Размова са Змітром Шчыгельскім, намеснікам прадстаўніка па бяспецы і абароне ў Аб’яднаным пераходным кабінеце.
— Падчас дыскусіі на Касцюшкоўскім форуме вы згадалі тое, што фонды не хочуць падтрымліваць ваенізаваныя арганізацыі — мілітарныя і парамілітарныя. Але гэта лагічна для фондаў, якія працуюць з мірнымі тэмамі. У чым ваша прэтэнзія?
Слухайце размову цалкам у далучаным файле!
— Першае, яны не тое што не хочуць, а ў іх статутах і дакументах, rules and regulations, якім карыстаюцца падчас размеркавання дапамогі, проста запісана забарона на фінансаванне мілітарных і парамілітарных арганізацый. Але логікі я не бачу, таму што змянілася эпоха, адбываюцца тэктанічныя зрухі. Мы бачым, што ідзе вайна, пытанні легалізацыі, пытанні пашпартоў, палітзняволеных і гэтак далей. І гэта не будзе вырашана беларусамі, пакуль мы не вернем сябе сваю краіну. Наша галоўная праблема, што мы згубілі краіну. У нас няма ўраду, у нас няма тых структур, якія займаюцца пашпартамі, медыцынаю ды іншым. Нават калі заўтра здымуць санкцыі і Лукашэнка выпусціць усіх палітзняволеных, ён тут жа набярэ новых. Пакуль у яго застаецца кантроль над насельніцтвам і тэрыторыяй, ён заўсёды будзе мець палітзняволеных і будзе імі гандляваць.
Агульная праблема — расійская агрэсія. Пуцін не спыніцца і расіяне не спыняцца таму, што яны спрабуюць адбудаваць імперыю. Ім гэта падабаецца. Таму праблема не ў Пуціне, а ў насельніцтве, абсалютнай большасці якога падабаецца ідэя аднавіць імперыю. Ідуць размовы і пра Фінляндыю, і пра Польшчу, відавочна і пра Беларусь, пра Украіну, пра Малдову.
Еўропе давядзецца вызначыцца, чаго яна жадае? Каб у Варшаве, Гданьску, Беластоку было як у Бучы. Або яна жадае, каб гэтага не здарылася?
Немагчыма гэта вырашыць, калі падтрымліваць праваабаронцаў, медыя. Гэта цудоўна і добра, але асноўнае рашэнне — гэта мілітарная сфера, сфера арміі і спецслужбаў, якія дзесяцігоддзямі недафінансоўваліся ў Еўрасаюзе.
Калі мы кажам пра Беларусь і яе вызваленне, пра тое, што будзе пасля таго як Лукашэнка сыдзе, то я ўпэўнены, што ў першы ж дзень мы сутыкнёмся з агрэсіяй з боку Расійскай Федэрацыі.
Можна будаваць бясконцыя планы, як мы будзем рэфармаваць сістэму аховы здароўя, эканоміку, пісаць канстытуцыю, але, калі беларусы пасля сыходу Лукашэнкі не змогуць абараніць сваю незалежнасць, там будзе чарговая буча ў Асіповічах, чарговы Гастомель у Бабруйску.
— Два пытанні ў кантэксце вашага адказу. Вы кажаце, што Расія хоча адбудаваць імперыю, і я з гэтым не спрачаюся. Але вы пералічваеце краіны, дзе людзі на чакаюць расійскія войскі і Расію. У Крамля, у тым ліку, была памылковая інфармацыя, што ва Украіне пэўная частка людзей іх чакае з абдымкамі. Як будаваць імперыю там, дзе цябе ненавідзяць, мякка кажучы?
— Гвалтам, агнём, мячом, танкам і аўтаматам. Як яны будавалі апошнія 200 год. Абсалютна рэалістычна. Паглядзіце на акупаваную тэрыторыю Украіны, паглядзіце на Крым.
