Defence24 адзначае, што польская ваенная моц паказвае слабасць Іспаніі, якая выдаткоўвае на абарону ўдвая менш пры амаль удвая вышэйшым ВУП. Аб гэтым пісаў іспанскі эканамічны штодзённік «El Economista». Выданне адзначыла, што гэта, безумоўна, прыцягне ўвагу новай амерыканскай адміністрацыі з Дональдам Трампам на пасадзе прэзідэнта ЗША.
Газета заўважыла, што ў момант анексіі Крыму Расіяй польскія ўзброеныя сілы займалі дзявятае месца ў НАТА па колькасці войска. Сёння, маючы 200 тысяч вайскоўцаў, Польшча знаходзіцца на трэцім месцы пасля ЗША і Турцыі. Паводле выдання, павелічэнне выдаткаў краін НАТА на абарону выклікана інтэнсіўным узбраеннем Кітая і Расіі. Сітуацыя ў такіх краінах, як Іспанія, якія ў працэнтных адносінах трацяць найменш на абарону ўсяго НАТА, з’яўляецца, на думку газеты, «пагрозай для адзінства Альянсу». «Польшча стала прыкладам для такіх лідараў, як Трамп, у той час як Іспанія з’яўляецца прыкладам, якога варта пазбягаць. Палякі прыкладаюць тытанічныя намаганні, вартыя ўвагі», — піша «El Economista».
Выданне таксама падкрэсліла, што, калі Польшча рэагуе на расійскую пагрозу, Іспанія не прымае мер у адказ на «хуткі прагрэс арміі Марока ў сферы выдаткаў і тэхналогій». Акрамя таго, мараканцы, верагодна, знойдуць саюзніка ў асобе Трампа, асабліва ў кантэксце паставак зброі.
Іспанія цяпер траціць на абарону найменш сярод усіх краін НАТА — летась толькі 1,3% ВУП. Найбольш выдаткоўвае Польшча — больш за 4% ВУП. Урад Педра Санчэса заяўляе, што мае намер дасягнуць мэты ў 2% ВУП на абарону да 2029 года.
нг