Большасць расіян хацелі б завяршэння вайны, аднак, сёлета Крэмль на гэта не пойдзе, перакананы эксперт.
Расійскія прапагандысты не перастаюць паўтараць, што «рускі арганізм генетычна настроены на бульбу, моркву, вайну, а не нейкія там бананы ці манга». Разам з тым значная большасць расіян (каля 60%) падтрымлівае сцэнар неадкладнага спынення агню без папярэдніх умоў з наступнымі перамовамі. Пра гэта сведчаць сацыялагічныя апытанні, праведзеныя летам праектам Russian Field і «Левада-цэнтрам».
Так з дадзеных «Левада-цэнтра» вынікае, што з пачатку 2025 года каля 60% рэспандэнтаў выступае за мірныя перамовы, а каля 30% - за працяг ваенных дзеянняў. 50 працэнтаў рэспандэнтаў з апытання Russian Field лічаць, што зараз трэба не працягваць ваенныя дзеянні, а пераходзіць да мірных перамоў, а каля 40% лічаць, што трэба працягваць ваенныя дзеянні. Больш за тое, толькі 24% апытаных вераць у поспех «ваеннай аперацыі».
Ці гэтыя грамадскія настроі могуць паўплываць на пазіцыю Крамля, які не хоча спыняць агрэсіі супраць Украіны? Пра гэта мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.
— У гэтай вайны будзе канец, як у любой іншай, але застаецца пытанне: як доўга яна будзе доўжыцца і ў якім фармаце завершыцца? Напрыклад, савецкая інтэрвенцыя ў Афганістане доўжылася 10 год і скончылася калапсам Савецкага Саюза. Сённяшняя расійская агрэсія ўжо прынесла вялікія страты і для Расіі. Больш за мільён санітарных страт, тады як у Афганістане Савецкі Саюза страціў каля 20 тысяч чалавек. Для Расіі будуць сур'ёзныя сацыяльныя наступствы, у тым ліку і вычарпанасць мабілізацыйнага патэнцыялу. Савецкі вывад войск з Афганістану выглядаў як параза СССР. Цяпер Масква найбольш баіцца такой «афганскай» формулы завяршэння вайны. Менавіта таму Крэмль дамагаецца прызнання за ім тэрыторый, каб выглядаць як пераможца. Гэта можна назваць другой «ялцінскай» формулай завяршэння вайны з падзелам на сферы ўплыву. У рамках гэтых двух формул і будзе адбывацца завяршэння вайны ва Украіне. У гэтым годзе вайна дакладна не скончыцца, калі толькі не адбудзецца нейкая глабальная змена, як смерць Пуціна, напрыклад.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле