Пабачылі, што ёсць у іншых, і зрабілі ў сябе
Беларуская імша адбываецца ў Познані кожную нядзелю ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Маці Божай Суцяшэння. Спадарыня Алена, адна з арганізатарак і заснавальніц беларускай каталіцкай суполкі ў Познані, згадвае, што пабачыла, як вядзецца імша на беларускай мове ў Варшаве, Лодзі, і захацела, каб такое было і ў Познані, дзе яна жыве.
— Спачатку закупілі ўсё патрэбнае, каб праводзіць святую імшу, і знайшлі святара, які на гэта пагадзіўся. Гэта быў ксёндз Адам Врубель. Ён сам паляк, але працаваў у нас у Беларусі ў Дзяржынску і Стаўбцах, быў пробашчам 14 гадоў. Але яму не працягнулі візу, і ён вярнуўся ў Польшчу.
Гэта быў гістарычны момант
Суразмоўца згадвае, што на першую імшу прыйшло вельмі шмат беларусаў, прычым многія прыйшлі проста з цікаўнасці. Усе яны — эмігранты, якія патрапілі ў Польшчу пасля падзей 2020 года.
— Наогул, гэта быў гістарычны момант, бо ўпершыню ў Познані ладзілася святая імша на беларускай мове. Шмат людзей прыйшлі папросту з цікаўнасці. Імша праводзілася ў касцёле Маці Божай з Ля Салет з дазволу пробашча.
Пазней ксяндзу было дастаткова цяжка гэта рабіць, паколькі касцёл невялікі і ў ім служылі толькі два ксяндзы. У нядзелю, напрыклад, даводзілася праводзіць пяць імшаў і яшчэ ў дадатак раз на месяц нашу імшу на беларускай мове. Тады мы звярнуліся да біскупа з просьбай прызначыць нам ксяндза і вызначыць парафію, каб за нас нехта адказваў. На той момант патрапіў ксёндз Валеры, які быў з Беларусі. Яго прызначылі нам душпастырам. І да кастрычніка мінулага года ў нас з ім адбываліся імшы кожную нядзелю.
А пазней беларуская імша пачала адбывацца ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Маці Божай Суцяшэння, дзе і праводзіцца дагэтуль. Імшу, паводле спадарыні Алены, праводзіць па-беларуску ксёндз Адам, які таксама валодае ўкраінскай і расійскай мовамі.
— У нашай суполкі ёсць афіцыйны дакумент, ёсць свой душпастыр. У разе якіх патрэб можна звяртацца і па сакраманты, і прыходзіць на святую імшу, і да споведзі.
З касцёла я і ўзяў беларускасць
Цікаўлюся непасрэдна ў саміх вернікаў, якія прыходзяць на беларускую імшу, што для іх азначае магчымасць на чужыне маліцца на роднай мове? Спадарыня Мар’яна з мужам Кастусём кажуць, што для іх гэта вельмі важна, бо яны з дзяцінства ў Беларусі наведвалі касцёл, дзе імша вялася на беларускай мове.
— Гэта мова ўжо такая сакральная для нас, звязаная з касцёлам, — падкрэслівае Мар’яна. — Таму на іншыя імшы, а ў нас у Беларусі былі і на польскай мове, цяжка хадзіць. Нам было вельмі важна, каб тут захавалася беларуская супольнасць у касцёле.
— Вы сабе калі-небудзь уяўлялі, што давядзецца патрапіць у эміграцыю і наведваць там імшу на беларускай мове? — звяртаюся да Кастуся.
— Канкрэтна наша эміграцыя была вымушанай. Асабіста я ніколі не думаў, што паеду некуды за Беларусь. Таму касцёл для мяне заўсёды быў беларускім, такая прастора, дзе заўсёды размаўлялася на беларускай мове. Адтуль я і ўзяў гэтую беларускасць. А таму для мяне касцёл заўсёды заставаўся беларускамоўным. І калі я прыехаў у Польшчу, то для мяне было вялікім выпрабаваннем тое, што тут імшы праводзіліся толькі па-польску. Пазней я сустрэў Алену, якая сказала, што ёсць ініцыятыва па арганізацыі імшаў на беларускай мове. Я да яе далучыўся, і вось такім чынам мы маем тое, што маем.
Роднае слова — вельмі важнае для нас
Спадар Валер, па веравызнанні грэка-каталік, але наведвае каталіцкую імшу, кажа, што гэта для яго вельмі важна.
— Вельмі прыемна бачыць у храме суайчыннікаў. Мы нядаўна ў Познані, трохі больш за месяц. Вельмі важна, што можна на сваёй роднай мове маліцца. Мы грэка-каталікі, часам прыходзім на імшу ў касцёл, часам ходзім да ўкраінцаў, але гэта не тое. Сваё роднае слова — гэта вельмі важна. І Божае слова па-беларуску — гэта таксама вельмі важна.
Спадарыня Наталля трохі ўсхваляваная падзеяй, але вельмі задаволеная, што, знаходзячыся ў эміграцыі, можа прыйсці і паразмаўляць з Богам на роднай мове.
— Я прызвычаілася па-беларуску з Богам размаўляць, і для мяне вельмі каштоўнае тое, што існуе беларуская каталіцкая суполка. Гэта была асабістая радасць, калі прыехалі ў Познань і даведаліся, што тут існуе імша на беларускай мове. Дзякуй усім стваральнікам суполкі, ксяндзу, які вучыць беларускую мову і гаворыць пропаведзі па-беларуску, дзякуй арганісту і ўсім нашым беларусам, якія ходзяць на імшу.
Святыя імшы на беларускай мове адбываюцца цяпер у васьмі польскіх гарадах
У Варшаве яны ладзяцца больш за 15 гадоў, але не мелі сталага характару. У жніўні 2020 года, калі ва ўсёй Польшчы маліліся за Беларусь, некалькі вернікаў выйшлі з ініцыятывай сталых імшаў на беларускай мове, і ўжо ад кастрычніка 2020 года беларусы разам збіраюцца на святыя імшы.
У Кракаве беларусы пачалі збірацца на святую імшу з кастрычніка 2022 года. Святыя імшы па-беларуску ў Любліне цэлебруюцца ўжо на працягу каля 20 гадоў. Сталыя імшы раз на месяц з’явіліся восенню 2022 года.
Святыя імшы ва Уроцлаве распачаліся ў маі 2021 года і пачаткова былі толькі раз на месяц. Пазней па просьбах вернікаў літургіі адбываюцца двойчы ў месяц.
Святыя імшы ў Лодзі пачалі адбывацца ў кастрычніку 2022 года і адразу набылі сталы характар. У Беластоку каталікі маюць імшу па-беларуску на стала з лістапада 2022 года. Супольнасць беларусаў каталікоў у Гданьску збіраецца на супольную Еўхарыстыю ад 2019 года. І толькі з верасня 2021 года святыя імшы пачалі стала адбывацца штонядзелю і ў вялікія ўрачыстасці.
Павел ЗАЛЕСКІ
слухайце аўдыё