Тры гады ўжо Украіна змагаецца з расійскімі акупантамі. Апошнім часам падзеі моцна паскорылі свой ход, быццам бы пачаліся перамовы аб спыненні вайны, хаця выглядае на тое, што да яе канца яшчэ не так блізка, як хацелася б. Але варта нагадаць аб тым, што расіяне намерваліся захапіць дзяржаву за некалькі дзён або тыдняў і ўладкаваць у Кіеве свой марыянетачны ўрад, прымушаючы прэзідэнта выехаць за мяжу або ліквідуючы яго.
Тое, што ўкраінскі народ не здаўся, а змагаецца з агрэсарам, у вялікай ступені заслуга прэзідэнта Зяленскага. Канешне, папярэднікі ўкраінскага лідара шмат зрабілі дзеля нацыянальнага адраджэння, але фармаванне нацыі закончыў менавіта ён. Сёння пра феномен Уладзіміра Зяленскага мы гутарым з аўтарам кнігі пра ўкраінскага прэзідэнта Наталляй Брыжка-Запур (Natalia Bryżko-Zapór).
Тры гады таму кніга была напісана вельмі хутка, на замову выдавецтва Więzi, якое раней заказала ў вас тэкст з прагнозамі наконт магчымай вайны.
— Усе тады разважалі: уварвуцца ці не, ці будзе вайна, а калі будзе, дык што далей. І я тады ў сваім тэксце напісала, што ўварвуцца і паломяць зубы. А паколькі мала хто так гэта ўспрымаў, выдавецтва, здзіўленае маім прагнозам, таксама замовіла кнігу. Я пісала яе каля двух месяцаў, літаральна дзень і ноч, мы з мужам тады ладзілі яшчэ акцыі дапамогі (украінцам), я адказвала на тэлефонныя званкі, рэжым быў шалёны. Калі б я магла пісаць кнігу ў нармальным рэжыме, выйшла б, напэўна, лепш, але я думаю, што мне ўдалося неяк сінтэзаваць тэматыку, ахапіць яе. Гэта кніга не толькі пра Зяленскага, я таксама хацела паказаць, адкуль узяўся канфлікт, чаму ідзе вайна і чаму Украіна аказвае такі жорсткі супраціў, чаму Зяленскі не ўцёк. Насамрэч, увесь свет быў здзіўлены, што прэзідэнт краіны, якая здавалася абсалютна слабой у параўнанні з Расіяй, не з'ехаў. Прэзідэнт, які не з'яўляецца вайскоўцам, пра якога раней на Захадзе казалі «комік», называлі яго блазнам і часта так успрымалі. Я хацела змяніць гэтае стаўленне. Зяленскі і ягоная каманда вельмі ўсіх здзівілі тым, што засталіся, не з'ехалі фармаваць урад у выгнанні, Амерыка была гатовая даць ім бяспечны прытулак. Гэта быў момант, калі Зяленскі стаў, прынамсі, цягам першага года, самай вядомай палітычнай фігурай у свеце.
Зяленскім захапляліся на Захадзе, ён стаў лідарам заходняй цывілізацыі. Украіна таксама мела амбіцыі стаць еўрапейскім лідарам. Дарэчы, пратэсты на Майдане пачаліся з-за таго, што тагачасны прэзідэнт Віктар Януковіч адмовіўся падпісваць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. А Зяленскага на пачатку вайны нават пачалі называць Уінстанам Чэрчылем нашага часу. Ці ён апраўдаў надзеі?
— Ці Зяленскі сапраўды акажацца Чэрчылем, пакажа час. У канцы кнігі я напісала, што ўсё толькі пачынаецца, таму заўчасна яго ацэньваць. Тым больш, што ён вельмі яшчэ малады палітык. Сітуацыя абсалютна дынамічная, мы не ў стане прагназаваць, чым гэта скончыцца. Можна спрабаваць зрабіць вельмі агульны прагноз. А што ён зрабіў, чым заслужыў такія ацэнкі? Перш за ўсё, прыняў шэраг рашэнняў, якія здаваліся непапулярнымі, ён кожны дзень выступаў перад нацыяй. Выступы, дарэчы, выдатныя, у яго таленавітыя спічрайтары. Некаторыя звароты вартыя таго, каб іх выдаць у кнізе. Канешне, ён здзівіў свет тым, што застаўся, аб'явіў абарону і ўсеагульную мабілізацыю. Ён даваў прыклад непахіснасці, адвагі і барацьбы. Я думаю, што адсюль гэтыя параўнанні, адсюль тагачаснае захапленне вобразам Зяленскага. Пазней быў перыяд, на мяжы 23-га і 24-га гадоў, калі было бачна, што ён вельмі стомлены, цалкам знясілены. І памылак ён, напэўна, тады нарабіў шмат. Я б не хацела яго ацэньваць, гэта можна будзе зрабіць з нейкай перспектывы. Але тады было шмат крытыкі ў яго адрас. Немагчыма сабе ўявіць, каб адзін чалавек мог столькі перанесці. Гэта вялікі цяжар, вялізная адказнасць. Памятаю, калі паявілася інфармацыя пра гібель першага дзіцяці, у яго была якраз прэс-канферэнцыя, і было бачна, як ён уражаны. А колькі цяпер ахвяр вайны? І ўсё гэта на плячах гэтага чалавека.
Трэба сказаць, што Зяленскі ішоў на выбары ў 2019 годзе з намерам спыніць вайну, ён не збіраўся ваяваць з Расіяй. Але сталася так, што яму менавіта прыйшлося адказаць на агрэсію. Зяленскі адразу стаў сімвалам змагарнай Украіны, якая абараняе ад рашызму не толькі сябе, але і ўсю Еўропу. Дарэчы, гэта вельмі таленавіты чалавек, якога называюць self made man – чалавек, які дабіўся ўсяго сам. Таму не дзіўна, што ён не здаўся.
— Ён быў перш за ўсё вельмі эфектыўным менеджарам, які з нуля стварыў велізарную кампанію шоў-бізнесу. Ён быў шоўменам, незвычайна паспяховым. Канешне, ён змяніўся, але шмат гадоў акторскай практыкі яму дапамагаюць звяртацца да людзей у новай ролі. Аднак я лічу, што такому чалавеку, з вясёлым характарам, актору забаўляльнага жанру, цяжка ўзяць на сябе такую ролю, якую ён выконвае цяпер. Нехта яшчэ напіша пра гэта не адзін раман.
Трэба згадаць пра вялізны кантраст паміж Зяленскім і Пуціным. Напрыклад, Пуцін увогуле не кажа пра сваю сям'ю. Пра сваіх дачок ён сказаў «Гэтыя жанчыны». А Зяленскі вельмі ганарыцца сваёй сям'ёй, падкрэслівае ролю жонкі і расказвае пра дзяцей, стараецца берагчы маладых, аб чым можа сведчыць хаця б факт, што людзей да 25 гадоў не прызываюць у войска і не адпраўляюць на вайну. Пры гэтым, Зяленскі вельмі моцна змяніўся за апошнія гады.
— Зяленскі прайшоў доўгі шлях ад жыцця ў Крывым Рогу, расійскамоўным горадзе, які быў савецкім індустрыяльным цэнтрам. Гэта збольшага шлях сённяшняй Украіны. Многія ўкраінцы прайшлі гэты шлях. У 90-я і 2000-я гады ва Украіне шмат разважалі пра ідэнтыфікацыю. Зяленскі прайшоў гэты шлях - ад практычнай адсутнасці нацыянальнай ідэнтыфікацыі да патрыятызму чалавека, які гатовы пайсці на барыкады, пад гарматы. Таму многія людзі атаясамліваюць сябе з ім. У сваю чаргу, у Пуціна, у Расіі быў свой шанец на дэмакратыю, шанец стаць сучаснай дзяржавай. Я маю на ўвазе не ўваход у Еўрапейскі Саюз, а цывілізаваны свет. Яна адмовілася ад гэтага. Уладзімір Пуцін быў прадстаўніком спецслужбаў Савецкага Саюза. У яго адпаведны спосаб мыслення, спосаб успрымання свету, тое, пра што вы кажаце, таксама тычыцца сям’і. І гэта той кірунак, у якім пайшла ўся Расія. Па сутнасці, Пуцін і Зяленскі вельмі добра сімвалізуюць развіццё гэтых дзвюх нацый, шляхі якіх цалкам разышліся ў абсалютна дыяметральна розных кірунках. І, па-мойму, яны больш ніколі не зыдуцца.
Нельга не згадаць таксама пра стаўленне Зяленскага да мовы. Ён, ураджэнец усходняй Украіны, які практычна ўсё жыццё, да абрання прэзідэнтам, размаўляў па-расійску, вельмі хутка перайшоў на ўкраінскую мову. Нават здараюцца забаўныя моманты, калі ён, гаворачы на расійскай мове, просіць сваіх супрацоўнікаў, каб падказалі яму нейкае расійскае слова.