Я ўважліва адсочваю расійскую прапаганду. Навуковыя канферэнцыі, вайсковых тэарэтыкаў, у іх кнігі пра гэта цяпер пішуць. Гэта мэйнстрым, гэта ідзе ў прапагандзе, у публіцыстыцы, ідзе ў значнай частцы расійскай паліталогіі. І на ўсіх узроўнях — пра гэта гаворыць Пуцін, чыноўнікі. І гэта падабаецца насельніцтву. А чаканні ці не чаканні палякаў, прыбалтаў іх ніяк не хвалююць.
Калі вы думаеце, што ў Беластоку не можа паўтарыцца Крым, можа. Больш за тое, калі вы кажаце, што там не чакаюць рускіх, то я скажу, што чакаюць. У тых жа балтыйскіх краінах гэта не большасць, але гэта і не маргінальная меншасць. У Польшчы таксама ёсць некаторыя арганізацыі, якія славяць Пуціна. Іх сёння мала, яны маргінальныя, але калі не будзе супрацьдзеяння, то гэта вялікая пагроза.
І пра Беларусь: або беларусы будуць бегчы да Партугаліі, пакуль будзе пашырацца імперыя, а пасля за акіян — і гэта таксама выхад, або будуць вяртаць сваю Беларусь. Без Беларусі — незалежнай, свабоднай і дэмакратычнай — не будзе бяспекі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
— Узмацняючы мілітарныя і парамілітарныя структуры, мы не атрымаем у нейкі момант ваенную хунту?
— Такая рызыка не выключана, давайце казаць шчыра. Але чаму вы думаеце, што нават хунта будзе горш за Лукашэнку? Згадайце гісторыю Заходняй Германіі, Японіі, згадайце гісторыю Паўднёвай Карэі, якія прышлі да дэмакратыі праз этап хунты. Гэта не лепшы варыянт. Але ў нас цяпер неідэальны свет. У ідэальным свеце працуюць ідэальныя ідэі. Але калі мы не будзем мілітарна рыхтавацца супрацьстаяць расійскай агрэсіі, то будзе яшчэ горш. І наколькі я ведаю тых, хто знаходзіцца ў палку Калінінскага, сярод беларускіх добраахвотнікаў, там няма інтэнцыі на пабудову хунты. Але ёсць інтэнцыя на тое, каб вызваліць Беларусь, правесці транзітны перыяд, падрыхтаваць выбары і перадаць усе магчымыя паўнамоцтвы і кіраванне тым, каго абярэ беларускі народы.
— Як прадстаўнік па бяспецы і абароне ў Аб’яднаным пераходным кабінеце можаце распавесці, як вырашаюцца пытанні з легалізацыяй беларусаў ва Украіне. Агучаныя лічбы паказваюць, што летась адзінкі атрымалі статус абароны ва Украіне.
— Вырашаюцца пытанні дрэнна і марудна. Праблема ў тым, што каб гэтае пытанне вырашылася, неабходна, каб скончылася вайна, таму, што ўсё ўпіраецца ў бяспеку.
Беларусь у гэтым выпадку — краіна-суагрэсар, у 2025-ым годзе запланаваныя вучэнні. Некалькі тыдняў таму ў Кіеве было цікавае мерапрыемства, дзе вайсковыя эксперты і эксперты ў галіне бяспекі абмяркоўвалі перспектывы і ўплыў выбараў прэзідэнта Беларусі, што нядаўна адбыліся. Глядзіце, калі до гэтага Лукашэнка мог нейкім чынам казаць Пуціну, глядзі, я не магу больш, таму, што ў мяне народ, у мяне там былі праблемы, пратэсты. То цяпер, калі ён правёў як бы выбары, яго могуць прымусіць стаць часткай агрэсіі.
Гучала, што выглядае на паўтор сітуацыі 2022-га, калі ва Украіну зайшла расійская армія з Беларусі. Як мінімум, усе эксперты сышліся на тым, што не выключана агрэсія ў кірунку Вільнюса, Сувалкаўскага калідора, магчымыя правакацыі ў дачыненні Республікі Польша, а таксама паўтор заходу на тэрыторыю Украіну з Поўначы. Да гэтага ўсяго трэба рыхтавацца, гэта разумець.
вх