Defence24 друкуе інтэрв'ю з кіраўніком Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны (ГУР, укр. Головне управління розвідки Міністерства оборони України) Кірылам Буданавым. Ён спадзяецца на далейшае развіццё і паглыбленне цеснага супрацоўніцтва з Польшчай.Выданне спытала яго пра стаўленне да мірных перамоў, якія праводзяцца без непасрэднага ўдзелу Украіны.
- На маю думку, перамовы немагчымыя без удзелу Украіны. У перамовах павінны ўдзельнічаць таксама краіны Еўропы.
Пра кантакты з Польшчай і спробы Расіі пасварыць суседзяў Буданаў кажа:
- Расія заўсёды імкнулася і працягне спрабаваць уносіць разлад у нашы адносіны, але мы давяраем мудрасці нашых народаў і ўрадаў. У нас агульная, вялікая і слаўная гісторыя. І Расія заўсёды была для нас супернікам, а часта і ворагам. І разам мы неаднаразова перамагалі яе. Новыя выклікі заўсёды патрабуюць новага падыходу да іх вырашэння. Паколькі ў нас агульныя межы, мы заўсёды будзем імкнуцца да паглыблення супрацоўніцтва. Магчыма, з цягам часу гэта перарасце ў нешта большае. Зараз глабальная сістэма і архітэктура бяспекі праходзяць надзвычай складаныя выпрабаванні. Наша задача – зрабіць іх (саюзы – рэд.) больш эфектыўнымі і моцнымі.
На пытанне пра прагнозы адносна далейшай ваеннай і палітычнай падтрымкі Украіны з боку ЗША і Еўропы, магчымага скарачэння заходняй дапамогі госць выдання адказаў наступнае:
- Скажам шчыра – без ЗША нам будзе вельмі цяжка. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб захаваць іх падтрымку для Украіны. Што тычыцца Еўропы, то немагчыма ўявіць глабальную бяспеку еўрапейскага кантынента без Украіны. І без нашай гераічнай арміі, якая цяпер з’яўляецца найбуйнейшай у Еўропе, загартаванай у найбуйнейшай вайне з часоў Другой сусветнай. У першую чаргу, гэта ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, якое ўжо цяпер шырокае і разнастайнае, і яго неабходна толькі пашыраць, ні ў якім разе не абмяжоўваць. Па-другое, эканамічнае супрацоўніцтва. Разам мы маем сур’ёзны патэнцыял. Польшча заўсёды была «адвакатам» Украіны на шляху ў НАТА і ЕС. Мы па-ранейшаму вельмі разлічваем на яе падтрымку.
На жаль, могуць узнікаць розныя напружанні. Якія крокі варта распачаць, каб у доўгатэрміновай перспектыве захаваць гарманічныя адносіны паміж Украінай і Польшчай?
- Перш за ўсё, я лічу, што трэба перастаць змагацца з прывідамі мінулага. Мінулае трэба прыняць, знайсці агульныя рашэнні або ацэнкі і рухацца наперад. Некаторыя краіны, у першую чаргу Расійская Федэрацыя, працягнуць спрабаваць сеяць разлад паміж нашымі народамі, выкарыстоўваючы гістарычныя супярэчнасці і маніпулюючы імі праз свае спецслужбы. Наша гісторыя павінна нас умацоўваць.
нг