— Гэта такі PR-прыём, хаця магчыма, што цяпер, пасля трох гадоў вайны, ён, верагодна, часцей размаўляе на ўкраінскай, чым на расійскай. Таму не выключаю, што сапраўды забывае расійскія словы. Аднак на пачатку вайны ён выкарыстоўваў такі прыём у размовах, напрыклад, з расійскімі журналістамі, калі шукаў патрэбнае слова і пытаўся: "Як гэта будзе па-руску?". Канешне, такія тэатральныя жэсты могуць прыносіць пэўныя вынікі. Але я пісала ў сваёй кнізе, разважаючы пра выбары, якія ён выйграў, што тады ўпершыню Заходняя Украіна, за выключэннем Львоўскай вобласці, прагаласавала за таго ж кандыдата, што і астатнія вобласці. Раней падзел часта праходзіў па лініі "усход-захад". На маю думку, гэта было звязана з тым, пра што я ўжо казала: ён ішоў тым жа шляхам, якім ішлі многія ўкраінцы ад моманту распаду Савецкага Саюза да анексіі Крыму. Перад гэтым апытанні паказвалі, што большасць украінцаў хацелі ўвайсці ў Еўрасаюз, але не жадалі ўваходзіць у НАТА. Пасля 2014 года гэта змянілася. Для многіх людзей гэта быў той момант, калі яны зрабілі свой выбар, адказалі на пытанне, хто яны.
Будучы моцным лідарам, Зяленскі выклікае таксама шмат негатыўных эмоцый, гучыць шмат галасоў крытыкі ў яго адрас. Напрыклад, многія крытыкуюць яго за тое, што ён не хоча правесці прэзідэнцкія выбары, а нават гучаць закіды, што пад яго кіраваннем Украіна стала значна больш аўтарытарнай дзяржавай.
— Ён, натуральна, мае праціўнікаў. Вынікі выбарчай кампаніі 2019 года паказалі, наколькі вострай была барацьба ва ўкраінскай палітыцы. Яго галоўныя крытыкі – тагачасныя сапернікі, а таксама тыя, хто рыхтуецца да будучых палітычных змаганняў. Але нельга сказаць, што ў яго вельмі шмат ворагаў ва Украіне. Калі глядзець на статыстыку, то, нягледзячы на тое, што вайна працягваецца ўжо тры гады, ягоны рэйтынг застаецца высокім, я думала, што ён будзе падаць хутчэй. Таму цяжка казаць, што ён мае вялікую колькасць праціўнікаў. Але тыя, што ёсць, вельмі актыўныя, не толькі ў СМІ, таксама ў прапагандзе. Можна было б паразважаць, ці добра, што Украіна нават падчас вайны захавала такі ўзровень дэмакратыі. Абвінавачванні ў аўтарытарызме цалкам беспадстаўныя, бо з улікам ваеннага становішча ён мог бы кіраваць выключна як вайсковы лідар, цвёрдай рукой, што часта здараецца ў падобных сітуацыях. Але гэтага не адбылося – ва Украіне працягваюць працаваць самыя розныя медыя, у тым ліку тыя, што крытычна ставяцца да ўлады. Ёсць абсалютная свабода слова. Ці прыносіць гэта карысць Украіне, ці шкодзіць – я не бяруся ацэньваць, гэта ўжо гісторыя ацэніць.
Цяпер сітуацыя дынамічна мяняецца, гісторыя пішацца на нашых вачах. Ідуць перамовы аб заканчэнні вайны, невядома, якім будзе лёс украінскага прэзідэнта ў выніку гэтых падзей. Дональд Трамп назваў яго «дыктатарам», паўтараючы словы расійскай прапаганды. З яго вуснаў таксама прагучаў тэзіс, што ў Зяленскага 4% падтрымкі, што з'яўляецца поўнай лухтой (паводле апошніх апытанняў грамадскай думкі, у яго звыш 50% падтрымкі ва Украіне). Тым не менш, зразумела, што Уладзімір Зяленскі на заўсёды ўвайшоў ужо ў падручнікі па гісторыі. А пра постаць прэзідэнта Украіны з аўтаркай кнігі «Я тут застаюся» (Ja tu zostaję), журналісткай і дырэктаркай Праграмы для замежжа Польскага радыё Наталляй Брыжка-Запур размаўляла Наталля Грышкевіч.