У гісторыі Беларусі і Польшчы – шмат супольнага, у тым ліку агульных гістарычных асобаў. Але таксама на беларускай зямлі, якая да Другой сусветнай вайны ўваходзіла ў склад Польшчы, нарадзіліся людзі, якія адыгралі вялікую ролю ў іншых краінах, у тым ліку ў станаўленні і развіцці Дзяржавы Ізраіль. Сёння мы раскажам пра вядомага ізраільскага палітыка, нараджэнца Брэста Менахема Бегіна.
Брэцская моладзь. Лета 1934 года
Менахем Бегін нарадзіўся ў 1913 годзе ў Брэсце. Дарэчы, у расійскіх дакументах ён быў запісаны як Мечыслаў Бягун. Бегін - ізраільскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, шосты прэм'ер-міністр Ізраіля (1977—1983 г.г.). Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1978 год). У розныя гады ў Ізраілі займаў пасады міністра сувязі, міністра юстыцыі, міністра працы і сацыяльнага забеспячэння, міністр транспарту, міністра замежных спраў, міністра абароны і міністра сельскай гаспадаркі.
Яўрэйскія школьнікі на занятках гімнастыкі. 1920-30-я гады. Горад Быдгашч, Польшча
У 1940-х гадах быў кіраўніком яўрэйскай падпольнай арганізацыі «Іргун». Дэпутат Кнесета дзесяці скліканняў – з 1949 года па 1984 год. Заснавальнік і старшыня руху і партыі «Херут» (1948 год), затым - партыі «Лікуд» (з 1973 года). Бегін – вядомы дзеяч ліберальнага сіянізму.
Менахем Бегін вырас у Брэсце, які тады быў шматнацыянальным горадам. З ранняга дзяцінства ён быў актыўным у арганізацыях, звязаных з сіянісцкім рухам - спачатку ў скаўцкай «Хашамер Хацаір», а затым юнаком уступіў у шэрагі міжнароднай яўрэйскай нацыяналістычнай моладзевай арганізацыі «Бейтар». Вучыўся на Юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1935 годзе.
Дзякуючы сваёй харызме ў 1938 годзе ён стаў кіраўніком польскага «Бейтару». У той час арганізацыя мела цесныя сувязі з Войскам Польскім, бо яе апалчэнцы навучаліся польскімі афіцэрамі весці ўзброеную барацьбу за незалежнасць Ізраіля ў Палестыне, гаворыць доктар гістарычных навук Пётр Гантарчык.
— Члены «Бейтару» праходзілі рэгулярную падрыхтоўку ў Войску Польскім. «Бейтар» была адзінай арганізацыяй нацыянальнай меншасці ў даваеннай Польшчы, якая прайшла рэгулярную вайсковую падрыхтоўку. Агулам праз вышкал у арміі прайшло некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Падрыхтоўка займала два гады, а некаторыя кадэты сталі афіцэрамі армейскага рэзерву Войска Польскага.
Менахем Бегін (ніжні шэраг, першы злева) з лідарамі арганізацыі «Бейтар» у Варшаве ў 1939 годзе. commons.wikimedia.org/COURTESY JABOTINSKY INSTITUTE/public domain
У 1938 годзе Бегін стаў дэлегатам «Бейтара» на сусветны з'езд арганізацыі, які праходзіў у Варшаве. Падчас дзейнасці ў ёй садзейнічаў арганізацыі эміграцыі яўрэяў у Палестыну. Бегін быў прадстаўніком гэтак званага рэвізіянісцкага сіянізму, які пастуляваў стварэнне яўрэйскай дзяржавы ў Палестыне і не выключаў выкарыстання сілы для дасягнення гэтай мэты.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны Бегін апынуўся на тэрыторыі Віленшчыны. Калі Савецкі Саюз заняў Вільню ў 1940 годзе, ён быў арыштаваны НКВД і адпраўлены ў працоўны лагер.
Менахем Бегін пасля арышту НКВД у жніўні 1940 года. commons.wikimedia.org/KGB archives/public domain
Бегін быў вызвалены ў 1942 годзе паводле пагаднення Сікорскага-Майскага і ўступіў у Польскія ўзброеныя сілы ў СССР, створаныя пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса. Бегін, як і некалькі сотняў іншых членаў арганізацыі «Бейтар», далучыўся да Арміі Андэрса.
Менахем Бегін у форме Войска Польскага з жонкай Азізай. Тэль-Авіў, 12 снежня 1942 года. commons.wikimedia.org/COURTESY JABOTINSKY INSTITUTE/public domain
Пазней, падчас перакідкі арміі на захад, Бегін і яго таварышы засталіся ў Палестыне, каб далучыцца да ўзброенай барацьбы за Ізраіль. Там ён узначаліў падпольную арганізацыю «Іргун». Пасля Другой сусветнай вайны яна вяла тэрарыстычную дзейнасць, накіраваную супраць брытанцаў, якія кантралявалі тэрыторыю будучай Дзяржавы Ізраіль у рамках Падмандатнай Палестыны.
«Іргун» пад камандаваннем Менахема Бегіна прымаў удзел у вайне за незалежнасць Ізраіля супраць арабскай кааліцыі ў 1948-1949 гадах. Пасля кансалідацыі дзяржавы ён стаў палітыкам і дэпутатам ізраільскага парламенту, узначаліўшы сіянісцкую партыю «Херут».
Шмат гадоў Бегін быў апазіцыйным палітыкам. Ён прыйшоў да ўлады толькі ў 1970-я гады, калі стварыў «Лікуд» — блок правых партыяў, які перамог на выбарах у Ізраілі ў 1977 годзе.
Менахем Бегін прывёў да афіцыйнага прызнання Ерусаліма сталіцай Ізраіля. Як кіраўнік урада, ён быў вядомы сваёй жорсткай пазіцыяй супраць палесцінскіх незалежніцкіх груповак і падтрымкай яўрэйскіх пасяленняў у раёнах, дзе пражывала арабская большасць.
Прэзідэнт Егіпта Анвар Садат (злева) падчас візіту ў Ізраіль сустракаецца з Менахемам Бегінам. Ерусалім, 19 лістапада 1977 года PAP/EPA/YAACOV SAAR/ISRAELI GOVERNMENT PRESS OFFICE
Яго найвялікшым дасягненнем былі перамовы аб мірным пагадненні з Егіптам падчас перамоваў у амерыканскім Кэмп-Дэвідзе. За гэта ён у 1978 годзе разам з прэзідэнтам Егіпта Анварам Садатам атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.
У 1983 годзе сышоў з палітыкі па стане здароўя. Выйшаўшы на пенсію, Бегін пісаў успаміны пра сваё багатае жыццё.
Памёр Менахем Бегін 33 гады таму, 9 сакавіка 1992 года.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл