пры падтрымцы мясцовага Цэнтрвыбаркама. У рамках курса малодшакласнікам ставіцца задача, напрыклад, «злавіць монстра, які спрабуе сарваць выбары». У сваёй сям'і трэба правесці галасаванне – гэта не жарт – пра тое, чым начыніць дранікі – і падлічыць галасы, аддадзеныя на паперках. Ну важны ж аспект сямейнай дэмакратыі!

Тым часам лукашэнкаўская міліцыя ўжо поўным ходам «ловіць монстраў». У многіх рэгіёнах краіны мясцовых апазіцыйных актывістаў наведвалі на даму і прымушалі падпісваць заявы, якія пацвярджаюць, што яны азнаёміліся з папярэджаннем аб недапушчэнні парушэння закону падчас выбараў.

Некалькі чалавек былі затрыманыя. Напрыклад, у Мазыры актывіст Уладзімір Целепун быў асуджаны мясцовым судом 18 студзеня за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі», то бок цытаванне ў сацсетках матэрыялаў незалежнай прэсы, якія мінскія ўлады палічылі «экстрэмісцкімі». Ён выйдзе з-пад варты толькі пасля гэтак званых выбараў.

Замежныя назіральнікі

З 1996 году аніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі адпаведнай дэмакратычным стандартам. І сёлета не будзе інакш. АБСЕ адхіліла запрашэнне назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, а Еўрапарламент і ўрады шэрагу еўрапейскіх краін, у тым ліку Польшчы, ужо заявілі, што не прызнаюць іх вынікаў.

Аднак, як звычайна, у Мінск прыедуць назіральнікі з краін СНД і, напэўна, скажуць, што ўсё прайшло ў адпаведнасці з працэдурамі. Краіны Захаду ў рэжымным спектаклі традыцыйна будуць прадстаўляць чальцы маргінальных прарасійскіх палітычных сілаў.

Дзеля гэтага МЗС у Мінску запрасіла, у тым ліку, трох прарасійскіх палітыкаў са Швейцарыі. Адзін з іх – 61-гадовы Эрык Вэбер – быў асуджаны ў сваёй краіне ў 2014 годзе за… фальсіфікацыю выбараў. Ён заклікаў выбаршчыкаў прагаласаваць за яго двойчы, узяўшы два бюлетэні. У 2024 годзе ён быў, як піша швейцарскае выданне Blick, затрыманы за махлярства. Па словах Вэбера, «Беларусь значна больш сучасная за Швейцарыю», а еўрапейскія СМІ, на ягоную думку, хлусяць пра рэальную сітуацыю ў краіне.

З такімі назіральнікамі можна быць упэўненым, што «выбары Лукашэнкі» ў Беларусі пройдуць спакойна, а ўлада адразу пасля іх завяршэння пачне рэалізоўваць канцэпцыю «справядлівых коштаў» у крамах. Ну бо ж пакамечаныя і парваныя запрашэнні на выбары ў мінскіх спам-скрынях гэта ж не доказ адсутнасці падтрымкі рэжыму народам!

З Беларусі для Польскага радыё – Ян Кшыштаф Міхаляк.