Святкаванні адбыліся ў ЗША, Германіі, Польшчы. Буйная акцыя прайшлі ў Варшаве, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Сёлета акцыя было не так шматлюдная, як у мінулыя гады. Чаму змяншаецца актыўнасць беларусаў за мяжой, пра гэта мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.
23 сакавіка ў Варшаве прайшлі святочныя мерапрыемствы з нагоды 107-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларусы як ў папярэднія гады прайшлі маршам вуліцамі польскай сталіцы пад вялізным бела-чырвона-белым сцягам. Апроч маршу былі таксама выступы палітыкаў, грамадскіх актывістаў ды музыкаў. Аднак сёлетняя варшаўская акцыя не была настолькі шматлюднай, як у папярэднія гады. З чым гэта можа быць звязанае: людзі стаміліся, фармат акцыі вычарпаў сябе, ці адрэагавалі на пагрозы з Мінску, адкуль гучалі пагрозы ў адрас удзельнікаў з боку сілавікоў рэжыму. Пра гэта размова з палітолагам Паўлам Усавым.
— Гэтыя акцыі ў першую чаргу выклікаюць раздражненне ў Мінску, сярод лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, якія вельмі нэрвова рэагуюць на актыўнасць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Гэтая актыўнасць перастае быць масавай, але не знікае. Прыклад – акцыі падчас нацыянальных святаў ды ангажаванасць людзей падчас апошняй выбарчай кампаніі. Адбываецца працэс кансалідацыі беларусаў за мяжой. Лукашысты імкнуцца гэтаму перашкодзіць праз рэпрэсіі ў дачыненні да сваякоў людзей, якія знаходзяцца за мяжой. Нават даходзіць да канфіскацыі маёмасці эмігрантаў. Рэпрэсіі перакідваюцца за мяжу ў дачыненні не толькі да палітычнага актыву, але і звычайных удзельнікаў акцыі. Лукашэнка не можа супакоіцца з-за таго, што антырэжымная актыўнасць за мяжой застаецца даволі высокай. Больш за тое гэта перашкаджае яго планам па ўзнаўленні адносін з Захадам. Лукашэнка не мае часу чакаць, каб актыўнасць людзей натуральным чынам змалела. Яму патрэбна ў бліжэйшыя часы пашыраць дыялог з Захадам, чаму перашкаджае апазіцыі ды актыўная дыяспара.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч