Беларуская Служба

Варажба на Лукашэнку – навошта Пуцін выклікаў у Маскву свайго падначаленага?

18.03.2025 12:50
Візіты Лукашэнкі ў Маскву, якіх апошнім часам стала шмат, звычайна дзеляць на два тыпы — ціхія і гучныя.
Аляксанд Лукашэнка ў Масквеhttps://t.me/pul_1/16070

Падчас першых два дыктатары сустракаюцца за зачыненымі дзвярыма, і прэсе практычна не кідаюць нават крошак. Палітычныя апаненты Лукашэнкі ў Беларусі характарызуюць іх так: «па грошы паехаў».

Другая разнавіднасць візітаў самаабвешчанага кіраўніка беларускіх уладаў у Маскву мае зусім іншую мэту – Лукашэнка ў Маскве раздае направа і налева інтэрв’ю крамлёўскім прапагандыстам і выпраменьвае аптымізм наконт светлай будучыні Саюза Беларусі і Расіі. А расійскія грамадзяне бачаць, што яны не самотныя ў сваёй барацьбе за «больш справядлівы светапарадак». Урэшце яны маюць на баку моцнага (і што з таго, што адзінага) саюзніка — лукашэнкаўскую Беларусь.

На мінулым тыдні візіт у Маскву быў менавіта такім — гучным. Падчас сустрэчы Лукашэнка зрабіў некалькі цікавых заяваў. Беларускі дыктатар сказаў, што Расія і Беларусь «наеліся вайны» і таму не плануюць нападаць на краіны Еўропы. У размове з расійскай прапагандысткай Вольгай Скабеевай ён пракаментаваў асцярогі краін Еўрасаюза, што Расія можа напасці ў бліжэйшыя пяць гадоў.

«Можа, ім гэта трэба? Я вам скажу, Пуцін і расійскае кіраўніцтва ніякай вайны не плануюць. І праз пяць гадоў вайны не будзе. Вось бачыш, хопіць з нас гэтага. І нават ты, Оля, сапраўдны ваяр, таму што вайна ў СМІ цяпер лютая, — ты б падтрымала вайну з Польшчай праз пяць гадоў? Не, бо навошта яна нам? Ім трэба, каб нагнятаць абстаноўку», — сказаў Лукашэнка.

Ён дадаў, што ведаў бы пра планы Расіі, калі б яны былі.

«Слухайце, калі б мы ішлі, я б дакладна ведаў, таму што ўся аперацыя — гэта паўтары тысячы кіламетраў мяжы з Прыбалтыкай і палякамі. У нас такіх планаў няма» — запэўніў ён.

«Аднойчы я размаўляў з Пуціным пра праблему еўрапейцаў, калі нас пачалі палохаць, што закрыюць Балтыйскае мора і Расія не зможа гандляваць праз Балтыйскае мора. Я сказаў жартам: «Ведаеце, Уладзімір Уладзіміравіч, нам давядзецца выкарыстоўваць ваенныя караблі для суправаджэння нашых танкераў». Пажартавалі, пасмяяліся і ўсё», — сказаў Лукашэнка.

«Мы ніколі не планавалі ніякага нападу на Еўропу. Яны гэта добра ведаюць», — паўтарыў ён трэці раз падчас адной размовы.

Беларускія аглядальнікі, якія знаёмыя са стылем выступаў кіраўніка дзяржавы з 1994 года, выдатна ведаюць, што калі Лукашэнка тройчы ў адной размове запэўніць у нечым, то на справе ўсё будзе з дакладнасцю наадварот, бо раней такое ўжо было шмат разоў. Напрыклад, калі ён казаў, што беларускі рубель стабільны і дэвальвацыі не будзе, трэба было адразу бегчы ў банк і мяняць свае рублёвыя зберажэнні на долары. Бо ўжо на наступны дзень у краіне адбывалася раптоўная дэвальвацыя курсу рубля.

Разам з тым пасля першага дня візіту ў Маскву Лукашэнка выказаў і зусім іншую думку. Ён сказаў: «Калі Расія дамовіцца з ЗША, гэта будзе канец Еўропы і Украіны разам узятых».

Гэта карціна сітуацыі, даволі далёкая ад ягонай пазнейшай заявы, што Расія і Беларусь «знаходзяцца сёння на перадавой барацьбы за справядлівы светапарадак». Хіба што праявай гэтай справядлівасці для яго з'яўляецца канец Еўропы і Украіны. Калі ўсё выглядае так, то Лукашэнка на добрым шляху да рэалізацыі гэтай мадэлі.

Нядаўна ў Страсбургу лідар беларускай апазіцыі ў выгнанні Святлана Ціханоўская заявіла, што Беларусь стала не толькі палігонам, але і прамысловай пляцоўкай для расійскай ваеннай машыны. «Зброю для Расіі вырабляюць 287 беларускіх дзяржпрадпрыемстваў», — сказала яна тады.

Прадстаўнікі апазіцыйнай арганізацыі «БелПол», якая аб'ядноўвае былых міліцыянераў, што выступаюць цяпер супраць дыктатуры Лукашэнкі, заявілі, што, паводле іх інфармацыі, пік мілітарызацыі беларускай прамысловасці прыпадзе на 2027–2028 гады. Таму можа ўжо цяпер варта спытаць сябе: што плануюць Пуцін і яго падначалены з Мінска на 2029 год? Бо калі яны заяўляюць, што не плануюць, то, хутчэй за ўсё, атрымаецца як з той дэвальвацыяй, якой «дакладна не будзе».

З Беларусі для Польскага радыё Ян Кшыштаф Міхаляк