Гэта Мацей Мацяк – аўтамеханік, журналіст ды лакальны палітык звязаны раней з партыяй «Самаабарона» і Рухам Паўла Кукіза. У 2022-м годзе ён заснаваў Рух дабрабыту і міру, які і вылучыў яго кандыдатам у прэзідэнты, сабраўшы 100 тысяч подпісаў.
У Польшчы Мацей Мацяк вылучаўся на выбарах у 2006, 2018, 2023 і 2024-м гадах, беручы ўдзел у мясцовых выбарах дэпутатаў, мэра Улоцлаўка, выбарах у Сейм і ў Сената. Пакуль беспаспяхова. Вялікай папулярнасці Мацяк не здабыў, нягледзячы на тое, што з 2009 года кіруе мясцовым тэлеканалам CW 24tv, дзе вядзе перадачу пра палітыку «Мусіш гэта ведаць» і пра іншапланецян «Не паверыш».
Апошнім часам Мацей Мацяк стаў часта бываць госцем лукашэнкаўскага Міжнароднага радыё Беларусь, якое вяшчае на польскай мове. У размовах з журналістамі згаданага радыё лідар Руху за дабрабыт і мір крытыкуе польскі ўрад, Еўрапейскі Саюз ды хваліць Лукашэнку і Пуціна, адмаўляе факт расійскай агрэсіі, паўтарае расійскія наратывы пра «фашызм ды культ Гітлера» ва Украіне.
— Вялікая частка польскага грамадства інтэнсіўна апрацоўвалася ў бок усё большай дзікасці СМІ, дрэннымі палітыкамі ды капіталам, які гэта спансараваў.
— Я заўсёды казаў пра добрыя, сяброўскія, братнія адносіны з людзьмі, а не з дзікунамі з Усходу, які казалі некаторыя ў Польшчы, крычылі: Калмыкі!
—Нам – нармальным не заварожаным грамадзянам - перашкаджаюць нават збіраць подпісы за неабходную кандыдатуру, каб падчас кампаніі прагучаў голас разуму.
Падчас аднаго з інтэрв'ю вядоўца спытаў у Мацяка, што б ён сказаў прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ды Расіі Уладзіміру Пуціну. Вось, што той адказаў.
— Як паляк, я б сказаў: спадары, малайцы, працягвайце далей, вы робіце выдатную працу, шмат у чым вы аплот нармальнасці ў гэтым свеце, дзе пануе дрэнны капітал.
На дадзены момант Мацяк – найбольшы поспех лукашэнкаўскай прапаганды па перацягванні польскіх палітыкаў ці журналістаў. Хай гэта і малавядомы палітык, але ён змог зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты. Гэта яшчэ адно сведчанне паслядоўнай палітыкі лукашэнкаўскага рэжыму, які спрабуе інфармацыйна ўздзейнічаць на польскае грамадства. Апроч Мацяка сталымі каментатарамі ў матэрыялах лукашэнкаўскай прапаганды з’яўляюцца: палітолаг ды прадстаўнік Таварыства «Польшча-Усход» Аляксандр Яцек, і былы польскі суддзя, які шпіёніў для лукашэнкаўскіх спецслужб, а потым уцёк з краіны з-за пагрозы выкрыцця Томаш Шмідт. У Мінску яго прадстаўляюць як «дысідэнта» ды кіраўніка фонду «Польская правда».
Гэтай палітыкай лукашысты імкнуцца ўплываць на выбары ў суседняй краіне, каб у будучыні дамагчыся змену стаўлення Варшавы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, кажа палітолаг з Вольнага беларускага ўніверсітэту Аляксандр Лагвінец.
— Прапаганда не хоча, каб Польшча была ўплывовай у Еўрапейскім Саюзе, каб была лідарам у вызначэнні палітыкі адносна дэмакратычнай Беларусі. Прапаганда хоча, каб Польшча была больш падзеленай, была краінай, дзе дамінуюць сілы, якія рэлятывізуюць расійскую агрэсію, крытыкуюць установу ЕС, і сілы, якія крытыкуюць таксама Украіну.
У гэтым бачны механізм працы расійскіх прапагандыстаў, зазначае медыязнаўца Паўлюк Быкоўскі.
— Гэта набытак беларускай прапаганды пасля 2020-га года. Пасля страйку на дзяржаўных тэлеканалах, калі частка супрацоўнікаў адмаўлялася працаваць на рэжым, у Мінск прыехалі супрацаўнікі расійскіх прапагандысцкіх праграм, якія паказалі, як яны працуюць. Пасля гэтага ў беларускім эфіры з’явілася такая опцыя, каб спасылацца на незалежныя крыніцы, якія пацвярджаюць іх думку. Часцей за ўсё гэта людзі прыхільна настаўленыя да Расіі ды Лукашэнкі. Адзін з прыкладаў – польскі блогер пад назвай Пан Ніхт часта прысутнічае ў беларускім эфіры, дзе падаецца з рэгаліямі палітолага, аглядальніка.
Аднак гэтыя дзеянні не паспяховыя, лукашэнкаўскія СМІ ды псеўдаэкспертаў у Польшчы не глядзяць, не слухаюць да не ведаюць. Перакананы эксперт з Варшаўскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў Каміль Клысіньскі.
— Мне, як эксперту па Беларусі, добра вядомыя механізмы працы рэжыму. Яны імкнуцца ствараць падзелы, сеяць дэзінфармацыю ды хаос. У дадзеным выпадку, яны не маюць вялікага ўздзеяння на польскае грамадства, якое не ведае расійскую мову, каб разумець іх наратывы. Польскамоўная версія Белты ў Польшчы малавядомая. Гэта проста форма прадстаўлення свайму грамадству іх бачання рэальнасці.
Лукашэнкаўская прапаганда выкарыстоўвае прэзідэнцкія выбары ў Польшчы, каб хваліць рэжым Лукашэнкі ды пашыраць дэзінфармацыю ў Польшчы. Сярод кандыдатаў у прэзідэнты ў Польшчы з’явіўся малавядомы палітык, які не хавае сваёй сімпатыі да Лукашэнкі ды Пуціна, называючы дыктатарскія рэжымы «аазісамі нармальнасці». Польскія СМІ ўжо назвалі дадзенага кандыдата найбольш супярэчлівым падчас выбарчай кампаніі.
Юры Ліхтаровіч