Беларуская Служба

Ігар Случак: Трэба працаваць на карысць нашай адзінай Беларусі, бо ў нас няма ні новай, ні старой, ні нейкай іншай

21.02.2025 06:06
«Спадзяюся, беларусам не прыйдзецца праходзіць ні шлях ірландцаў, ні шлях украінцаў, каб зразумець важнасць нацыянальнай мовы».
Аўдыё
  • Ігар Случак: На сённяшні дзень беларуская мова ў Беларусі фактычна не з'яўляецца дзяржаўнай мовай
                 .
З ініцыятывы Ігара Случака на галоўнай вуліцы Гомеля ўсе шыльды з назвай вуліцы змянілі з рускамоўных на двухмоўныя.Фота: facebook.com/anahornaja

Пра стан беларускай мовы на дзяржаўным узроўні, а таксама пра сітуацыю ў іншых краінах, дзе мова тытульнай нацыі ва ўразлівай сітуацыі, размаўляем з Ігарам Случаком, які шмат гадоў праводзіць паслядоўную палітыку адстойвання правоў беларускамоўных людзей і беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь.

— Дзень роднай мовы для беларусаў, для Беларусі — гэта не зусім свята. А хутчэй дзень, калі гавораць пра праблемы, звязаная з беларускай мовай. Якія агульныя моманты, на ваш погляд, сведчаць пра стан дзяржаўнай, у дадзеным выпадку беларускай мовы сёння ў Беларусі?

Слухайце размову ў далучаным файле!

— На сённяшні дзень я б сказаў, што фактычна беларуская мова ў Беларусі не з'яўляецца дзяржаўнай мовай. Чаму? Таму што беларуская мова амаль не прысутнічае ў сферы дзяржаўнага кіравання, у сферы абслугоўвання, у сферы гандлю і паслуг, амаль не прысутнічае ў сферы адукацыі.

Вельмі з нацяжка яе ўвогуле можна назваць і афіцыйнай мовай. Патрабаваць выкарыстання беларускай мовы можна, але толькі ў выпадку з законам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў — калі ты напісаў свой зварот па-беларуску, то маеш права атрымаць адказ на беларускай мове.

У іншых сферах такіх патрабаванняў няма, у беларусаў няма магчымасці вучыцца на беларускай мове. Ёсць школы, мінімальная колькасць школ з беларускай мовай навучання, але гэта не па той прычыне, што беларусы менавіта ў тых месцах захацелі вучыцца па-беларуску, а таму што заснавальнік гэта навучальнай установы — а гэта звычайна аддзел  адукацыі — проста зрабіў там навучанне на такой мове.

Няма такога патрабавання, што, калі вы сабралі подпісы, заявілі аб сваім жаданні, вам мусяць арганізаваць беларускую школу ці беларускамоўны клас. Заснавальнік установы адукацыі можа проста адмовіць і нават тлумачыць нічога не мусіць.

У Беларусі адбываецца дыскрымінацыя людзей па моўнай прыкмеце і на дзяржаўным узроўні. Таму што руская мова мае прэферэнцыі з боку дзяржавы.

Дзяржаўная моўная палітыка накіравана на тое, што руская мова асноўная.  А беларускамоўны чалавек не мае магчымасці ўплываць на гэтую палітыку.

— Вялікая праблема і ў тым, што няма пераемнасці беларускамоўнай адукацыі. Нават, патрапіўшы ў беларускамоўны садок ці пачатковы клас, верагоднасць вучыцца па-беларуску далей — мінімальная.

— Так. Вы добрую тэму закранулі. Заўжды кажуць, што ў нас каля 10 працэнтаў адукацыі па-беларуску. Але дыспрапорцыя такая, што ў раёнах дзіцячых садкоў з беларускай мовай можа быць 20-30-40 адсоткаў. Але пазней у школе беларускамоўную адукацыю могуць атрымліваць толькі 15 адсоткаў дзяцей. Ва ўніверсітэтах па-беларуску могуць вучыцца толькі 0,8 адсоткі.  І тое я сумняюся, што там усе прадметы выкладаюцца на беларускай мове. Дзяржава, канешне, мусіла б звярнуць на гэта ўвагу, калі б хацела. Што, як 40 адсоткаў дзяцей вучацца на беларускай мове ў садках, то на тэрыторыі той адміністратыўнай, тэрытарыяльнай адзінкі трэба стварыць умовы, каб тыя ж 40 працэнтаў дзяцей маглі працягнуць сваю адукацыю ў школе таксама па-беларуску. А пазней ужо ва ўніверсітэце былі такія магчымасці.

— Ці можаце прывесці прыклад  пазітыўных палітык дзяржаў, дзе ёсць некалькі моў і адна з іх — на слабейшых пазіцыях. Тут будзе дарэчна згадаць Шатландыю, Ірландыю.

