Урад Польшчы прыпыніў права звяртацца па прытулак, пастанова ўступіла ў сілу з 27 сакавіка і будзе дзейнічаць 60 дзён, пазней можа быць працягнутая. Паводле дакумента, з 27 сакавіка 2025 года ўводзіцца «часовае абмежаванне права на падачу хадайніцтва аб міжнароднай абароне на дзяржаўнай мяжы з Беларуссю». Гэтая пастанова была прынятая на запыт міністра ўнутраных спраў Польшчы.
Улады Польшчы бачаць гэта як інструмент для «барацьбы з нелегальнай міграцыяй, якая з'яўляецца элементам гібрыднай агрэсіі супраць Польшчы, а таксама для спынення міжнароднай злачыннасці».
Як гэта новаўвядзенне закране грамадзян Беларусі, расказвае кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі Цэнтра Беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская:
— Абмежаванне падачы заявак на міжнародную абарону часовае — на 60 дзён. Яно тычыцца ўсёй мяжы паміж Польшчай і Беларуссю. На працягу дзеяння палажэння не будзе магчымасці падаваць заяўкі аб міжнароднай абароне на гэтай частцы мяжы.
Але ёсць выключэнні: калі на мяжы з’яўляецца непаўналетняя асоба без апекі, цяжарная жанчына, асоба, якая мае патрэбу ў асаблівым стаўленні, найперш з-за ўзросту або стану здароўя, таксама асоба, у дачыненні да якой ёсць акалічнасці, якія на думку супрацоўнікаў Памежнай службы адназначна сведчаць, што ёсць сур’ёзныя пагрозы шкоды ў краіне, з якой такая асоба прыехала.
Кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі Цэнтра Беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская
І пяты пункт тычыцца грамадзян дзяржавы, якая выкарыстоўвае міграцыю ў сваіх палітычных мэтах, з тэрыторыі якой прыбываюць замежнікі.
То бок размова ідзе пра грамадзян Беларусі і заявы ад іх будуць прымацца нават на частцы мяжы, дзе ўведзеныя абмежаванні. Беларусы могуць не баяцца. Больш за тое, пастанова не тычыцца іншай тэрыторыі Польшчы. Гэта значыць, што падаваць заявы аб міжнароднай абароне можна ў любой пляцоўцы Памежнай службы, дзе гэта прадугледжана (напрыклад, у Варшаве гэта можа быць Упраўленне па справах замежнікаў — Urząd do Spraw Cudzoziemców, ul. Taborowa 33, — рэд.).
Выключэннем будзе выпадак, калі наконт абароны звяртаецца чалавек, да якога раней падчас спроб пераходу мяжы былі вымушаныя прымяніць спецсродкі, зброю.
Так гэта гучыць у дакуменце:
Орган Памежнай аховы прымае заяву аб прадастаўленні міжнароднай абароны на ўчастку мяжы, на якім ужываецца абмежаванне права на падачу такой заявы, ад замежніка, які з'яўляецца:
- непаўналетнім без апекі;
- цяжарнай жанчынай;
- асобай, якая можа патрабаваць асаблівага стаўлення, у прыватнасці з-за свайго ўзросту або стану здароўя;
- асобай, у адносінах да якой існуюць абставіны, якія, паводле ацэнкі органа Памежнай аховы, адназначна сведчаць пра тое, што яна знаходзіцца пад рэальнай пагрозай сур'ёзнай шкоды ў дзяржаве, з якой непасрэдна прыбыла на тэрыторыю Рэспублікі Польшча;
- грамадзянінам дзяржавы, якая выкарыстоўвае інструменталізацыю, з тэрыторыі якой замежнікі прыбываюць на тэрыторыю Рэспублікі Польшча.
«Гэта працяглая праблема»
Юрыстка пацвердзіла, што калі грамадзянін Беларусі, напрыклад, заявіць супрацоўнікам Памежнай службы, што просіць прытулак у Польшчы на памежным пераходзе «Варшаўскі мост — Тэрэспаль», то польскія памежнікі павінны задаволіць такую просьбу.
Таксама Вольга Дабравольская паведаміла, што дадзеныя, якія яна атрымлівае ад Упраўлення па справах іншаземцаў паказваюць, што колькасць запытаў аб наданні міжнароднай абароны не змяншаецца.
— Мы бачым вялікую колькасць заяў, перадусім гэта тычыцца беларусаў, у якіх заканчваецца так званы гуманітарны від на жыхарства, які быў выдадзены на падставе гуманітарнай візы. Гэта таксама людзі, якія маюць асцярогі наконт сваёй бяспекі, калі б яны вярнуліся ў Беларусь. А таксама гэта людзі, якія ўжо адбылі тэрміны пазбаўлення волі ў беларускіх турмах паводле палітычнага пераследу — яны выязджаюць з Беларусі і падаюць заявы на міжнародную абарону. Гэтая лічба расце і, думаю, будзе расці далей. Гэта працяглая праблема, — гаворыць Вольга Дабравольская.
Больш за тое, цяпер беларусы едуць у Польшчу не толькі з Беларусі, але і з іншых краін, у тым ліку краін Еўрасаюза. Бо менавіта Польшча дае магчымасці легалізавацца і мець дакументы ва ўмовах, калі людзі не могуць паехаць у Беларусь і замяніць пашпарт, тэрмін якога заканчваецца.
— Мы назіраем гэты рух не толькі з Грузіі, але і з Літвы, іншых краін Еўрасаюза. Канешне, найперш перад людзьмі стаіць пытанне доўгачасовай легалізацыі. Не ва ўсіх краінах Еўрасаюза вырашана пытанне дакументаў падарожных, калі чалавек не мае дзейнага пашпарта. І Польшча цяпер краіна ЕС, якая працягвае выдаваць грамадзянам Беларусі і міжнародную абарону, і Жэнеўскі ці нацыянальны праязны дакумент, — падкрэслівае юрыстка.
Праваабаронцы не падтрымліваюць забарону
Варта адзначыць, што супраць палажэнняў, якія прадугледжваюць магчымасць увядзення часовага тэрытарыяльнага абмежавання права на прытулак, выступілі грамадскія арганізацыі, якія займаюцца аказаннем дапамогі бежанцам. На думку праваабарончых арганізацый, новыя палажэнні не адпавядаюць Канстытуцыі Рэспублікі Польшча, у прыватнасці арт. 56 раздзел 2, які гарантуе замежнікам магчымасць хадайнічаць аб статусе бежанца, а таксама міжнародным абавязацельствам, такім як Канвенцыя 1951 г. аб статусе бежанцаў.
— І маё асабістае меркаванне як праваабаронцы, і меркаванне Цэнтра Беларускай салідарнасці, гэты закон не адпавядае ні Канстытуцыі, ні міжнародным нормам. І прыпыненне права на прытулак абсалютна недапушчальнае, гэта можна было б параўнаць з абмежаваннем свабоды слова ці права на справядлівы суд, — кажа Вольга Дабравольская.
Элемент палітычнай кампаніі
Прыпыненне права падаваць хадайніцтвы наконт прытулку з'яўляецца элементам выбарчай кампаніі, так мяркуе Анджэй Бабіньскі з парталу Polityka Insight. У эфіры Польскага радыё 24 ён адзначыў, што гэты крок мусіць паказаць грамадству, што ўрад і, адпаведна, кандыдат ад Грамадзянскай кааліцыі рашуча настроеныя абараняць межы Польшчы. Гэта таксама спосаб вырваць аргументы з рук кансерватыўных кандыдатаў.
— І гэтая раптоўнасць не з’яўляецца добрым дарадцам. Нам патрэбная спакойная, разумная размова на гэтую тэму. Што мы плануем рабіць, як плануем вырашыць гэтыя справы. І такія палітычныя рухі павінны быць элементам размовы, але не яе сутнасцю, — кажа Анджэй Бабіньскі.
Еўрапейская камісія знаходзіцца ў кантакце з польскімі ўладамі для ацэнкі палажэнняў, якія прыпыняюць права на падачу просьбаў аб прадастаўленні прытулку, і будзе працягваць перамовы таксама аб іх выкананні, заявіў прэс-сакратар Еўракамісіі Маркус Ламерт.
Прадстаўнік ЕК падкрэсліў, што ў дачыненні да Польшчы «цяперашні кантэкст мае вырашальнае значэнне».
«Існуюць гібрыдныя пагрозы, якія вынікаюць з выкарыстання Расіяй міграцыі як зброі пры падтрымцы Беларусі. Гэта пагражае суверэнітэту, нацыянальнай бяспецы і тэрытарыяльнай цэласнасці Польшчы, а таксама Саюзу ў цэлым», — сказаў прэс-сакратар Еўракамісіі Маркус Ламерт.
вх