Беларуская Служба

Палітолаг: Малаверагодна, што Пуцін пагодзіцца на прапанову Кіева 

13.03.2025 12:05
Амерыканская дэлегацыя ў чацвер, 13 сакавіка, прыбыла ў Расію, дзе запланаваны кантакты з расійскім бокам. 
:
Палітолаг: Наўрад Пуцін пагодзіцца на прапанову Кіева PAP/EPA/SERGEI ILNITSKY

«Канфлікт ва Украіне нельга спыніць сілай», — заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа ў Ірландыі. У аўторак, 11 сакавіка ў Саудаўскай Аравіі прадстаўнікі Украіны пагадзіліся на 30-дзённае спыненне агню. У адказ ЗША аднавілі пастаўкі зброі і абмен разведдадзенымі. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп цяпер чакае адказу Масквы на ўкраінскую прапанову аб перамір'і. Дзяржсакратар ЗША падкрэсліў, што адзіны спосаб скончыць вайну — гэта перамовы паміж бакамі:

— Мы павінны пачаць гэты працэс, а гэта цяжка пачаць, калі людзі страляюць адзін у аднаго і гінуць. Таму мы спадзяёмся, што зможам спыніць агонь і сесці за стол перамоў, дзе абодва бакі з часам і ўпартай працай знойдуць узаемапрымальны вынік. У выпадку Украіны гэта, відавочна, забяспечыла б яе доўгатэрміновае развіццё і бяспеку.

З-за санкцый, уведзеных супраць Расіі, Еўропе давядзецца ўдзельнічаць у мірных перамовах, заявіў дзяржаўны сакратара ЗША, адзначыўшы, што наступным пытаннем у перамовах аб спыненні агню з'яўляюцца еўрапейскія даклярацыі ваеннай падтрымкі Украіны:

— Я думаю, відавочна, што для таго, каб ва Украіне быў мір, у канцы гэтага працэсу еўрапейцы павінны будуць прыняць рашэнне, аб будучы санкцый. І таму я лічу, што іх абавязкова трэба ўцягваць у перамоўны працэс. Незалежна ад таго, будуць яны задзейнічаны ў пачатку або ў канцы. Паглядзім. І, вядома, ёсць розныя абяцанні ў гарантаванні бяспекі, якія еўрапейскія краіны далі Украіне.  Мяркую, гэтае пытанне таксама будзе часткай перамоваў.

Адказваючы на ​​пытанне аб магчымых формах гарантавання міру ва Украіне, дзяржсакратар ЗША адзначыў, што «ёсць розныя спосабы» прадухіліць вайну ў будучыні,  заявіўшы, што не будзе называць пагадненне аб здабычы ўкраінскіх карысных выкапняў «гарантыяй бяспекі»  для Кіева. 

У сераду, 12 сакавіка, Украіна і ЗША абвясцілі аб будучым падпісанні дамовы аб распрацоўцы ўкраінскіх рэдказямельных металаў, паводле якой ЗША атрымаюць 50% правоў на іх здабычу. Марк Рубіа падкрэсліў, што, незалежна ад гарантый бяспекі для Украіны, пагадненне эканамічна выгаднае для абедзвюх краін:

— Я б не разглядаў гэта як гарантыю бяспекі, але, безумоўна, калі Злучаныя Штаты маюць у гэтым эканамічныя інтарэсы, якія прыносяць прыбытак нашай краіне, а таксама ўкраінскаму народу, тады мы  зацікаўлены ў абароне гэтага, у выпадку пагрозы нашым інтарэсам.

«Украіна хоча трывалага міру», — заявіў міністр замежных спраў Андрэй Сыбіга. Кіраўнік украінскага МЗС выказаў задавальненне вынікамі перамоў у Саудаўскай Арабіі і, знаходзячыся ў Варшаве, падзякаваў Польшчы за падтрымку:

— Украіна — гэта тая дзяржава, якай больш за ўсіх прагне міру. Завяршэння вайны, заключэнне справядлівага і трывалага міру — надзвычай важна для нас. У чарговы разу, хачу сардэчна падзякаваць польскаму боку, народу Польшчы за тую падтрымку, якую мы атрымлівалі і атрымліваем ад вас. 

Укарінскі дыпмламат разам з кіраўніком офіса прэзідэнта Украіны Андрэем Ермаком і міністрам абароны Рустэмам Умеравым былі ў складзе ўкраінскай дэлегацыі падчас перамоваў з прадстаўнікамі ЗША ў Джыдзе (Саудаўская Аравія). 