— Па аналогіі з Ірландыяй я магу сказаць, што  іх практыкі недастатковыя. Гэта неэфектыўная праца па адраджэнню мовы. Моўныя рашэнні там носяць рэкамендацыйны характар: шыльды павінны быць на дзвюх мовах, аб'явы могуць быць на дзвюх мовах. Няма жорсткай сістэмы адукацыі на дзвюх мовах, альбо каб людзі мелі магчымасць  выбіраць, на якой мове вучыцца. Гэта, можа быць, адзіная краіна, якая мае моцную ідэнтычнасць, але згубіла сваю мову  не пракладае тых намаганняў, які маглі б як незалежная краіна.

Спадзяюся, што беларусам не прыйдзецца праходзіць ні шлях ірландцаў, ні шлях украінцаў, каб зразумець важнасць нацыянальнай мовы і наогул нацыянальнай ідэнтычнасці ў сучасным свеце і для пабудовы незалежнай дзяржавы.

— Якое стаўленне вы бачыце да беларускай мовы сярод людзей?

— І да 2020 года ў большасці чыноўнікаў, калі не браць да ўвагі зусім амаральную вярхушку беларускага чынавенства, стаўленне да беларускай мова было альбо нейтральным, альбо пазітыўным. Іншая справа, што гэтыя людзі ўпісаліся ў сістэму, каб жыць і паразітаваць на грамадскіх сродках, перакладаць паперкі, ствараць непатрэбную работу, але ў цэлым гэта тыя ж самыя беларусы, якія  пайшлі па лёгкаму шляху, пайшлі працаваць на зло, але ў той жа час у сэрцы нянавісці да беларускай мовы альбо дэ беларускага народа не маюць, яны  паразітуюць і жывуць, як ёсць. Яны не хочуць працаваць, не хочуць мяняць некі наратывы. Калі ім прапануюць адкрыць школу новую альбо перавесці на беларускую мову старую, то яны падумаюць, а чым я буду матываваць перад вобласцю, перад начальствам, чаму гэта патрэбна? Трэба пісаць некі паперы, перапісваць нешта, то лепш я не буду гэта рабіць, а гэта проста адседжу свой час.

Што тычыцца грамадства, то, як ні дзіўна, пасля дваццатага года беларуская мова набірае пазіцыі сярод людзей. Я на эміграцыі сам толькі год, апошнія гады я назіраю, што выкарыстання беларускай мовы  было ўсё больш.

— Як вы бачыце трэнд развіцця афіцыйнай моўнай палітыкі на бліжэйшыя гады?

— Я ўпэўнены,  што людзі працягнуць карыстацца беларускай мовай. Гэта колькасць людзей будзе паступова павялічвацца, але гэта не будзе масава, таму што трэба ўмовы, каб адбылося вяртанне. Патрэбныя ўмовы, каб людзям было лёгка камунікаваць на гэтай мове, вучыцца, працаваць. Без дзяржаўнай моўнай палітык масавага росту не будзе. Рэпрэсіўны апарат добра працуе,  каб не даваць людзям адстайваць свае правы ў любых сферах.

З боку дзяржавы, колькі будзе існаваць дзеючы рэжым,  будуць працягваць выкарыстоўваць беларускаю мову як  некі сімвал незалежнасці, у сваіх ідэалагічных момантах — узнагароджванні, правядзенне нейкіх мерапрыемстваў. Але мова не будзе   выходзіць за межы культуры.  Руская мова таксама будзе працягваць дамінаваць.

Але кожны чалавек можа рабіць нешта такое, каб колькасць беларускай мовы павялічвалася. Кожны чалавек вакол сябе можа бачыць, беларускай мовы не хапае, прапаноўваць, спрабаваць гэтую сітуацыю змяніць. Калі звароты будуць не ў стылі, што вы — злачынны рэжым, які знішчае беларускаю мову, і падонкі, а вось тут ёсць руская, але давайце дададзім і беларускую, то, верагодна, рэакцыя будзе пазітыўнай.

Чыноўнікі, якія сядзяць у выканкамах, і самі чакаюць, калі ім нешта нармальнае прапануюць, у мяне склалася такое ўражанне. Яны стаміліся ад вар'яцтва, якое дзеецца апошнія пяць гадоў, яны таксама не хочуць, каб іх звальнялі за «лайкі» 20-гадовай даўніны, яны не хочуць жыць у пастаянным страху, што нехта прыйдзе і нешта ім зробіць, ім таксама надакучылі вар'яцкія загады, ім таксама хочацца зрабіць нешта добрае.

Таму можам ім дапамагчы ў гэтым на карысць нашай адзінай Беларусі. Бо ў нас няма ні новай, ні старой, ні нейкай іншай Беларусі.

Беларусь у нас адна, толькі ў яе цяпер цяжкія часы.

вх