У бліжэйшыя гады Францыя выдзеліць 2 млрд еўра, Швецыя — 1,5 млрд еўра, Германія — 12 млрд еўра, паведаміла кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Кая Калас. Яна таксама палічыла рэальным паставіць ва Украіну два мільёны артылерыйскіх снарадаў на працягу года.
Кая Калас у чацвер узначаліла нефармальную сустрэчу міністраў абароны ЕС ў Варшаве. Сустаршынёй стаў Уладзіслаў Касіняк-Камыш, віцэ-прэм'ер і кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны.
Паводле Калас, цягам года рэальна перадаць 2 мільёны артылерыйскіх снарадаў Украіне. Раней яна заяўляла, што краіны ЕС ужо здольныя перадаць больш за 50 працэнтаў ад неабходных Украіне боепрыпасаў. Паводле слоў палітыка, ёсць «розныя прапановы», розныя краіны заяўляюць аб сваім унёску ў гэтую ініцыятыву.
Яна таксама прызнала, што некаторыя краіны маюць агаворкі да ўдзелу ў гэтым механізме, але галоўнае, каб Украіна атрымала неабходную дапамогу.
Калас падкрэсліла, чым мацнейшая Украіна на полі бою, тым мацнейшая яна будзе падчас мірных перамоваў. Вярхоўны прадстаўнік таксама спаслалася на прадстаўленую Еўрапейскай камісіяй у сярэдзіне сакавіка «белую кнігу» аб умацаванні еўрапейскай абароны, якая ўключае, сярод іншага, прапанову аб нізкіх працэнтных крэдытах для краін ЕС на развіццё абароннага патэнцыялу.
Мэты, пастаўленыя ў «белай кнізе», павінны быць дасягнуты да 2030 года, але «гэта занадта далёкая дата» і «трэба дзейнічаць хутчэй». Калас таксама выказала меркаванне, што сярод дзяржаў-членаў ёсць «шмат волі» для больш хуткай рэалізацыі прадстаўленых прапаноў.
— Відавочна, мы знаходзімся ў складанай сітуацыі з бяспекай і што нам трэба выдаткоўваць больш грошай на абарону. Але я б акцэнтавала ўвагу не толькі на колькасці, а на здольнасцях, магчымасцях. І таму сёння мы гаворым пра тое, што рабіць разам для бяспекі, адсюль і выданне «Белай кнігі». Безумоўна, застаецца пытанне рэалізацыі яе палажэнняў, — сказала шэф дыпламатыі Еўрасаюза Кая Калас.
У сувязі са старшынствам Польшчы ў Радзе Еўрасаюза ў краіне праходзяць нефармальныя сустрэчы міністраў ЕС у розных фарматах. Аднак падчас іх не прымаюцца абавязковыя для выканання рашэнні.
Віцэ-прэм’ер і кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш пракаментаваў словы амерыканскага палітыка, дзяржсакратара ЗША Марка Рубіё пра большыя выдаткі на абарону ў краінах НАТА. Міністр прызнаў, што ў НАТА ёсць краіны, якія не дасягаюць абавязковай столі ў 2 працэнты ВУП на абаронныя мэты.
— Сярод нас не знойдзеце праціўнікаў падвышэння выдаткаў да 5-7 працэнтаў. Калі гаварыць пар Польшчу, то яна плануе сёлета выдаць 4,7 працэнты ад ВУП, і гэта найбольшы працэнт сярод еўрапейскіх дзяржаў. Мы будзем гэтага трымацца — 5 працэнтаў, відавочна, мэта да якой мы прыйдзен у наступным годзе, — запэўніў міністр абароны Польшчы.
Марка Рубіё таксама заявіў, што ЗША заўсёды будуць падтрымліваць НАТА і будуць членам Альянсу.
Кая Калас у сваю чаргу спаслалася на Рубіё і запэўніла, што Амерыка не пойдзе на саступкі, што тычыцца Украіны:
«Было падкрэслена, што нічога ва Украіне не адбудзецца без Украіны, і Украіна і Еўропа павінны дамаўляцца пра ўсё, пра што будуць ісці перамовы, таму што ўсё гэта адбываецца ў Еўропе. Рубіё нас у гэтым запэўніў».
Віцэ-прэм’ер, кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш і віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Кая Калас падчас нефармальнай сустрэчы міністраў абароны ў Варшаве. PAP/Paweł Supernak
Міністр Касіняк-Камыш запэўніў у працягу дапамогі Украіне, напрыклад, ваеннай місіі (EUMAM), якая прадугледжвае навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў у краінах ЕС. «Гэтыя ініцыятывы (...) будуць працягвацца, пакуль будзе такая неабходнасць, пакуль Украіне патрабуецца наша падтрымка — гэта дэкларацыя практычна ўсіх краін, за нязначным выключэннем», — сказаў ён.
Ён таксама анансаваў, між іншым, пашырэнне еўрапейскай абароннай прамысловасці ў супрацоўніцтве з украінскімі кампаніямі. «Мы будзем нарошчваць абараназдольнасць, будзем навучаць салдат, будзем развіваць нашу зброевую прамысловасць у кансультацыях і супрацоўніцтве, напрыклад, у сумесных ініцыятывах з украінскай прамысловасцю», — сказаў ён.
Міністр падкрэсліў, што пра замену НАТА альянсам Еўрасаюза размова не ідзе, бо інвестыцыі ў абаронную прамысловасьць ЕС закліканыя дапаўняць і ўмацоўваць НАТА. Ён таксама падкрэсліў, што палажэнні «белай кнігі» ЕС ніякім чынам не ўяўляюць пагрозы для нацыянальных дзяржаў і цяпер неабходная іх рэалізацыя як мага хутчэй.
«Белая кніга» ўдакладняе план узбраення Еўропы, прадстаўлены прэзідэнтам Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен. У тым ліку праз так званы інструмент SAFE, гэта значыць 150 мільярдаў еўра крэдытаў на праекты ўзбраення, паслабленне бюджэтнай дысцыпліны краін-членаў у галіне выдаткаў на абарону і магчымасць пералічэння сродкаў у рамках бюджэту ЕС.
Палажэнні плануецца ўвесці ў дзеянне да 2030 года, але ёсць агульнае меркаванне, што гэты тэрмін занадта позні. «Нам трэба рухацца наперад хутчэй. Такога меркавання прытрымліваюцца і міністры», — падкрэсліла Кая Калас у Варшаве.
Кіраўніца дыпламатыі ЕС таксама закранула пытанне частковага спынення агню паміж Расіяй і Украінай і працы над поўным спыненнем агню. На яе думку, нягледзячы на гатоўнасць Кіева дамаўляцца, Масква ўжо некалькі тыдняў блакуе дзеянні, накіраваныя на спыненне канфлікту.
Планы Белага дома і абяцанні Дональда Трампа аб спыненні агню ва Украіне да Вялікадня (20 красавіка) выглядаюць усё менш верагоднымі.
Паводле РАР/IAR/вх