З тэксту сумеснай заявы ЗША і Украіны, падпісанай па выніках перамоваў, вынікае, што Кіеў пагадзіўся прыняць прапанову ЗША аб неадкладным 30-дзённым спыненні агню, а Вашынгтон неадкладна аднаўляе абмен інфармацыяй і разведданымі, а таксама вяртае ваенную падтрымку.

Прэм'ер Злучанага Каралеўства задаволены пагадненнем дасягнутым у Саудаўскай Аравіі паміж ЗША і Украінай. Кір Стармер заявіў у парламенце, што неабходныя далейшыя крокі:

— Я рады прагрэсу ў адносінах паміж Украінай і ЗША. Цяпер мы павінны падвоіць нашы намаганні для дасягнення трывалага і бяспечнага міру. У суботу я збяру міжнародных лідараў, каб абмеркаваць далейшыя крокі.

Суботняя сустрэча пройдзе анлайн. Паводле папярэдняй інфармацыі, у асноўным гэта будзе датычыцца прысутнасці войскаў некаторых еўрапейскіх краін ва Украіне. Яны б гарантавалі магчымае мірнае пагадненне. Гэтую прапанову прасоўвае Лондан. Некаторыя сталіцы — у тым ліку Варшава — не хочуць адпраўляць ва Украіну сваіх салдат.

Генеральны сакратар ААН спадзяецца на заключэнне справядлівага міру ва Украіне, прызнанага міжнародным правам. Антоніу Гутэрыш вітаў  дамоўленасці ЗША і Украіны і згоду Кіева на 30-дзённае перамір'е:

— Занадта шмат людзей там загінула. Спыненне агню сапраўды было б пазітыўным рашэннем. Мы спадзяемся, што яно спраўдзіцца і адкрые шлях да справядлівага міру. Вы ведаеце, якімі інструментамі можна ўсталяваць справядлівы мір. Гэта Статут ААН, міжнароднае права і рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі.

Украінскі палітолаг Сяргей Целяшун лічыць, што шанцы на  згоду Уладзіміра Пуціна на спыненне агню, вельмі малыя. На яго думку, расійскі дыктатар таксама не гатовы ісці на кампрамісы ў пытаннях акупаваных тэрыторый або нейтральнага статусу Украіны:

— Амерыканцам трэба пачуць ад Расіі, ці гатовая яна таксама пайсці на тэрытарыяльныя саступкі. Раней былі выпадкі, калі падпісваліся так званыя закрытыя пратаколы. Сярод іх пакт Молатава-Рыбентропа і Будапешцкі мемарандум. Гэта дакументы, якія мяняюць сусветны парадак, але наступствы бачныя значна пазней.

Тым часам амерыканская дэлегацыя ў чацвер, 13 сакавіка, прыбыла ў Расію, дзе запланаваны кантакты з расійскім бокам. Раней раніцай інфармацыю аб вылеце амерыканскіх перагаворшчыкаў пацвердзіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў

«Сапраўды, перагаворшчыкі ляцяць, і, сапраўды, кантакты запланаваныя. Мы не будзем забягаць наперад, потым раскажам», – сказаў Пяскоў журналістам у адказ на просьбу пракаментаваць словы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб тым, што яго дэлегацыя накіроўваецца ў Маскву.

Памочнік прэзідэнта РФ Юры Ушакоў, задзейнічаны ў перамоўным працэсе заявіў, штоМасква зацікаўлены ў доўгатэрміновым урэгуляванні канфлікту з Украінай, а не ў часовым спыненні агню.

«Мы лічым, што нашая мэта — гэта доўгатэрміновае мірнае ўрэгуляванне, мы да гэтага імкнемся, мірнае ўрэгуляванне, якое ўлічвае законныя інтарэсы нашай краіны, нашыя вядомыя заклапочанасці. Нейкія крокі, якія імітуюць мірныя дзеянні, мне здаецца, нікому не патрэбныя ў дадзенай сітуацыі»,  сказаў памагаты Пуціа, адзначыўшы, што прадставіў пазіцыю Расіі падчас размовы з саветнікам па нацбяспецы ЗША Майкам Уолцам.

У чэрвені 2024 года Уладзімір Пуцін пералічыў асноўныя ўмовы для перамір'я - сярод іх вывад украінскіх войскаў з Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай абласцей, прычым у іх адміністрацыйных межах, адмова Украіны ад уступлення ў НАТА, зняцце санкцый.

IAR/PAP/эж