Беларуская Служба

86 гадоў таму быў падпісаны злавесны Пакт Рыбентропа – Молатава (ФОТА/ВІДЭА)

23.08.2025 06:03
Падчас банкету Сталін пасадзіў нацыста Рыбентропа за сталом побач з Кагановічам – адзіным яўрэем у савецкім кіраўніцтве.
Аўдыё
  • 86 гадоў таму быў падпісаны Пакт Рыбентропа – Молатава
   - .    ,     ,  -  . , 23  1939
Падпісанне Пакту Рыбентропа - Молатава. Дакумент падпісвае Вячаслаў Молатаў, у цэнтры стаіць Іосіф Сталін, злева - Ёахім Рыбентроп. Масква, 23 жніўня 1939 года Крыніца: PAP/DPA

86 гадоў таму быў падпісаны Дагавор аб ненападзенні паміж Савецкім Саюзам і Трэцім Рэйхам. У гісторыі ён больш вядомы як Пакт Рыбентропа – Молатава. Да дагавора быў прыкладзены сакрэтны дадатковы пратакол, які размежаваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і нацысцкай Германіі ва Усходняй Еўропе. Гэты злавесны дакумент стаў асновай падзелу нашай часткі Еўропы ў перыяд Другой сусветнай вайны.

У гістарыяграфіі Дагавор аб ненападзенні паміж Савецкім Саюзам і Трэцім Рэйхам больш вядомы як Пакт Рыбентропа – Молатава ад прозвішчаў кіраўнікоў МЗС абедзвюх краін.

Рыхтуючыся да вайны з Польшчай, кіраўніцтва нацысцкай Германіі прапанавала савецкаму ўраду заключыць пакт аб ненападзенні і згадзілася прыняць савецкую прапанову пра размежаванне сфер інтарэсаў абедзвюх дзяржаў. Перагаворы з міністрам замежных спраў Трэцяга Рэйху Ёахімам Рыбентропам вялі непасрэдна Іосіф Сталін і Вячаслаў Молатаў.

Ёахім Рыбентроп у аэрапорце ў Маскве. На будынку - нямецкі сцяг са свастыкай. Крыніца: commons.wikimedia.org/Biblioteka Cyfrowa Uniwersytetu Łódzkiego/грамадскі набытак
Ёахім Рыбентроп у аэрапорце ў Маскве. На будынку - нямецкі сцяг са свастыкай. Крыніца: commons.wikimedia.org/Biblioteka Cyfrowa Uniwersytetu Łódzkiego/грамадскі набытак

Дамова прадугледжвала, што СССР і Германія абавязуюцца ўстрымлівацца ад выкарыстання сілы і агрэсіўных дзеянняў у адносінах адзін да аднаго як асобна, так і ў хаўрусах з іншымі дзяржавамі. Да дагавора быў прыкладзены сакрэтны дадатковы пратакол. Расказвае прафесар гістарычных навук Павал Вечаркевіч (архіўны запіс Польскага радыё).

- Калі запытацца, хто адказны за пачатак Другой сусветнай вайны 1 верасня, то адказ адназначны – Іосіф Сталін. Гітлер не асабліва хацеў гэтай вайны, Сталін – так. Гітлер ненавідзеў камуністаў, аднак, нягледзячы на гэта, паслаў Рыбентропа ў Маскву. Яго там прынялі як цара! Хоць быў пэўны сарказм з боку Сталіна: ён пасадзіў Рыбентропа побач з Лазарам Кагановічам, адзіным яўрэем у савецкім кіраўніцтве. Таму Рыбентропу прыходзілася піць тосты з Кагановічам, што было не вельмі прыемна з для нацысцкага міністра замежных спраў.

Перамовы былі вельмі кароткія. Абедзве дзяржавы падпісалі пакт аб неагрэсіі. Парадокс заключаецца ў тым, што гэтыя краіны не мелі супольнай мяжы. Такім чынам, гэты дакумент быў прэлюдыяй да ўстанаўлення будучай савецка-нямецкай мяжы. А гэтая мяжа магла праходзіць толькі на польскіх землях. Паводле сакрэтнага пратаколу, Балтыя, Фінляндыя, Бесарабія і частка Польшчы траплялі ў савецкую зону ўплыву. Тады ж здарылася ўцечка інфармацыі з нямецкага пасольства ў Маскве, магчыма, кантраляваная. Аб пратаколе даведалася Вялікабрытанія і Францыя.

Лондан і Парыж ведалі, што Сталін нападзе на Польшчу, і ведалі, што ў Польшчы не будзе ніякіх шанцаў на абарону на два франты. Але Варшаву пра гэта не паінфармавалі. І польская армія рыхтавалася да абароны толькі на адным фронце – заходнім. Дарэчы, палітыкі ў Еўропе не верылі ў саюз нацыстаў і камуністаў, аднак, як аказалася, саюз паўстаў на базе аднаго інтарэсу, якім было знішчэнне Польшчы.Лінія падзелу інтарэсаў Германіі і СССР на тэрыторыі Польшчы. Крыніца: commons.wikimedia.org/Mathiasrex/грамадскі набытак
Лінія падзелу інтарэсаў Германіі і СССР на тэрыторыі Польшчы. Крыніца: commons.wikimedia.org/Mathiasrex/грамадскі набытак

Сакрэтны дадатковы пратакол размежаваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і нацысцкай Германіі ва Усходняй Еўропе.

Так, у адпаведнасці з першым пунктам пратаколу бакі дамовіліся, што ў выпадку тэрытарыяльна-палітычных змен у Балтыі (Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва), паўночная мяжа Літвы стане мяжой сфер інтарэсаў СССР і Германіі. Абодва бакі прызнавалі інтарэсы Літвы адносна Віленшчыны, якая тады ўваходзіла ў склад Польшчы.

У другім пункце адзначалася, што ў Польшчы мяжа сфер інтарэсаў Масквы і Берліна будзе прыблізна праходзіць па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан.

У трэцім пункце Германія прызнавала інтарэс Крамля да Бесарабіі, якая з 1918 года знаходзілася ў складзе Румыніі.

Пратакол ад 23 жніўня 1939 года і іншыя сакрэтныя пратаколы, падпісаныя СССР і Германіяй у 1939-41 гадах, парушалі суверэнітэт трэціх краін, лёс якіх вырашаўся без іх удзелу. Дакументы былі выкарыстаныя Сталіным і яго акружэннем для ўльтыматумаў ды сілавога ціску на іншыя дзяржавы.

Дамоўленасць паміж СССР і Германіяй была часовым кампрамісам і страціла сілу пасля нападзення Гітлера на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу